Навіны Германіі. Залаты вопыт для залатога ўзросту

Аўторак, Красавік 30, 2019 0

Міжнароднае асветнае грамадскае аб’яднанне «АКТ», на працягу 2017-2019 гг., пры падтрымцы нямецкага фонду «Памяць, адказнасць і будучае» рэалізоўвала праект «Залаты вопыт для залатого ўзросту»,  скіраваны  на падтрымку людзей пажылога ўзросту, а таксама тых  асобаў, што пацярпелі ад нацыянал-сацыялісцкіх рэпрэсій. Напрыканцы мінулага тыдня прайшла выніковая канферэнцыя, якая сабрала больш за 50 чалавек, і не толькі  удзельнікаў праекту, а і грамадскіх актывістаў  і ініцыятываў з розных арганізацый Беларусі, і я мела магчымасць пачуць пра цікавы вопыт працы з людзьмі, якія  вядуць актыўны лад жыцця. Удзельнікі праекту  з розных рэгіёнаў Беларусі распавялі пра вынікі праекту, дасягненні і поспехі, расказалі пра тое, як арганізуюць адпачынак і навучанне людзей «залатога ўзросту», аказваюць сацыяльныя паслугі тым групам, якія маюць у гэтым патрэбу, падтрымліваць дыялог пакаленняў.

столкі

Да выніковай канферэнцыі МАГА «Акт» падрыхтавала зборнік паспяховых практык з людзьмі пажылога ўзросту, які прэзентавала на канферэнцыі. Гэта — клуб «Возраст в действии», курс па іміджы і стылі  для жанчын “60+,” праца ініцыятыўнай групы пажылых людзей «Дом без одиночества», студыя дакументальнага кіно, «Зялёная тэрапія», «Тёплый дом», «Компаньонство», «Творчество — это жизнь» для людей з дэменцыяй і абмежаванай мабільнасцю  і  інш. А для мяне гэта стала яшчэ раз важкім пацверджаннем таго, які патэнцыял маецца ў катэгорыі «пажылыя людзі», да якой мы, чаго граху таіць, ставімся некалькі скептычна. Хаця і наш асабісты досвед працы з пажылымі людзьмі  сведчыць пра тое, што, нягледзячы на ўзрост,  і будучы ўцягнутымі ў грамадскія справы, яны паляпшаюць свае сацыяльнае самаадчуванне  і якасць жыцця, а арганізуючы розныя мерапрыемствы — падтрымліваюць адзін аднаго ў цяжкіх сітуацыях, абменьваюцца інфармацыяй і карыснымі парадамі, не губляюць цікавасці да жыцця.

экранкі

У другой частцы канферэнцыі трэнеры У. Корж, М. Лаўдо, М. Падбярозкін правялі тры майстар-класы па такіх накірунках дзейнасці грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, як «патрэбы», «валанцёрства» і «фінансы», на якіх  больш падрабязна пазнаёміліся з формамі і метадамі працы з пажылымі людзьмі, якія даюць магчымасць зрабіць паслугі для прадстаўнікоў  старэйшага пакалення больш эфектыўнымі і разнастайнымі, дапамогуць распачаць ці развіць працу з гэтай мэтавай групай.

Больш за 20 арганізацый-удзельніц праекту падчас трэнінгаў і абменных візітаў вывучалі лепшыя практыкі падтрымкі і актывізацыі людзей пажылога ўзросту, змаглі падвысіць эфектыўнасць сваіх паслуг і  ўкаранення ў дзейнасць сваіх арганізацый і ініцыятываў новых форм і метадаў працы з гэтай сацыяльнай групай.

А я, як заўсёды, калі ёсць магчымасць быць удзельніцай такіх сустрэч, задаюся пытаннем: чаму ў нашым раёне, горадзе, багатым на  людзей  пажылога ўзросту з рознымі інтарэсамі, здольнасцямі і магчымасцю нешта зрабіць не толькі для сябе, але і для іншых людзей, няма ніякай цікавасці з боку тых структур, якія па абавязку службы павінны  больш цесна і плённа працаваць з гэтай групай? Я не бяру ў разлік афіцыйныя запланаваныя мерапрыемствы  «з нагоды…», калі патрэбна паставіць «галачку».

На канферэнцыі прысутнічалі прадстаўніцы нямецкага фонду «»Памяць, адказнасць і будучае».

Валянціна Болбат,

ТБМ, Верхнядзвінск.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *