Славутасці Гарадзеншчыны чакаюць вас! альбо Вандроўка па маршруце «Ад Ліды да Гярвятаў»

Чацвер, Ліпень 4, 2019 0

Чарговыя летнія канікулы вучні СШ № 11 г. Ліды пачалі па традыцыі з вандроўкі. На гэты раз наш турыстычны маршрут прайшоў па Гарадзенскай вобласці. І гэта не выпадкова. Нас натхняла жаданне пазнаёміцца з гістарычна-культурнай спадчынай нашага краю менавіта ў год святкавання 75-годдзя заснавання Гарадзенскай вобласці. Маршрут вандроўкі пралёг па тэрыторыі Лідскага, Іўеўскага, Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. У спіс маршруту мы ўключылі аб’екты самыя розныя па значнасці і характары: помнікі выдатным людзям і цікавыя скульптуры, таямнічыя руіны замкаў і велічныя храмы, старажытнае гарадзішча і мемарыял Першай Сусветнай вайны…

 

«Беларускі Ерусалім»

 

Першы прыпынак мы зрабілі ў горадзе Іўе, дзе здзейснілі пешаходную прагулку па цэнтральнай плошчы горада. Вялікую цікавасці ў вучняў выклікаў помнік Сяброўства чатырох канфесій. Як вядома, гэта адзіны помнік у Беларусі. Менавіта ў гэтым горадзе на працягу пяці соцень гадоў мірна ўжываюцца католікі, мусульмане, праваслаўныя і іўдзеі. У гонар гэтага тут быў усталяваны велічны манумент, які прысвечаны сяброўству і адзінству чатырох канфесій. Людзі і сёння гэтае ўтульнае мястэчка завуць «беларускім Ерусалімам». А ўяўляе сабой помнік наступнае: чатыры высокія стэлы з аркамі, кожная прысвечана асобнай рэлігіі. Устаноўлены помнік на пастаменце з прыступкамі. Кожная стэла паказвае напрамак да храма адпаведнай  рэлігіі. Турыст, як мы пераканаліся, без цяжкасцяў зможа знайсці дарогу да  каталіцкага касцёла,  праваслаўнай царквы, мусульманскай мячэці і яўрэйскай сінагогі. Самым велічным помнікам Іўя з’яўляецца касцёл Пятра і Паўла, пабудаваны ў стылі барока ў 1787 годзе. Нашу ўвагу прыцягнула на гэты раз статуя Хрыста, якая нагадвае падобную, толькі буйнейшую і ўсталяваную ў Рыа-дэ-Жанейра. Дзякуючы гэтаму падабенству, Іўе, як мы даведаліся, яшчэ называюць «беларускім Рыа».

 

Таямніцы Гальшанскай зямлі

 

Другім прыпынкам маршруту стаў аграгарадок Гальшаны Ашмянскага раёна. На працягу свайго існавання гэты населены пункт быў акутаны таямніцамі і легендамі. Сёння турысты, і мы ў тым ліку, у першую чаргу наведваюць руіны Гальшанскага замка, які быў перабудаваны ў апошні раз магнатамі з роду Сапегаў у пачатку ХVІI стагоддзя. А першы ўспамін аб Гальшанах адносіцца да 1280 года. На жаль, велічны і магутны замак не захаваўся да нашага часу. Падчас знаёмства з гэтым аб’ектам гісторыка-культурная спадчыны мы ўбачылі цэглу-пальчатку, з якой пабудваны замак. Не змаглі не звярнуць увагу мы і на цудам захаваныя цагляныя аркі. Сёння замак знаходзіцца на рэстаўрацыі: адбудоўваецца вежа і часткова аднаўляюцца сцены правага крыла.

Знаёмячыся з гісторыяй Гальшан, нам пашанцавала ўдвая. Акрамя таго, што мы ўбачылі руіны замка і дакрануліся да яго старажытных сценаў, яшчэ   ўласнымі вачыма мы змаглі падзівіцца на вадзяны млын на рацэ Гальшанка, на касцёл святога Іаана Хрысціцеля, пабудаваны ў 1618 годзе, на праваслаўную царкву Святога Георгія Пераможца, дзе сёння захоўваюцца мясцовыя святыні: абразы святой праведнай Юльяніі, князёўны Альшанскай і прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай з часціцамі мошчаў. Шануюць і ганарацца мясцовыя жыхары славутай зямлячкай Соф’яй Гальшанскай, каралевай Польшчы, заснавальніцай вядомай дынастыі Ягелонаў. Менавіта ёй у 2006 годзе ў цэнтры аграгарадка быў устаноўлены помнік.

гальшанык2к

Наведваючы Гальшаны, мы заглянулі ў школьны гістарыч-на-краязнаўчы музей імя Эдуарда Корзуна (заснавальнік музея). Музей сёння мае статус народнага. І сапраўды, у гэтым мы пераканаліся падчас экскурсіі, якую нам правяла кіраўнік музея Яніна Іванаўна Корзун, жонка заснавальніка музея. Мы ўбачылі незвычайныя і рэдкія экспанаты, багатыя экспазіцыі, разнастайныя знаходкі, пачулі цікавыя паданні пра гарадзішча і князя Гольшу, Чорнага манаха і Белую Даму.

корзунккорзун2к

Пры выездзе з Гальшан мы спыніліся, каб наведаць гарадзішча. Такія аб’екты сёння не вельмі прыкметныя, але дзецям трэба ведаць і разумець іх значнасць для нашай гісторыі.

гарадзішчак

Славутасці  Баруноў

Наступным, трэцім прыпынкам стала вёска Баруны, якая знаходзіцца за 13 кіламетраў ад Гальшан. Пры ўездзе ў вёску мы спыніліся каля помніка падбітаму пад Барунамі ў гады Першай сусветнай вайны самалёту “Ілля Мурамец”. Помнік устаноўлены ў 2009 годзе, а падзеі, якім ён прысвечаны, адбыліся больш за 100 гадоў назад, у 1916 годзе. Візітнай карткай не толькі вёскі Баруны, але і ўсяго Ашмянскага раёна з’яўляецца касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў стылі віленскага барока. З  1780 года ў храме захоўваецца мясцовашанаваны абраз Маці Божай Барунскай.

 

Крэва ў гісторыі краіны

 

Чацвёртым населеным пунктам маршрута стаў аграгародок Крэва Смаргонскага раёна. Знаёмства з ім мы пачалі з наведвання школьнага народнага гісторыка-краязнаўчага музея. Экскурсаводы, вучаніцы 10 класа, цікава расказалі нам аб гісторыі населенага пункта, яго святынях і, канешне,  пра таямнічы і добра вядомы ў гісторыі Крэўскі замаку які быў калісьці вельмі падобны да нашага Лідскага замка ў плане забудовы, а яшчэ ў часе заснавання князем Гедымінам. Пасля захапляльнай экскурсіі ў музеі мы наведалі руіны замка. Нажаль, становішча яго сёння не вельмі прывабнае, але ж, як мы пераканаліся, рэканструкцыя пачалася. І заходняя сцяна ўжо часткова адноўлена.

Населены пункт Крэва ўвайшоў і ў гісторыю Першай сусвет-най вайны. Менавіта тут у 1915 годзе расійская армія змагла спыніць наступленне немцаў і замацавацца. Тры гады праз мястэчка праходзіла лінія фронту. Само ж Крэва было падзелена на дзве часткі рэчкай Крыўлянкай. Крэўскі замак аказаўся на нямецкім баку. Яго старажытныя сцены былі ўбудаваны ў першую лінію германскай абароны.

«Смаргонская мядзведжая акадэмія» і не толькі

 

Раённы цэнтр Смаргонь, які мы наведалі пятым, таксама ўвайшоў у гісторыю часоў Першай сусветнай вайны. З верасня 1915 па люты 1918 года праз Смаргонь праходзіла лінія руска-германскага фронту. У выніку баёў 16-тысячны горад ператварыўся ў руіны. Пасля 810-дзённай абароны ён практычна перастаў існаваць. Газеты таго часу называлі яго «мёртвым горадам». На смаргонскай зямлі засталося нямала напамінкаў аб тым страшным часе (доты, бліндажы, могілкі). У сучаснай Смаргоні ў 2014 годзе адкрыты мемарыяльны комплекс памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Мы наведалі мемарыяльны комплес, і адчулі сапраўдны жах падзей таго часу.

Але нас цікавілі і іншыя факты і славутасці  горада. Па-першае, мы пачулі гісторыю заснаван-ня ў XVII  стагоддзі знакамітай «Смаргонскай мядзведжай акадэміі» і ўбачылі скульптурную кампазіцыю «Мядзвежая акадэмія», якая размешчана на цэнтральнай алеі парку. Аўтар праекту — заслужаны дзеяч мастацтваў, майстар Уладзімір Церабун, чые ра-боты добра вядомы сёння  ва ўсёй Беларусі, менавіта ён з’яўляецца аўтарам праекту мемарыяльнага комплекса памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Пасля знаёмства з гісторыяй «мядзвежай акадэміі» ўсім нам адразу стала зразумела, чаму на гербе горада намаляваны чорны мядзведзь з радзівілаўскім гербам «Трубы», які стаіць на задніх лапах.

Па-другое, мы пазнаёміся ўласна з візітнымі карткамі горада: касцёлам Святога Міхаіла Арханёла, які быў пабудаваны ў XVI стагоддзі як кальвінскі збор, з царквой Праабражэння Гасподняга, асвечанай 6 верасня 2009 года на рэспубліканскае свята Дзень пісьменства. У гэты ж дзень у Смаргоні быў адкрыты помнік Францішку Багушэвічу, знакамітаму беларускаму пісьменніку. Сёння гэты помнік таксама стаў візітнай карткай горада.

Па-трэцяе, як не дзіўна, але Смаргонь лічыцца радзімай абаранкаў. Мяркуюць, што першапачаткова абаранкі прызначаліся для навучэнцаў- мядзведзяў, але з часам яны распаўсюдзіліся па ўсёй Беларусі і за яе межамі.

 

Самы незвычайны касцёл Беларусі

 

Апошнім і адначасова доўгачаканым стала для ўсіх вучняў знаёмства з касцёлам Святой Троіцы ў вёсцы Гярвяты Астравецкага раёна. Велічны, прыгожы храм, размешчаны ў цэнтры сада-дэндрарыя, здаецца сапраўдным караблём, які трымае шлях у вечнасць. Упрыгожваюць сад фігуры апосталаў. Таму тэрыторую перад касцёлам людзі называюць «Плошча дванаццаці апосталаў».  Дэндрарый  абгароджана ажурным кованым плотам. Вакол газонная траўка, незвычайныя  дэкаратыўныя кусты і кветкі… Касцёл Святой Троіцы па шчаслівым збегу абставінаў ні разу не быў разбураны. Таму нам, як і ўсім, хто прыязжае ў Гярвяты, пашчасціла ўбачыць сапраўдную  архітэктурную прыгажосць, а не рэканструяваную. Нездарма сёння гэтае ўтульнае места завуць «Беларускай Швейцарыяй»!

Апошнім нашым аб’ектам, які мы змаглі ўбачыць хаця б здалёк, стала будоўля Беларускай АЭС на тэрыторыі Астравецкага раёна. Не спыніцца, каб не зрабіць яшчэ адзін здымак у наш фота-архіў, мы не змаглі. Нячаста лю-дзям даводзіцца бачыць уласна будоўлі рэспубліканскага маштабу.

 

*   *   *

 

Вяртаючыся дадому пасля доўгага падарожжа па суседніх раёнах, вучні доўга абмяркоўвалі, каму што спадабалася, што найбольш ўразіла. Адказы былі самыя разнастайныя: ад экскурсій у школьныя музеі да агляду аб’ектаў. І галоўнае, нішто не засталося без увагі дзяцей. Упэўнена, падарожжа па Гарадзеншчыне надоўга запомніцца кожнаму вучню. А тых, хто яшчэ не вандраваў па маршруце «Ад Ліды да Гярвят», запрашаем здзейсніць падарожжа. Славутасці і тямніцы Гарадзенскага краю чакаюць вас!

Наталля Анашкевіч,

настаўніца СШ № 11

г. Ліды.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *