Навіны Германіі. Статс-сакратар МУС Германіі выказаўся пра Беларусь

Панядзелак, Ліпень 22, 2019 0

Пра неабходнасць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі заявіў парламенцкі статс-сакратар міністра ўнутраных спраў, будаўніцтва і радзімы Штэфан Майер у Менску на сустрэчы з намеснікам міністра спорту і турызму Аляксандрам Баравулем.

Перамовы адбыліся 29 чэрвеня, за дзень да завяршэння ў беларускай сталіцы II Еўрапейскіх гульняў, аднак пра іх стала вядома пасля заканчэння спаборніцтваў з выніковай справаздачы Нямецкага алімпійскага спартовага саюза (НАСС).

“Такія спартовыя спаборніцтвы, як Еўрапейскія гульні, з’яўляюцца важным спосабам прадставіць краіну ў садружнасці еўрапейскіх краін, у сусветнай супольнасці. Спартовыя падзеі ўмацоўваюць паразуменне паміж народамі», — цытуе НАСС Штэфана Майера. Ён падзякаваў беларускаму боку за «пышную арганізацыю» Еўрапейскіх гульняў, «годную буйнай спартовай падзеі».

У той жа час службовец «не хаваў, што ў Беларусі ўсё яшчэ неабходны паляпшэнні ў сферы вяршэнства права, выкананні правоў чалавека, асабліва меншасцяў, а таксама свабоды выказванняў і сходаў». Майер адзначыў, што Беларусь — адзіная краіна кантынента, якая не ўваходзіць ў Раду Еўропы, і выказаў надзею, што ў хуткай будучыні яна стане чальцом гэтай арганізацыі, «для чаго неабходна адмяніць смяротнае пакаранне». Прывядзенне ў выкананне напярэдадні Еўрапейскіх гульняў чарговага смяротнага прысуду прадстаўнік Германіі назваў «вельмі няўдалым сігналам».

Па словах Майера, Беларусь знаходзіцца ў працэсе трансфармацыі, змяняецца не толькі грамадства, але і палітыка. «Толькі дыялог збліжае людзей і ўрады. Адсутнасць дыялогу — найгоршая альтэрнатыва», — падкрэсліў статс-сакратар.

Гутарку з беларускім службоўцам Майер назваў «вельмі грунтоўнай, канструктыўнай і добрай».

У Міністэрстве спорту і турызму БЕЛАПАН пацвердзілі факт сустрэчы Баравулі і Майера. «Нямецкі бок хваліў арганізацыю гульняў, Менск і Беларусь. Майер назваў беларусаў спартовай нацыяй, заявіў, што дэлегацыя ўсім задаволена, казаў пра значнасць спорту ў жыцці грамадства, у тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пра чысціню спорту, барацьбе з допінгам. Германія лічыць Беларусь у гэтым пытанні сваім надзейным саюзнікам«, — паведаміў БЕЛАПАН прэс-сакратар Мінспорту Уладзімір Несцяровіч.

Штэфан Майер знаходзіўся ў Менску з 28 чэрвеня па 1 ліпеня. Ён наведаў размяшчэнне нямецкай дэлегацыі ў вёсцы для спартоўцаў і цырымонію закрыцця гульняў.

На адкрыцці спаборніцтваў 21 чэрвеня прысутнічаў намеснік старшыні камітэта па спорце бундэстага Дытар Штыр. Ён таксама сустрэўся з прадстаўнікамі Мінспорту, а разам з нямецкай спартовай дэлегацыяй наведаў мемарыяльны комплекс «Хатынь».

26 чэрвеня камітэт па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе бундэстага прыняў заяву, у якой раскрытыкаваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Правядзенне ў Менску Еўрапейскіх гульняў парламентарыі назвалі нагодай «акцэнтаваць увагу на вельмі крытычным становішчы з правамі чалавека і ўжыванні смяротнага пакарання ў Беларусі», а таксама «настойваць на адчувальным і хуткім паляпшэнні» ў гэтай сферы.

Камітэт нагадаў, што прапановы БДІПЧ АБСЕ пра змену выбарчага заканадаўства, уключаючы празрысты падлік галасоў і ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісій, не былі рэалізаваны беларускімі ўладамі.

Урад Германіі, Рада Еўропы і Еўрапарламент «рэгулярна нагадваюць пра неабходнасць выканання правоў чалавека — але дагэтуль без дастатковага поспеху».

«Тым не менш высілкі павінны працягвацца, напрыклад, у рамках дыялогу пра правы чалавека паміж ЕС і Беларуссю <…> і ў рамках паездкі прадстаўніка федэральнага ўрада на Еўрапейскія гульні ў Менск«, — адзначалася ў заяве.

Дэпутаты раскрытыкавалі абмежаванне свабоды СМІ, сходаў і аб’яднанняў у Беларусі. Апазіцыі «ўвесь час ствараюць пера-шкоды ў яе палітычнай працы». Дзяржаўныя рэпрэсіі накіраваны на «праваабаронцаў, апазіцыйных палітыкаў, журналістаў і блогераў, адвакатаў і прафсаюз-ных дзеячаў». Дзейнасць незалежных няўрадавых арганізацый «па-ранейшаму моцна абмежавана».

Як раней паведамляў БЕЛАПАН, шэф нямецкай дэлегацыі на Еўрапейскіх гульнях віца-прэзідэнт НАСС Ушы Шмітц падчас знаходжання ў Менску сустрэлася са старшынём Беларускага Хельсінкскага камітэта Алегам Гулаком, які распавёў пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Навіны Германіі.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *