Навіны Германіі. Навукоўцы Беларусі і Германіі падрыхтавалі план працы ў рамках гістарычнай камісіі

Панядзелак, Чэрвень 17, 2019 0

Навукоўцы з Германіі і Беларусі падрыхтавалі план працы ў рамках двухбаковай гістарычнай камісіі, паведаміў амбасадар ФРГ Петэр Дэтмар 15 траўня на сустрэчы са старшынём Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам з нагоды завяршэння сваёй дыпмісіі.

Дэтмар нагадаў, што стварэнне падобнай камісіі абмяркоўвалася ў чэрвені мінулага года падчас візіту ў Менск федэральнага прэзідэнта Германіі Франка-Вальтара Штайнмайера. Экс-кіраўнік германскай дыпламатыі тады прыняў удзел у адкрыцці другой чаргі мемарыяла на месцы канцлагера ў Трасцянцы.

— Я асабліва рады таму, што вынікам рашэння прэзідэнтаў стала супрацоўніцтва паміж гісторыкамі нашых краін. Яны сустракаліся ўжо два разы. Распрацаваны вельмі станоўчы і перспектыўны працоўны план, які адносіцца да сумеснай перапрацоўкі нашага мінулага з навуковага пункта гледжання, — сказаў дыпламат.

Пры гэтым ён нагадаў словы Штайнмайера пра тое, што Беларусь трэба ўспрымаць як «самастойную незалежную дзяржаву».

Пра тое, што Германія і Беларусь маюць намер стварыць агульную гістарычную камісію, Штайнмайер паведаміў на міжнароднай канферэнцыі «Памятаць дзеля агульнай еўрапейскай будучыні» 29 чэрвеня 2018 года ў Менску. Па яго словах, гэта пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка.

— Спадар Лукашэнка гатовы падумаць пра тое, як выкарыстоўваць сённяшнюю падзею, якая з’яўляецца гістарычнай, — каб у нас была яшчэ не еўрапейская, але ўжо агульная культура памяці, — заявіў прэзідэнт ФРГ. —  Стварэнне агульнай камісіі гісторыкаў два-тры гады назад менавіта з Беларуссю мы не маглі сабе ўявіць.

Naviny.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *