Бог! Гонар! Айчына!

Панядзелак, Жнівень 12, 2019 0

Гэтым слоганам вітала праваслаўнае паселішча «Шляхам Ефрасінні Полацкай» усіх ахвочых адпачыць — дзяцей і іх бацькоў — з розных мястэчак Лідчыны. Духоўнікам паселішча запрасілі айца Аляксея Глінскага з прыходу Хрыста Збаўцы.

Берагі слыннага Нёмана, магутныя векавыя дубы-веліканы сустрэлі дарослых і дзяцей ва ўсёй сваёй прыгажосці.

Адкрыццё паселішча адбылося 24 ліпеня святочным канцэртам. На канцэрце гучала наша народная песня «Купалінка» ў выкананні музычнага кіраўніка Аляксандры Рубан. Дзеці падрыхтавалі танцавальныя, песенныя, гумарыстычныя нумары — і свята адпачынку распачалося!

Кожны дзень быў напоўнены новымі прыгодамі і таямніцамі. Выхавацелі Валянціна Грышкевіч, Алена Салаўёва, Наталля Тананушка, Маскалёвы Таццяна і Ігар зладзілі разам з дзецьмі і дарослымі сапраўдную археалагічную экспедыцыю. Раскопкі вяліся зранку, а ўдзень і ўвечары адбываліся гульні, імпрэзы і спаборніцтвы. Асабліва запомнілася ўсім «Вечарына для ног», якая адбылася пасля раскопкі «адбітка нагі старажытнага чалавека». Давялося нават асвоіць жывапіс нагамі ў адным з конкурсаў! Дарэчы, перамагла каманда дарослых!

1

За бяспекай і фізічным здароўем дзяцей сачыў кіраўнік фізічнага выхавання спадар Раман Маляўскі. Кожны сонечны дзень арганізоўвалася зарадка з бегам па лясных сцяжынах Панямоння, купанні ў Нёмане.

А якія ж смачныя бела-рускія стравы гатавала палявая кухня начале з шэф-поварам матушкай Вольгай. Ёй дапамагалі спадарыня Лідзія Смокат, Валянціна Улас. Цяжкую працу на кухні выконвалі спадары Сяргей Трафімчык і Сяргей Сідарэнка.

Духоўнік айцец Аляксей запрасіў дзяцей і дарослых паселішча ў нядзелю ў пешы паход да вёскі Дзям’янаўцы на нядзельную службу ў царкву прападобнага Сергія. На службу завіталі і мясцовыя жыхары, якія з захапленнем слухалі спевы ў выкананні матушкі Вольгі, а таксама Кацярыны Рубан, Валянціны Грышкевіч.

Дзень за днём паселішча наведвалі госці. Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава ладзіла сапраўдныя народныя танцы і спявала з дзецьмі песні на роднай мове. Бард, паэт Віктар Шалкевіч завітаў таксама з песнямі пад гітару. Вядовец бясплатных курсаў «Мова нанова ў Лідзе» спадар Алег Лазоўскі і спадарыня Марыя Ганчар правялі занятак па тэме «Сваякі», ладзілі народныя  рухомыя гульні з падарункамі для самых актыўных удзельнікаў. Лідскі бард Сяргей Чарняк разам з акцёрамі прывёз на паселішча батлейку з сядзібы «Гасціна» са спектаклем «Чарнакніжнік», які з захапленнем сустрэлі апладысментамі і дзеці, і дарослыя.  Завітаў да дзяцей у паселішча і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Асабліва хацелася б адзначыць, што дзеці размаўлялі з уладыкам і задавалі яму пытанні толькі па-беларуску!!!

Асабліва запомніцца ўсім «жыхарам» праваслаўнага паселішча той дзень, калі ў госці завіталі рыцары з Лідскага клуба «Дайнава». Дзеці пачулі гісторыі рыцарскіх эпох, змаглі ўбачыць і нават прымераць даспехі, патрымаць у руках рыцарскую зброю. І скончыўся той дзень інсцэнізацыяй  аднаго са значных гістарычных момантаў гісторыі Беларусі — «Грунвальдскай бітвы». Дзеці падзяліліся на дзве каманды: «Крыжакі» і «Ліцвіны», спаборнічалі ў моцы, спрыце і хуткасці.  Цяжка было суддзям вырашыць, хто ж найлепей прызнаецца ў каханні даме свайго сэрца: «Вітаўт» ці «Ульрых фон Юнгінген», у якіх пераапрануліся галоўнакамандуючыя варожых бакоў. Але гісторыю немагчыма перапісаць! Канешне, атрымалі перамогу «Ліцвіны». Асабліва задаволенымі ад такіх спабортніцтваў засталіся хлопчыкі!

3танецк

У дзень закрыцця ў госці да жыхароў паселішча завітаў спадар Зміцер Бартосік са сваёй сям’ёй. Заспявалі этнічныя песні пад жывую музыку ля вогнішча, вакол якога гучала ўвесь вечар дзіцячая беларуская гутарка! А дзеці і дарослыя атрымалі ў падарунак майкі з эмблемай праваслаўнага паселішча.

Упэўнена, у наступным годзе і дзеці, і дарослыя будуць чакаць новай сустрэчы на беразе Нёмана. Ізноў загучыць родная мова на абшарах Панямоння з вуснаў маленькіх беларусаў, ізноў разляціцца ў  паветры гучна і з любоўю духоўны гімн беларусаў «Магутны Божа»…

Наталля Тананушка.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *