Старшыня Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Лявон Анацка прабег 1079 км за 10 сутак на 24-м штогадовым 10-дзённым забегу імя Шры Чынмоя ў ЗША і стаў другім сярод 34 удзельнікаў узростам ад 26 да 71 года з самых розных краінаў

Чацвер, Травень 16, 2019 0

Ніколі дагэтуль беларусы не бралі ўдзел у гэтым забегу, тым больш не зай-малі адно з прызавых месцаў. Першым у марафоне ў гэтым годзе прыбег прадстаўнік Манголіі, а трэцім — тайванец. Другое ж месца заняў беларус!

— Пераможцам я сябе сябе сапраўды трошкі адчуваю. Настрой цудоўны. Мая галоўная мэта была — паўдзельнічаць. Цягам 10-ці дзён я па сто з нечым кіламетраў прабягаў і вельмі задаволены вынікам. Надвор’е складанае было. Вільготнае паветра каля акіяна, вецер змяняўся. Але пабегаўшы па снезе ў Лідзе, было не так страшна. Адзін дзень намёт уначы заліло, але, на шчасце, я ўзяў зімовую вопратку. Тэхнічна я, канешне, не быў падрыхтаваны. Не так, як у майго суперніка з Манголіі, з якім 10 чалавек каманды прыехала. Аднак я ўсім і кажу, што пабыў на курорце, бо бег сабе ў задавальненне. Пакуль бег, глядзеў як распускаюцца дрэвы ў парку, як людзі адпачываюць, — кажа Лявон Анацка.

Звышмарафоны лідскі актывіст пачаў бегаць толькі 4 гады таму, аднак за гэты час ужо паспеў прабегчы больш за 30 тыс. км. Дзяку-ючы апошняй перамозе, Лявон Анацка будзе дапушчаны да марафону 3100 міль, які адбудзецца ў Нью-Ёрку праз два месяцы ў сярэдзіне ліпеня. Гэта самы складаны ў свеце прабег, які доўжыцца 52 дні і агулам складае амаль 5 тыс. км.

— Учора мяне лекар аглядваў, які дапускае да марафону ў 3100 міль. Сказаў, што ўсё ў норме, таму я вельмі рады. У свеце толькі 12 чалавек яго бегае. Гэта вельмі прэстыжны прабег, і я зноў буду першым з беларусаў. Можа, тады мне будзе прасцей прасоўваць наш беларускі ультрамарафон у міністра. Прыемна, што я магу паказаць на сваім прыкладзе, што весці здаровы лад жыцця можна ў любым узросце. Галоўнае — рабіць гэта з розумам, быць у кантакце з прыродай, атрымліваць радасць ад жыцця, — зазначыў звышмарафонец.

 

Як распавёў спадар Лявон, на забегу яго падтрымлівалі два нью-ёркскія беларусы, якія забяспечвалі бегуна неабходнай вопраткай, абуткам, ежай і абсталяваннем.

— Я, калі прабягаў сваіх сяброў, стараўся бегчы хутчэй, — распавядае Лявон Анацка. — Іх дапамога — гэта 30 адсоткаў кіламетраў, якія я прабег. Перад тым як называць маё імя, я папрасіў каментатара, каб дадалі, што я з Беларусі. Мне прыемна, што слова «Беларусь» лішнія сто разоў прагучыць у Нью-Ёрку. А зараз у маіх планах што? Паесці, адпачыць. Адзін індус, з якім я пазнаёміўся, запрасіў мяне ў Індыю на марафон у наступным годзе. Трэба рыхтавацца.

 

Л. Анацка прызнаецца, што яму вельмі патрэбна маральная і фінансавая падтрымка. Хто жадае дапамагчы, можа звяртацца да спадара Лявона праз «Facebook», або па нумары тэлефона +375297896608. Паколькі зараз спартовец знаходзіцца ў ЗША, скантактавацца з ім можна праз «Viber».

Лявон Анацка ўжо каля 20-ці гадоў узначальвае Лідскую раённую арганізацыю «Таварыства беларускай мовы», працаваў у Беларускім хельсінкскім камітэце, у Фондзе Льва Сапегі, каля васьмі год быў дэпутатам гарсавета ў Лідзе. Каб зарабіць на свае першыя марафоны, працаваў на Лідскай абутковай фабрыцы. Сёння яму ўжо 57 гадоў, аднак гэта не спыніла беларуса стаць сусветна вядомым спартоўцам.

ПВ belsat.eu.

Фота Васіля Малчанава «Белсат».

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *