Навіны Германіі. Вялікдзень у Германіі

Нядзеля, Красавік 28, 2019 0

Ва ўсіх хрысціянскіх краінах, у тым ліку і ў Германіі, Вялікдзень — адно з найважнейшых царкоўных святаў. Але калі некаторыя хрысціянскія рытуалы паступова страцілі сваё першапачатковае значэнне, напрыклад, строгі пост перад Вялікаднем, то цэлы шэраг паганскіх звычаяў захаваўся дагэтуль. Дарослыя і дзеці чакаюць Вялікдзень з аднолькавым нецярпеннем, бо гэта азначае чатыры выходныя дні запар — пачынальна з Жарснай пятніцы і аж да велікоднага панядзелка (Дня Святога Духу). Многія выкарыстоўваюць гэтыя дні для сямейных шпацыраў ці паездак, тым больш, што ў школьнікаў тым часам вакацыі.

яйкік

Неад’емны элемент велікодных звычаяў — пярэстыя, распісаныя яйкі, знак вясновага адраджэння. Фарбаваныя ці шакаладныя, яны павінны быць на кожным велікодным стале. Напярэдадні свята фарба для яйкаў — самы хадавы тавар у крамах. У каго хопіць чакання і цярпення, можа ўзяцца за справу і па-іншаму: бурак дасць прыгожы чырвоны колер, ад сіняга сандала яйка атрымаецца сакавіта-сінім. З дапамогай парашка куркумы можна дамагчыся сонечна-жоўтага, шпінат афарбуе шкарлупіну ў зялёны, ад ягад бузіны яйка стане фіялетавым. З элементаў, якія фарбуюць,  атрымліваюць адвар, у якім вараць яйкі. Малыя ж ахвотней бяруцца за пэндзлік ці фламастар. Яны з любоўю пярэста распісваюць выдзьмутыя курыныя яйкі — лепш за ўсё з белай шкарлупінай — акварэльнымі фарбамі ці фламастарамі, каб затым, прывязаўшы стужачку, упрыгожыць імі хатні велікодны букет.

16O_koerbchen

Да сняданку ў велікодную нядзелю ў многіх сем’ях стол упрыгожваюць фігуркамі зайцаў, куранятаў, баранчыкаў і г.д., а таксама яйкамі з дрэва ці іншага матэрыялу. Часта на стале стаіць і букет нарцысаў, бо па-нямецку гэтыя кветкі завуцца яшчэ і «велікоднымі званкамі».

dsc03120-2

Раніцай велікоднай нядзелі ў Германіі дзеці і дарослыя шукаюць пярэста размаляваныя велікодныя яйкі, якія напярэдадні ўначы прынёс і схаваў велікодны заяц. Сённяшні асартымент велікодных яйкаў вельмі шырокі — ад звычайных курыных да шакаладных і марцыпанавых. Хаваюць яйкі і слодычы часцей за ўсё ў карзіначках, выкладзеных «травой» — выфарбаванымі ў зялёны колер тонкімі драўнянымі габлюшкамі, ці ў вялікіх, якія складаюцца з дзвюх паловак, кардонных яйках, аблепленых каляровымі малюначкамі.

Але чаму ж яйкі на хрысціянскае свята Вялікадня прыносіць менавіта заяц?

Заяц, як і яйка, спрадвеку лічыўся знакам жыцця і ўрадлівасці. Акрамя таго ў Сярэднявеччы сяляне павінны былі ў чысты чацвер плаціць абшарнікам арэндную плату, якую яны звычайна аддавалі прадуктамі. Паколькі ў сялян з-за папярэдняга паста назапашвалася асабліва шмат яйкаў, яны варылі іх і аддавалі на чынш. З яйкамі сяляне часта прыносілі гаспадарам і мноства забітых зайцаў, падстрэленых імі на сваіх палях.

Так склалася спалучэнне «яйка і зайцы». Дарослыя пачалі распавядаць дзецям, што яйкі прыносіць велікодны заяц. Аднак спрытны звярок доўгі час быў не адзіным, хто нібы прыносіў яйкі. У якасці пастаўшчыкоў яйкаў з ім доўга канкуравалі лісы, буслы і жураўлі. Аднак пасля Другой сусветнай вайны ў іх спрэчцы была пастаўлена кропка, бо вытворцы шакаладу адкрылі для сябе аблавухага звярка і пачалі выпускаць да Вялікадня толькі шакаладных зайцаў — і такім чынам да сённяшняга дня яйка прыносіць менавіта заяц.

 

Рэгіянальныя велікодныя звычаі

 

У Веймары існуе звычай, які нагадвае пра вялікага Гётэ, пражыўшага ў гэтым горадзе некалькі дзесяцігоддзяў. Кожны год у чысты чацвер ён запрашаў дзяцей у свой сад, дзе хаваў велікодныя яйкі. Веймар працягвае гэтую традыцыю і запрашае дзяцей на «пошук заячых яйкаў» у парк на рацэ Льм, у якім стаіць садовая хатка Гётэ.

Ніжнесаксонскі Остэрайштад (літар. «Горад велікоднага яйка») стварыў традыцыю на аснове сваёй назвы: тут нібы жыве велікодны заяц Хані Хазе. Штогод тысячы дзяцей пішуць яму ў лістах свае пажаданні да свята. На лісты адказвае супрацоўнік пошты.

Вельмі рэдкім звычаем з’яўляецца хадджэнне па велікодную ваду. Па старым народным павер’і, яна валодае чароўным дзеяннем, падтрымліваючы здароўе і прыгажосць. Для гэтага трэба зачэрпаць з праточнага вадаёма вады і прынесці яе дахаты. Пры гэтым нельга размаўляць.

Да велікодных звычаяў Германіі таксама адносяцца велікодныя вогнішчы. Іх запальваюць, першым чынам, у сельскіх мясцовасцях на поўначы краіны. Традыцыя вядомая з XVI ст., аднак яна ўзыходзіць яшчэ да дахрысціянскіх звычаяў: цяпло і святло павінны былі выгнаць зіму. Акрамя таго, агонь забяспечваў урадлівасць глебе. У хрысціянскай традыцыі велікоднае вогнішча — знак уваскрэсення Хрыста. Іншае ўвасабленне той жа традыцыі — падпаленыя драўляныя колы, якія скочваюць з Велікоднай гары. За імі цягнецца агністы след даўжынёю ў некалькі сот метраў. Лічыцца, што падпаленыя колы, як знак сонца, з’явіліся 2000 гадоў назад.

Свае звычаі ёсць і ў сорбаў (ці лужыцкіх сербаў), якія жывуць у Верхняй Лужынцы (Саксонія), заходнеславянскай нацыянальнай меншасці, што вызнае каталіцызм.

З XV стагоддзя ў іх існуе традыцыя: у велікодную раніцу святочна апранутыя мужчыны скачуць на конях у парадным строі па акрузе, абвяшчаючы вестку пра ўваскрэсенне Ісуса Хрыста. Тысячы гледачоў штогод назіраюць гэтую маляўнічую цырымонію, стоячы на ўзбочынах вуліц. Мяркуецца, што велікодная верхавая язда ўзыходзіць да дахрысціянскай эпохі: калісьці людзі з прыходам вясны абыходзілі пешшу ці аб’язджалі на конях свае валадарствы, каб абараніць іх ад злога ўплыву.

007

Іншы велікодны звычай сорбаў, які сёння зноў становіцца ўсё папулярнейшым, завецца па-сорбску walkowanje. Першапачаткова ў яго аснове ляжыць паганcкая цырымонія ўрадлівасці: лічылася, што качанне яйкаў (знакаў урадлівасці) па сенажацях і палях аказвае станоўчы ўплыў на ўраджай. Ёсць розныя варыянты гэтага звычаю, адзін з іх — калі насустрач адзін аднаму закладваюцца дзве нахільных дарожкі (іх завуць walka) такім чынам, каб каляровыя яйкі, якія скочваюцца па іх, сутыкаліся адзін з адным. Пераможцам лічыцца той гулец, чыё яйка аказалася самым моцным.

Па германскіх крыніцах.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *