Выстава «Крок мінуўшчыны» папоўнілася

Пятніца, Сакавік 29, 2019 0

Адкрытую ў лютым у памяшканні літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея выставу «Крок мінуўшчыны», прымеркаваную галоўным чынам да 105-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая, супрацоўнікі музея абяцалі папоўніць новымі экспанатамі. І дапамаглі ім у гэтым калегі з Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея, дзе захоўваюцца асобныя рэчы, дакументы, рукапісы, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта, перададзеныя туды ў свой час яго другой жонкай Лідзіяй Сяргееўнай. Некаторымі рукапісамі і дакументамі Гарадзенскі музей днямі падзяліўся з лідскім, і выстава «Крок мінуўшчыны» ў доме Таўлая па вуліцы Замкавай папоўнілася.

стэндк

У ліку прывезеных з Гародні экспанатаў — аўтабіяграфія Валянціна Таўлая, напісаная яго рукой у 1945 годзе; рукапісы яго вершаў, напісаных пераважна ў Гарадзенскай турме і адноўленых ім у памяці, у тым ліку сшытак з вершамі; пасведчанне члена Саюза пісьменнікаў СССР; даведка аб тым, што ў 1942-1944 гадах Таўлай быў сувязным партызанскага атрада імя Катоўскага; пасведчанне да медаля «За доблесную і самаадданую працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.»; прафсаюзны білет, выдадзены паэту незадоўга да яго смерці ў 1947 годзе.

Магчыма, у далейшым выстава «Крок мінуўшчыны» папоўніцца дакументамі альбо іх копіямі з музея адной са школ горада Баранавічы, дзе таксама шануюць памяць аб Валянціне Таўлаі.

— Яшчэ ў мінулым годзе мы распачалі музейна-педагагічныя заняткі для выхаванцаў дзіцячых садкоў «Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам», — расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. — Гэтыя заняткі будзем працягваць і ў бягучым годзе, чакаем заявак ад устаноў дашкольнай адукацыі. У год 105-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая мы, супрацоўнікі музея, хочам атрымаць больш інфармацыі пра яго першую жонку Кіру Брант, з якой ён жыў у Лідзе, у гэтым вось доміку каля замка (як яны пазнаёміліся, як склаўся далейшы лёс Кіры). Хочам таксама больш даведацца пра гэты домік. Хто ў ім жыў у розныя часы? Няхай адклікнуцца тыя, хто хоць штосьці ведае пра гэты будынак. Любая дробязь будзе для нас цікавай і каштоўнай.

А яшчэ карэспандэнту стала вядома, што кампазітар Леанід Шурман даслаў у Лідскі гістарычна-мастацкі музей праз сацыяльнае сеціва ноты на асобныя вершы Валянціна Таўлая. Супрацоўнікі музея спадзяюцца, што хто-небудзь з лідскіх выканаўцаў захоча выканаць песні на гэтыя вершы.

І яшчэ адно пажаданне лідскіх музейных работнікаў, якое тычыцца «таўлаеўскай» тэмы, — набыць дакументальны фільм «Валянцін Таўлай» (1978 год, аўтар сцэнарыя — Вячаслаў Адамчык). Магчыма, названы фільм захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафона-дакументаў горада Дзяржынска.

Наш кар.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *