Навіны Германіі. Пасол Германіі: Нямецкія кампаніі ў Беларусі — не для таго, каб сарваць хуткія грошы

Аўторак, Кастрычнік 8, 2019 0

Нямецкія кампаніі прыходзяць у Беларусь не для таго, каб сарваць хуткія грошы і сысці з рынку, а каб застацца. Пра гэта заявіў пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутарэр, выступаючы 26 верасня ў Менску на 10-м Дні нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь.

— Гэта з’яўляецца часткай нямецкага гандлю і філасофіі. Цэлы шэраг буйных канцэрнаў, а таксама сярэдніх нямецкіх прадпрыемстваў ужо шмат гадоў актыўна працуе ў Беларусі, і за іх плячыма — сітуацыя, якая паспяхова развіваецца. Былі ўзлёты і падзенні кан’юнктуры, перажывалі эканамічныя крызісы, здараліся і палітычныя звады. Але і гэтыя складаныя перыяды кампаніям удалося пераадолець, і таму радасна бачыць, што міжнародныя адносіны паміж нашымі краінамі зноў дынамічна развіваюцца, — сказаў Хутарэр.

На яго думку, адносіны паміж дзвюма краінамі «ўстойлівыя і арыентаваны на доўгатэрміновасць». Дыпламат адзначыў, што знешнегандлёвы абарот зноў набліжаецца да рэкорднага 2012 года, а інвестыцыі ў 2018 годзе дасягнулі максімальнай адзнакі.

— Гэта не толькі пацвярджэнне выніковасці нашых намаганняў, а адначасова абавязацельствы і стымул. Мы жывём у такі час, калі ўмовы для прадпрыемстваў мяняюцца хуткаплынна. Для таго, каб на доўгатэрміновым узроўні забяспечыць уздым у эканамічных адносінах паміж нашымі краінамі, неабходныя намаганні з абодвух бакоў, — лічыць пасол.

Кіраўнік дыпмісіі заявіў аб неабходнасці здымаць гандлёвыя бар’еры і развіваць кааперацыю, паляпшаць інвестыцыйны клімат для нямецкіх прадпрыемстваў у Беларусі і дапамагчы беларускім прадпрыемствам выйсці на нямецкі рынак.

— Гэта задача будзе нялёгкай, аднак ёсць вельмі добрыя перадумовы для таго, каб ісці па гэтым шляху, — падкрэсліў пасол.

Паводле яго слоў, эканомікі Германіі і Беларусі падобныя, паколькі моцна развіты прамысловы сектар, ёсць нацэленасць на экспарт і «высокая працоўная этыка». Акрамя таго, Беларусь — гэта мост паміж Усходам і Захадам, член у ЕАЭС і сусед Еўрасаюза, мае высокаадукаваную працоўную сілу і IT-сектар, які дынамічна развіваецца.

— Гэта фактары, якія ўплываюць на тое, што Беларусь з’яўляецца выдатным эканамічным партнёрам для Германіі. Я мяркую, што ў галіне тэхналогій Германія можа адыгрываць яшчэ большую ролю ў мадэрнізацыі, развіцці і дыверсіфікацыі беларускай эканомікі ў многіх яе ключавых галінах, — сказаў Хутарэр.

БелаПАН.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *