Калекцыянерка з Ліды сабрала больш за тры тысячы ёлачных цацак

Аўторак, Студзень 8, 2019 0

У калекцыі Марыны Яцко — савецкія ракеты, героі казкі “Руслан і Людміла”, цацка з партрэтамі Леніна і Сталіна і ўнікальная гірлянда, якая працуе з 60-х гадоў.

Разглядаць савецкія цацкі — гэта як заглыбіцца ў мінулае, асабліва для тых, хто памятае шкляныя шары і алюміневыя агуркі на ёлцы і яшчэ, як сам з’ядаў па начах павешаныя цукеркі, акуратна загортваючы потым пусты фанцік.

Марына Яцко жыве ў Лідзе і працуе на самай звычайнай працы — страхавым агентам. А вось хобі ў яе не самае звычайнае: яна калекцыянуе цацкі часоў Савецкага Саюза. Захапілася пяць гадоў назад, калі вырашыла ўпрыгожыць ёлку нечым арыгінальным:

— Убачыла ў інтэрнэце аб’яву пра продаж шкляных ружовых шароў. Хацела купіць адзін, а вярнулася дахаты з цэлай скрынкай, — распавядае лідзянка.

Марына села вывучаць, што яшчэ цікавенькага прадаюць на барахолках… і адкрыла для сябе новы свет. Многія цацкі даводзілася шукаць не на форумах, а ў вёсках. Адзін з рэдкіх набораў упрыгожванняў для ёлкі аддала бабуля мужа:

— У 1958 годзе яна купіла гэты набор, і потым не завешвала вокны — усе хадзілі і глядзелі на яе ёлку, — усміхаецца Марына.

Каб зразумець, чаму калекцыянеры вядуць паляванне за кожным асобнікам цацак з СССР, паспрабуйце ўспомніць, як вы пазбавіліся ад іх у дзяцінстве. Далікатныя ўпрыгожванні патрабуюць асцярожнага догляду: на многіх размалёўка змываецца нават вадой. Захоўваць іх трэба без трымальнікаў-вусікаў: яны шкодзяць шкло знутры.

Марына распавядае, што некаторыя цацкі з часам парэпаліся ці страцілі фарбу:

— Але рука не паднімаецца падфарбаваць ці заляпіць, баюся, зраблю горш, — кажа яна.

Цяпер яе калекцыя налічвае больш за тры тысячы цацак. Захоўваюцца гэтыя скарбы ў адмысловых цяжкіх скрынях тых жа часоў, асцярожна рассартаваныя па тэмах: садавіна і гародніна, жывёлы, казкі…

 

Дапамагаюць у нялёгкай справе дзве энцыклапедыі цацак — у іх апісаны ўсе калекцыі, які выходзілі,  і прыкладныя цэны на іх. Дастаць такую кнігу таксама нялёгка: кожную выпускалі ўсяго тысячай асобнікаў.

Хвілін праз дваццаць гутаркі пачынаю заўважаць у самых нечаканых месцах пары вачэй. Аказваецца, Дзяды Ма-розы так трывала мімікравалі пад светлы пакой, што іх проста амаль нерэальна знайсці. Коль-кі іх у кватэры, складана сказаць нават самой гаспадыні:

— Дзядуляў у мяне шмат, а вось са Снягуркамі заўсёды праблема. Унучку Дзеду Марозу прыдумалі толькі ў 1930-х, каб дзеці яго не баяліся, і выпускалі невялікімі партыямі, таму цяпер яны каштуюць нямала — па 200-300 рублёў і даражэй. У мяне ёсць адна Снягурка 1938 года. А гэты Дзед Мароз з рогам багацця — мой любімы! — калекцыянерка аб-дымае любімую цацку, як дзіця.

wx1080-3-550x366wx1080-16-550x366

Зацвердзіць дызайн цацкі ў часы СССР было вельмі складана:

— Каб цацка выйшла ў свет, на фабрыцы збіраўся кансіліум, які абмяркоўваў эскізы мастака. Кожная цацка павінна была несці ідэалагічную нагрузку, патрыятычна выхоўваць дзяцей. Мода таксама ўплывала на дызайн: Сталіну падабаўся фільм «Цырк» — выйшла цыркавая серыя, прыйшоў да ўлады Хрушчоў — з’явіліся катахі кукурузы. Пасля палёту ў космас выйшла серыя са спадарожнікамі і касманаўтамі… Выходзіла і абаронная серыя з танкаў, самалётаў і нават паравозаў з надпісам «Сталін”, — распавядае Марына.

цацкікwx1080-10-550x366

Самая дарагая цацка ў яе калекцыі — як раз блазан Вя-ткін з цыркавой серыі, у камплекце з якім ідзе сабачка Манюня. У адрозненне ад блазна, цэны на якога стартуюць ад 250 рублёў, Манюні выпусцілі куды больш, таму і каштуе сабачка ў 10 разоў танней.

Марына дастае скрынкі з асцярожна спакаванымі наборамі цацак і з бляскам у вачах распавядае пра кожную: вось Руслан і Людміла, вось Машанька і мачаха з «Марозка», а вось — адвакат Гарох і сабака Трымай-Хапай з «Чыпаліна»…

А вось самі ёлкі былі наогул забаронены да 1937 года, пакуль улада не распавяла народу, што гэта свята шчаслівага дзяцінства, пра якое клапоціцца асабіста таварыш Сталін. Так ёлкі і апынуліся ў хатах. А мініялінкі з маленькімі цацкамі пачалі выпускаць у 1960-я гады, калі многія жылі ў маленькіх камунальных кватэрах.

«Камсамольская праўда»,

lida.info.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *