Беларусаў запрашаюць на «Агульную дыктоўку»

Аўторак, Красавік 30, 2019 0

1 чэрвеня ў Беларусі пройдзе масавая «Агульная дыктоўка» па беларускай мове. Напісаць яе можна будзе дома альбо ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Маштабная ініцыятыва прымеркавана да 400-годдзя выхаду «Граматыкі» Мялеція Сматрыцкага — кнігі, якая больш за 200 гадоў была вядучым выданнем па славянскай філалогіі, паведамілі ў кампаніі «Лідскае піва», якая з’яўляецца арганізатарам праекта. Напісаць дыктоўку можа любы ахвочы незалежна ад узросту і роду заняткаў. Каб стаць удзельнікам, трэба зарэгістравацца на старонцы праекта і ў пазначаны час далучыцца да сотняў беларусаў, якія будуць пісаць дыктоўку на роднай мове. Сёлета арганізатары забяспечваюць радыётрансляцыю дыктоўкі на хвалях радыёстанцыі «Культура» (102,9 FM у Менску, 88,5 FM у Брэсце, 99,3 FM у Віцебску, 91,5 FM у Гомелі, 95,0 FM у Гародні, 99,1 FM у Магілёве). Прамая трансляцыя пачнецца а 12 гадзіне адначасова са стартам дыктоўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Для праверкі трэба будзе адправіць сваю працу праз форму на сайце lidskae.by. Правяраць усе дыктоўкі будуць прафесійныя філолагі. Арганізатары звяртаюць увагу, што выпраўленні будуць улічвацца на карысць ўдзельніка. Вынікі дыктоўкі стануць вядомыя праз 5-7 рабочых дзён, і кожны ўдзельнік атрымае электронны сертыфікат аб удзеле. Арыгінал тэксту дыктоўкі будзе апублікаваны на старонцы праекта, каб кожны мог праверыць свой вынік.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *