Падведзены вынікі ІІІ Лідскага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя — дзецям”

Серада, Студзень 2, 2019 0

20 снежня 2018 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы на ўрачыстай цырымоніі падводзілі вынікі і ўзнагароджвалі пераможцаў ІІІ раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя — дзецям”.

Гэты конкурс з’яўляецца яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй, ладзіцца ён раз у два гады і ўпершыню прайшоў у 2014 годзе. Арганізуе конкурс дзяржаўная ўстанова культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” пры падтрымцы лідскага ТБМ.

Мэтай конкурсу стала прапаганда творчай спадчыны Веры Сяргееўны Навіцкай сярод лідзян, выяўленне, падтрымка і заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей.

Вера Сяргееўна Навіцкая — пісьменніца канца ХIX — пачатку XX стагоддзя (з 1910 года яна ўзначальвала “Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф.Л. і В.С. Навіцкіх”), аўтар некалькіх дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак — гімназістак. Для горада Ліды Вера Навіцкая на сёння — найбуйнейшы лідскі дзіцячы пісьменнік усіх часоў, таму конкурс і носіць яе імя.

 кнігікізалакі

Конкурс праходзіў з 15 чэрвеня па 10 снежня 2018 года ў дзвюх намінацыях: “Паэзія” і “Проза”. З мэтай дасягнення аб’ектыўнасці ацэнак усе творы былі перададзены журы. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўлічваліся паўната раскрыцця тэмы, стыль выкладання, адлюстраванне асабістых адносін да тэмы і пісьменнасць.

Да ўдзелу ў конкурсе было прынята 16 заявак. Тры аўтары выступілі ў намінацыі “Проза”, астатнія — у намінацыі “Паэзія”. Сярод удзельнікаў былі як аматары, так і пісьменнікі, і паэты, якія маюць не толькі вялікі вопыт, а і ўзнагароды за свае творы.

Пераможцамі ІІІ раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя — дзецям” сталі:

— I месца — Алесь Мацулевіч (намінацыя “Паэзія”);

— II месца — Ірэна Сліўко (намінацыя “Паэзія”);

— III месца — Ірына Бараздзіна (намінацыя “Проза”).

мацулевічк

Па-за конкурсам была прадстаўлена кніжачка дзіцячых вершаў Марыі Канапніцкай (23 траўня 1842 — 8 кастрычніка 1910) “Ад вясны да зімы”. Кніжачка ўтрымоўвае 19 дзіцячых вершаў у перакладзе з польскай мовы Станіслава Судніка і ў адным асобніку будзе знаходзіцца ў Лідскай бібліятэцы.

untitled

Напрыканцы мерапрыемства са шмтлікімі віншаваннямі і словамі падзякі, сябры журы запрасілі ўсіх да ўдзелу ў наступным IV Лідскім літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай “Дарослыя — дзецям”, які адбудзецца ў 2020 годзе.

Наш кар.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *