Навіны Германіі. Навошта нямецкі лекар збірае вялікую калекцыю старых гарадзенскіх паштовак

Аўторак, Чэрвень 25, 2019 0

Сям’я Фелікса Варашы-льскага, пенсіянера з нямецкага Гамбурга, выехала з Гародні ў 1945 годзе. Ён ніколі не жыў у «каралеўскім горадзе», аднак наведвае яго штогод і мае адну з самых вялікіх у свеце калекцый паштовак і здымкаў з выявай Гародні.

Феліксу Варашыльскаму 69. Па прафесіі ён кардыёанестазіёлаг — рабіў абязбольванне пацыентам падчас аперацый на сэрцы. Ужо два гады як на пенсіі.

Больш як 20 гадоў Фелікс збірае паштоўкі і фотаздымкі з горадам, дзе жылі тры пакаленні ягоных продкаў.

Ягоны прадзед Якуб працаваў на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага ў Гародні. Дзядулю, які меў у Гародні жаночую клініку, звалі па-рознаму ў залежнасці ад часу: Герш, Грыгорый, Гжэгаж, Грыша.

Падчас апошняга свайго візіту ў Гародню Фелікс наняў кватэру на Замкавай вуліцы. По-бач у вайну было гета, дзе жылі ягоныя продкі.

— Я маю габрэйскае паходжанне. Але апошнім рэлігійным габрэем быў мой прадзед. Мой дзед хадзіў у сінагогу ўжо раз на год, мой бацька — зусім не, я таксама. Я выхаваны як паляк, на польскай літаратуры, не ведаю габрэйскай мовы, — кажа Фелікс.

Пасля вайны ягоная сям’я пераехала з Гародні ў Лодзь, бо Варшава была зруйнаваная. Праўда, ужо амаль 40 гадоў Фелікс жыве ў нямецкім Гамбургу.

— Нехта размясціў на фэйсбуку фота першых гарадзенскіх выпускнікоў пасля вайны. Там быў подпіс, што на здымку няма Віктара Варашыльскага, то бок майго бацькі. Экзамены былі ў траўні-чэрвені, а сям’я выехала ў сакавіку, — кажа Фелікс.

Пасля смерці бацькі ў 1996 годзе Феліксу прыйшла думка збіраць рэчы, звязаныя з Гарод-няй. Яго натхніў сябар-гісторык. Параіў збіраць старыя паштоўкі, бо на іх горад не змяніўся.

— Чаму Гародня? Бо я звязаны з Гародняй эмацыйна. Тут жылі тры пакаленні Варашыльскіх. Мяне зацікавіла, як гэта было, калі яны тут жылі ад пачатку XX стагоддзя, — тлумачыць Фелікс.

гроднак

Тады ён пайшоў у бліжэйшую антыкварную краму ў Вар-шаве і знайшоў там некалькі паш-товак з выявамі горада сваіх продкаў амаль задарма. Падумаў, што калекцыянаванне — добрае хобі, якое не патрабуе вялікіх выдаткаў. Тады ён не падазраваў, колькі яшчэ ў свеце можа быць старых выяваў Гародні — 40, 50 ці 100. За кароткі час яму ўдалося сабраць каля 600 гарадзенскіх паштовак.

— Памятаю, як 20 гадоў таму мяне хацелі пазнаёміць з галоўным гарадзенскім калекцыянерам паштовак Алесем Госцевым. У яго было 400 паштовак, якія ён збіраў гадамі, а я толькі быў пачаўшы.

Цяпер у калекцыі нямецкага лекара 2500-3000 паштовак. Усе пра Гародню. Толькі на адной з іх — санаторый у Друскеніках, які трымаў сябар дзядулі Варашыльскага.

— Цікава, што адбываецца на паштоўцы або што стала з паштоўкай. Хто рабіў здымак, што на гэтым здымку, што стала з гэтым домам, аб’ектам, пейзажам, як ён выглядае цяпер і чаму? Цяпер гэта самыя цікавыя аспекты майго калекцыянавання, — кажа суразмоўца.

Так ён паехаў за 30 кіламетраў ад Гародні ў вёску Парэчча, каб пашукаць інфармацыю пра адзін са сваіх здымкаў. Перад драўляным будынкам стаіць група дзяцей і група важных у міжваеннай Гародні асобаў, у тым ліку пробашч касцёла. Дакладнае імя святара Эдмунда Хлявінскага са здымка Варашыльскі адшукаў на мясцовых могілках. Што гэта за будынак і што з ім стала, магчыма, ён даведаецца, прыехаўшы іншым разам.

Здымкі і паштоўкі Варашыльскі называе найбольш прымітыўнай часткай сваёй калекцыі. Ён мае шмат кніг пра Гародню, у тым ліку выдадзеных у Еўропе. Гэта пераважна ўспаміны людзей, якія нарадзіліся або жылі тут, уратаваліся ў вайну і раз’ехаліся па свеце.

Гарадзенскім гісторыкам Фелікс дазваляе выкарыстоўваць выявы са сваіх паштовак, звычайна задарма, толькі просіць падпісваць, што ўзята з ягонай калекцыі.

Фелікс чытае на польскай, ангельскай, расейскай, нямецкай, гішпанскай мовах. Са шведскай і нарвежскай моваў фрагменты, якія тычацца Гародні, дапамагаюць перакладаць сябры.

Паралельна лекар піша ўласную кнігу пра сваю сям’ю. Імкнецца, каб усе гісторыі былі задакументаваныя, а не прыдуманыя.

Да таго ж у ягонай калекцыі ёсць рэчы, звязаныя з Бацькаўшчынай — бутэлька, зробленая на гарадзенскай фабрыцы, або ўпакоўка ад гарадзенскіх цыгарэт з часу Першай усясветнай вайны.

Вяртаючыся да паштовак, калекцыянер тлумачыць, што важная не колькасць, а якасць здымкаў, рэдкасць экземпляраў. Ба-нальныя паштоўкі можна купіць па нізкіх коштах, прыкладам, па 1 еўра, але потым іх цяжка прадаць.

Кошт залежыць і ад попыту. Да прыкладу, калі на здымку ёсць выява гарадзенскага моста, па якім ідзе цягнік, а на фоне відаць сінагога і рака, то прэтэндаваць на яго будуць тыя, хто цікавіцца Гародняй, мастамі, чыгункай, юдаікай і рэкамі.

602537A1-62B5-45F7-A445-7E5F2CA23E4E_w650_r0_s

— Кошт калекцыі нельга ацаніць. Можна толькі сказаць, колькі я за яе аддаў. Але я гэтага ня памятаю або не скажу, — усміхаецца Фелікс.

Кошт калекцыі ўвесь час расце. Здымкі, якія ён набываў некалькі гадоў таму па 2-3 даляры, сёння каштуюць па 20 даляраў і болей.

— Калі я пачынаў збіраць, то не разумеў, што паштовак нашмат больш, чым я ўяўляў, і што цягам кароткага часу яны страшна падаражэюць, бо ў пэўны момант пайшла мода на калекцыянаванне.

Раней, калі на eBay з’яўлялася паштоўка, мала хто хацеў яе набыць. Тады за яе можна было аддаць 1 нямецкую марку. Пера-сылка магла каштаваць больш, чым сама паштоўка. Амаль за-дарма можна было купляць цэлыя скрыні паштовак. Гэта змянілася гадоў 5 таму.

Калі на рынак увайшлі калекцыянеры з Беларусі і Расеі «з вялізнымі грашыма», цэны пайшлі ўгару. У гэтых краінах, па ацэнцы Варашыльскага, паштоўкі даражэйшыя, чым на Захадзе. Таму некаторыя робяць на гэтым бізнэс. Фелікс прызнаецца, што ў яго ёсць і вельмі дарагія паштоўкі. Некалі ён аддаў за паштоўку вялікія грошы ў той час, калі шпіталь, дзе ён працаваў, быў блізкі да банкруцтва.

— Я сядзеў дома і думаў, ці добра я зрабіў, што аддаў такія грошы за паперку, калі не маю пэўнасці, ці атрымаю наступны за-робак. Што я тады жонцы скажу? — успамінае лекар.

У гэты момант пазваніў прадавец і ўдакладніў, ці сапраўды яму патрэбная тая паштоўка, бо знайшоўся кліент, які гатовы заплаціць удвая болей.

— Я тады падумаў, што нават калі сітуацыя пагоршыцца, то ёсць нехта, хто гатовы набыць маю паштоўку ў два разы даражэй, — кажа Фелікс.

Найстарэйшая паштоўка ў калекцыі Варашыльскага — каля 1870 года, яшчэ без малюнка, а найноўшая — 1945, пазнейшых ён не збірае. Немцы ў вайну выдалі толькі дзве кароткія серыі — перадрукі старых паштовак.

Геаграфія шырокая: Еўропа, Аўстралія, Афрыка, Амерыка. Гэта звязана з тым, куды даехалі гарадзенцы. Туды ім і пісалі крэўныя.

— Найменей паштовак з Гародняй — у Гародні, — кажа Фелікс.

У ягонай калекцыі каля 40 паштовак спадара Наркевіча, ка-лекцыянера пачатку XX стагоддзя, які працаваў у банку. Наркевіч рассылаў горадзенскія паштоўкі па ўсім свеце ўзамен на карткі з тых мясцін.

Варашыльскі мяркуе, што ў яго адна з дзвюх самых вялікіх калекцый з гарадзенскімі паштоўкамі. Другая — у менскага калекцыянера. Розніца калекцый у тым, што ў Фелікса болей нямецкіх паштовак, а ў менчука — царскіх часоў.

Паштоўкі захоўваюцца ў пластыкавых кашульках у скрынях па 600. Кожная мае свой нумар. Існуе электронная база, якая дапамагае хутчэй знайсці патрэбную. Напрыклад, тыя, нумары якіх пачынаюцца на «18», належаць канкрэтнаму выдавецтву.

Амаль усю сваю калекцыю пенсіянер ужо перадаў сыну Якубу, але працягвае збіраць. Кажа, што траціць на пошук новых экземпляраў усяго паўгадзіны ранкам. Пра цікавыя знаходкі паведамляюць і сябры-калекцыянеры.

Варашыльскі прызнаецца, што з дзяцінства нешта калекцыянаваў: каменьчыкі, ракавінкі, значкі, вінныя бутэлькі. Але ранейшыя калекцыі не былі такімі важнымі.

На пытанне, навошта яму гэта ўсё, Фелікс адказвае словамі з фільма пра аднаго калекцыянера:

— Каб не забыцца. Каб замацаваць рэчы з мінулага, каб дробязі з калекцыі пакінулі памяць пра тое, што было.

ТТ (Радыё Свабода).

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *