На літаратурнай хвалі. З усім, што хвалюе і натхняе

Аўторак, Красавік 30, 2019 0

Днямі ў рамках чарговага паседжання літаратурнага аб’ядання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» адбылася прэзентацыя кнігі вершаў лідскага паэта Міхася Іванавіча Мельніка «З табою».

Міхась Іванавіч Мельнік родам з Магілёўшчыны (з вёскі Майсеевічы Асіповіцкага раёна). Вось ужо сорак пяць гадоў яго жыццё, творчасць, працоўная і грамадская дзейнасць цесна звязаны з Лідчынай. Тут ён працаваў у сельскіх школах, у СПТВ-55 механізацыі меліярацыйных работ, а найбольшы адрэзак часу — выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Лідскім педагагічным вучылішчы (пазней — Лідскі каледж). Быў таксама перыяд працы наглядальнікам і вартаўніком у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

міхаські

Міхась Мельнік выдаў зборнікі вершаў «Скрыжаванне» (1996, у суаўтарстве з Пятром Чаборам), «Лодка жыцця» (2009), «З табою» (2019), з’яўляецца ўкладальнікам і рэдактарам анталогіі твораў лідскіх аўтараў аб беларускай мове «Шануйце роднае слова!» (2008, гэтаму зборніку няма аналагаў ні ў адным іншым горадзе Беларусі, акрамя Менска). Таксама выдаў інфармацыйны фотаальбом (сумесна з паэтам Леанідам Віннікам) пра вядомых людзяй Лідчыны канца XX — пачатку XXI стагоддзя «Время и судьбы» (2004), склаў буклет «70. Уладзімір Мельнікаў» пра таленавітага лідскіага мастака (2008). На многія вершы паэта напісаны песні.

Міхась Іванавіч — выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, пэўны час быў дэпутатам Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў. З’яўляўся галоўным арганізатарам устаноўкі ў Лідзе помніка вялікаму беларускаму першадрукару і асветніку Францішку Скарыну (скульптар — Валяр’ян Янушкевіч, урачыстае адкрыццё помніка адбылося 25 ліпеня 1993 года). Будучы кіраўніком літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты», шмат намаганняў прыклаў да стварэння ў 2010 годзе літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Перадаў з асабістага архіва ў фонд музея шмат матэрыялаў аб сваёй творчасці і творчасці некаторых іншых пісьменнікаў.

Нядаўна ў Лідскай друкарні, пры фінансавай падтрымцы Лідскага гістарычна-мастацкага музея, была выдадзена ў кішэнным фармаце трэцяя кніга паэзіі Міхася Мельніка «З табою». Рэдактарам кнігі і аўтарам прадмовы да яе з’яўляецца навуковы супрацоўнік музея, паэт, даўні сябар Міхася Іванавіча Алесь Хітрун. У прадмове Алесь вельмі ўдала раскрыў сэнс назвы новага зборніка: «З табою — гэта значыць з Беларуссю, з малой радзімай, з прынёманскім краем, з Лідай, з Францішкам Скарынам, з Валянцінам Таўлаем, з любімай жанчынай, са сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукам, з сябрамі і з зацікаўленымі чытачамі». Ад сябе дадам: з усім, што хвалюе і цікавіць, што натхняе на напісанне вершаў.

Эпіграфам да ўсяе кнігі не выпадкова выбраны наступныя радкі паэта:

А жыць так радасна і чыста,

калі ўсвядоміў сваю мэту,

калі адданы запавету:

ў жыцці

         быць вечным аптымістам!

залакі

Сапраўды, вершы, прадстаўленыя ў зборніку, аптымістычныя, сонечныя, жыццесцвяр-джальныя, напісаныя чалавекам, які знайшоў сваё прызванне ў жыцці і заўсёды быў верны гэтаму прызванню. Як заўважыў хтосьці з прысутных на прэзентацыі кнігі, дэвіз творчасці Міхася Мельніка — «Мір, Жыццё і Мова!» Чытач знойдзе ў кнізе грамадзянскія, патрыятычныя, філасофскія, інтымныя, пейзажныя вершы. Многія з гэтых вершаў нарадзіліся ў сценах дома Таўлая (літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея), калі Міхась Іванавіч працаваў там вартаўніком, многія былі надрукаваны на літаратурнай старонцы «Лідскай газеты».

Першыя чытачы зборніка адзначылі сакавітасць, натуральнасць беларускай мовы, на якой напісаны вершы, багацце вобразаў і мастацкіх сродкаў, кранальнасць твораў, іх глыбокую чалавечнасць.

— Бывае, некаторыя паэты здольныя, валодаюць формай, пішуць прыгожа, аднак па змесце іх вершы пустыя, як ёлачныя цацкі, у іх няма душы, глыбіні, дабрыні, спагады, святла, — гаварыў падчас прэзентацыі кнігі паэт Валерый Мацулевіч. — У вершах жа Міхася Іванавіча ўсё гэта ёсць, у іх прысутнічае тое, што называецца сапраўднай паэзіяй. І вельмі добра, што ў нас ёсць такія

паэты.

Наш кар.

 

Міхась МЕЛЬНІК

 

Родная зямля

 

Пахнеш, як мама, ты сырадоем,

і кожны мне твой каласок

так знаёмы,

і кожная сцежка твая, і ручэй,

а дні без цябе —

нібы цемень начэй…

Але і ў расстанні — табою жыву,

таму я жыццём заўжды даражу.

 

Пажаданне

 

Усміхайцеся, людзі, часцей,

усміхайцеся светла, бясконца…

Не губляйце высокіх надзей —

і засвецяць яны, нібы сонца.

 

Ахвяруйце парывы душы —

краю роднаму шчырыя песні,

а нашчадкам у мірнай цішы —

летуценні — як плёну прадвеснік.

 

Станьце шчодрымі сэрцам сваім

без пахвал для сябе і выгоды

і дзяліцеся ўсім дарагім…

Ды жывіце з любоўю і згодай.

 

Да прыроды вы будзьце бліжэй —

няхай радуе ў небе вясёлка…

І гарэць будзе як найдаўжэй

шчасця вашага ясная зорка!

 

Вернасць

 

Глыбока карэннямі

зросся з зямлёю

разлапы, прысадзісты дуб адзінокі,

пасаджаны некалі

продкам далёкім

у полі за ціхаю вёскай маёю.

 

Ён мохам, як футрам

шыкоўным, абшыты,

стаіць, нібы волат,

на роднай раллі…

І з месца яго не зварушыш

нічым ты -Навекі ён верны

матулі-зямлі.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *