Да 75-годдзя ўтварэння Гарадзенскай вобласці Летапіс Гарадзеншчыны працягваецца

Аўторак, Травень 14, 2019 0

Днямі ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася навукова-практычная канферэнцыя «VII лідскія чытанні. Гарадзеншчына: летапіс працягваецца», прымеркаваная да 75-годдзя ўтварэння Гарадзенскай вобласці. На канферэнцыю былі запрошаны работнікі бібліятэк, навуковыя супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея, краязнаўцы, настаўнікі і вучні школ Лідчыны. Дарэчы, большасць дакладчыкаў сёлетніх лідскіх чытанняў складалі менавіта вучні школ.

Адкрыла мерапрыемства галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Вайцюкевіч, якая ў сваім выступленні адзначыла, што ў апошні час цікавасць да краязнаўчай інфармацыі, вывучэння рэгіёнаў і асобных мясцовасцей значна ўзрасла. Дзякуючы краязнаўству мы знаходзім магчымасць праявіць сваю любоў да малой радзімы. Вяла канферэнцыю загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Святлана Касіцына.

Агульныя звесткі аб Гарадзенскай вобласці, якая ў верасні бягучага года адзначыць свой 75-гадовы юбілей, паведаміў прысутным старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Мікалай Іода. Дакладчык падкрэсліў, што на тэрыторыі вобласці налічваецца больш за паўтары тысячы помнікаў гісторыі і культуры, а гэта вельмі значная лічба. На Гарадзеншчыне маецца шмат культавых будынкаў і нацыянальных аб’яднанняў.

З турысцка-экскурсійным маршрутам «Славутасці Лідскага краю» азнаёміла прысутных вучаніца сярэдняй школы № 11 Ксенія Краснадубская. У спіс маршруту ўвайшлі дзесяць населеных пунктаў Лідскага раёна (вёскі і аграгарадкі), гісторыя якіх налічвае не адну сотню гадоў, дзе захаваліся помнікі гістарычна-культурнай спадчыны.

З дакладам па тэме «Брэндынг асабліва ахоўваных прыродных тэрыторый Гарадзенскай вобласці» выступіла вучаніца Ёдкаўскай сярэдняй школы Ксенія Сідаровіч. Прысутныя даведаліся аб тым, што такое брэндынг, як ён садзейнічае развіццю экатурызму, фарміраванню пастаяннай плыні турыстаў у той ці іншы заказнік.

піянеркак

Вучаніца сярэдняй школы № 1 горада Ліды Ульяна Жоль расказала аб лідскай падпольшчыцы Матроне Наказных, чыё імя носяць адна з вуліц горада і піянерская дружына згаданай школы. Вучаніца Ваверскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Валерыя Бартось у сваім выступленні закранула малавядомыя гістарычныя факты, якія датычацца вызвалення Ваверкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Аб станаўленні і развіцці чыгуначнай станцыі Ліда распавяла вучаніца сярэдняй школы № 8 Анжаліка Богуш.

галяк

На заканчэнне з дакладам па тэме «З гісторыі публічных бібліятэк Лідчыны» выступіла галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка. Галіна Раманаўна адзначыла, што ў ліпені бягучага года споўніцца дзесяць год з таго моманту, як раённая бібліятэка перамясцілася ў прасторны трохпавярховы будынак былой трыкатажнай фабрыкі па вуліцы Ленінскай, у якім яна знаходзіцца і цяпер. Тое «перасяленне» стала залатой падзеяй у гісторыі бібліятэкі, адкрыла для яе новыя магчымасці.

залак

У дзень правядзення VII лідскіх чытанняў у канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала кніжная мінівыстава, прысвечаная 75-годдзю ўтварэння Гарадзенскай вобласці.

Матэрыялы дакладаў, якія прагучалі ў ходзе чытанняў, у перспектыве складуць кнігу, з якой зможа азнаёміцца любы наведвальнік у чытальнай зале раённай бібліятэкі.

Наш кар.

Здымкі Лідскай раён. бібліятэкі.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *