27 ліпеня на Лідчыне

Панядзелак, Жнівень 5, 2019 0

27 ліпеня на Лідчыне традыцыйна прайшло пад знакам ушанавання памяці паўстанцаў 1863 года. І няма нічога дзіўнага ў сумяшчэнні гэтай даты і гэтай памяці. 27 ліпеня 1990 года — дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі падвёў рысу пад многімі этапамі змагання за незалежнасць нашай краіны і стаў магчымым у многім і дзякуючы гэтаму паўстанню.

Урачыстасці пачаліся з імшы ў паўстанцкай капліцы ў былым засценку Станкевічы. Служыў імшу ксёндз Андрэй з касцёла Спаслання Святога Духа г. Бярозаўкі. Паводле легегнды гэтую капліцу паўстанцы склалі за адну ноч. Недзе ў пачатку 50-х гадоў НКВД вывезла ўвесь засценак Станкевічы ў Сібір, і капліца стаяла занядбанай. З Сібіры вярнулася толькі адна сям’я. Ужо ў 21 стагоддзі капліца была адноўлена, і хоць і рэдка, а тут бываюць набажэнствы.

капліца1ккапліца2к

Пасля імшы быў асвечаны крыж на магіле паўстанцаў 1863 года, адноўлены ваясной гэтага года ў былым фальварку Стрэліца. Ад Станкевічаў да Стрэліцы напрасткі — кіламетраў тры, таму найбольш верагодна, што пахаваны там паўстанцы з таго ж аддзела, які будаваў капліцу. Сюды на магілу была прывезена зямля з магілаў паўстанцаў у Вільні і далучана да векавечнай зямлі кургана. Асвяціў крыж ксёндз Андрэй.

крыж1к

Пасля Стрэліцы сябры розных груп грамадскасці наведалі мемарыял у Шчытніках паміж Малым Ольжавам і Моха-вічамі. Сюды таксама прывезлі зямлю з вілен-скіх магіл. Дарэчы, там  у Вільні было пахавана вельмі шмат лідзян, расстраляных і павешаных за ўдзел у паўстанні.

І апошнім пунктам стаў млын у Дворышчы, дзе была адкрыта першая ў Беларусі  арт-выстава, прысвечаная паўстанню 1863 горда на Лідчыне. Арт-выстава — гэта шэсць вялікіх пластыкавых планшэтаў на стойках. Тут дзясяткі партрэтаў, да сотні імёнаў і вялікі аб’ём інфармацыі. Выстава рыхтавалася для Тарноўскай школы (бліжняй ад мемарыяла ў Шчытніках) і рабілася ў мабільным варыянце, каб можна было перавозіць яе са школы ў школу. Усё было ўзгоднена з аддзелам адукацыі, але потым улады далі задні ход, і выстава размясцілася на прыватнай тэрыторыі.

Падчас  адкрыцця было сказана пра гатоўнасць да адкрыцця музея паўстання. Ёсць цэлы паверх у 600 кв. м, але адным лідзянам падняць гэта будзе цяжка. Гэта мусіць быць агульнанацыянальны праект. Беларуская грамадскасць сёння ўжо можа ўласнымі сіламі стварыць такі музей.

IMG_4414

У гонар паўстанцаў прагучалі патрыятычныя песні ў выкананні Зміцера Захарэвіча. Нажаль, вялікі канцэрт арганізаваць не выйшла, бо ўсе гэтыя дзеі занялі час з 14.00 да 19.00. Дзень быў перагружаны, але ўсё трэба было зрабіць.

зміцерк

Тыя, хто захоча наведаць выставу, маюць звяртацца ў лідскую турфірму “Адрас лета”: 231300, Рэспубліка Беларусь, г. Ліда, вул. Чапаева, 8. Тэлефоны: 8 — (0154) 52-43-44, 8 — (029) 88-22-119, 8 — (0154) 53-03-03, 8 — (044) 500-500-9,

E-mail: adresleta@gmail.com.

Першыя цікаўныя ўжо ёсць.

Яраслаў Грынкевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *