Навіны Германіі. Германія патрабуе ў Расіі вярнуць культурныя каштоўнасці. Якая пазіцыя Беларусі па сваёй спадчыне?

Серада, Студзень 2, 2019 0

Германія зноў заклікала Расію вярнуць культурныя каштоўнасці, вывезеныя з нямецкай тэрыторыі пасля Другой сусветнай вайны. Пра гэта расійскай газеце “Вести” заявілі ў нямецкім пасольстве ў Маскве, спаслаўшыся на бюро ўпаўнаважанага па пытаннях культуры ва ўрадзе ФРГ Монікі Грутэрс. Пры гэтым у дыпмісіі адзначылі, што Берлін, у сваю чаргу, гатовы працягваць перамовы па вяртанні расійскай спадчыны, размешчанай на тэрыторыі Германіі.

Нямецкі бок называе культурныя каштоўнасці, вывезеныя падчас вайны з тэрыторыі Трэцяга Рэйха, трафейнымі, расійскі — перамешчанымі. Самыя знакамітыя з іх — знаходкі Генрыха Шлімана і Эберсвальдскі скарб, а таксама тысячы ўнікальных залатых прадметаў і ўпрыгожванняў, якія адносяцца да IX стагоддзя да н.э.

Як заявілі “Вестям” у Бюро ўпаўнаважанага па пы-таннях культуры і СМІ Германіі, “культурныя аб’екты, якія ўвасабляюць выбітныя дасягненні нацыі і складнік яе гісторыі і самабытнасці, не павінны выкарыстоўвацца ў якасці кампенсацыі за ваенныя страты”.

Па меркаванні нямецкага боку, гэтая пазіцыя пац-вярджаецца міжнароднымі дамовамі, у прыватнасці Гаагскімі правіламі вядзення вайны ад 1907 года. Акрамя таго, у 2017-м годзе былі зарэгіст-раваны чатыры выпадкі, калі расійскія прадметы мастацтва добраахвотна вярталіся з Германіі (у тым ліку гаворка ідзе пра карціны, вывезеныя ў 1944 годзе з Гатчынскага палаца).

У каментары “Вестям” спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі Міхась Швыдкой заявіў, што пакуль з Берлінам няма палітычнага дыялогу, казаць пра абмен трафейнымі каштоўнасцямі не мае сэнсу.

Таксама ён нагадаў, што ў Расіі дзейнічае закон ад 1998 гада “Пра каштоўнасці, перамешчаныя ў РФ у выніку Другой сусветнай вайны і яе наступстваў”.

Паводле дакумента, пераважная большасць гэтых прадметаў мастацтва зараз лі-чацца культурнай спадчынай Расіі і не можа быць вывезена ці перададзена іншым краінам.

 

Якая пазіцыя Беларусі ў гэтым пытанні? Па інфармацыі “Камерсанта”, беларускі бок яшчэ ў 1990-я гады прадпрымаў спробы вярнуць у Беларусь некалькі слуцкіх паясоў. Тым больш, што ў Маскве толькі ў Дзяржаўным гістарычным музеі захоўваюцца 80 цэлых паясоў і 60 фрагментаў. Гэтыя спробы завяршыліся безвынікова.

Афіцыйную пазіцыю Масквы ў 2009 годзе сфармуляваў тагачасны міністр культуры Аляксандр Аўдзееў.

— Расійскі бок гатовы надаць Беларусі права экспанаваць без абмежаванняў слуцкія папясы са сваіх музеяў, — запэўніў ён падчас візіту ў Нацыянальны мастацкі музей.

Але пра вяртанне гаворкі не ідзе:

— Не варта адчыняць скрыню Пандоры, інакш будуць сустрэчныя просьбы.

У адрозненне ад Германіі, пазіцыя Беларусі ў гэтым пытанні меней катэгарычная. Пры Савеце міністраў працуе камісія па вяртанні культурных каштоўнасцяў. У студзені 2017 года яна была створана зноў (папярэдні склад камісіі працаваў з 2012 года).

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які працаваў у камісіі абодвух складаў, распавядаў TUT.BY, што ў 2016-м ён і яго калегі завяршылі працу па стварэнні базы дадзеных па культурных каштоўнасцях. У ёй прадстаўлены больш за тысячу пазіцый.

— Там ёсць індывідуальныя пазіцыі — як крыж Ефрасінні Полацкай ці Полацкае Евангелле. А ёсць комплексныя — напрыклад, бібліятэка Радзівілаў, у якой захоўваліся дзясяткі тысяч дакументаў, — тлумачыў Алесь Суша.

Частка базы дадзеных выкладзена на адмысловым інтэрнэт-партале.

— Будзем рэалістамі: вярнуць нешта з дзяржаўных збораў замежных краін амаль нерэальна, — казаў Алесь Суша. — Напрыклад, у свеце захавалася каля 520 кніг Францішка Скарыны (пераважная большасць у Расіі). Натуральна, нам бы вельмі хацелася іх вярнуць. Але амаль ніякай магчымасці няма. Або на працягу цэлых дзесяцігоддзяў мы вядзём перамовы пра вяртанне з Кіева бібліятэкі Храптовічаў. Перамовы пачаліся яшчэ ў 1920-х гадах і цягнуцца дагэтуль. Але захавальнікам з’яўляецца Нацыянальная бібліятэка Украіны імя У.І. Вяр-надскага. Як дзяржаўная структура, яна пярэчыць перадачы, хаця на тое ёсць юрыдычныя падставы.

Дзяніс Марціновіч,

TUT.BY.

Фота: Аляксандра

Васюковіча, TUT.BY.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *