Навіны Германіі. У Германіі тысячы курдаў пратэставалі супраць наступу Турцыі ў Сірыі

Панядзелак, Кастрычнік 21, 2019 0

Пратэстуючы супраць турэцкага наступу ў Сірыі, тысячы курдаў у суботу, 12 кастрычніка, выйшлі на дэманстрацыі ў розных гарадах Германіі, паведамляе dw.com. У адным толькі Кёльне ў пратэстным маршы ўзялі ўдзел больш за 10 тысяч чалавек, у Франкфурце-на-Майне — 4 тысячы, у Брэмене — каля 2 тысяч. Яны патрабавалі спынення ваеннай аперацыі на паўночным усходзе Сірыі і асудзілі дзеянні прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.  Дэманстранты прайшлі калонай па вуліцах Кёльна, у руках яны трымалі розныя курдскія сцягі і траспаранты. Натоўп скандаваў «Эрдаган — тэрарыст!» і «Ніякай нямецкай зброі для авантур Эрдагана!». Пратэстны марш прайшоў мірна, за парадкам на месцы дэманстрацыі сачылі каля некалькіх сотак паліцыянтаў. Паліцыянты таксама засцерагалі пратэстоўцаў ад дэманстрацыі сімволікі Рабочай партыі Курдыстана, прызнанай у Езразвязе тэрарыстычнай арганізацыяй. Масавыя акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Францыі. Толькі ў Парыжы на вуліцы выйшла больш 20 тысяч чалавек.

У выніку пратэстаў Германія і Францыя спынілі продаж зброі Турцыі.

У Германіі існуе вялікая курдская грамада, якая  налічвае каля 650000 — 800000 чалавек.   Курдская грамада ў Германіі працягвае прырастаць у выніку беспарадкаў у Сірыі.

У Германію курдскія рабочыя — імігранты з Турцыі ўпершыню прыбылі ў другой палове 1960 — х гадоў. Тысячы курдскіх ваенных і палітычных бежанцаў уцяклі з Турцыі ў 1970 — х і пазней, з Ірака і Ірана — у 1980 — х і 1990 — х гадах, а таксама з Сірыі, асабліва ў час сірыйскай грамадзянскай вайны. У кастрычніку 2014 года,  8 жніўня 2015 года, тысячы курдаў у Германіі выступалі супраць турэцкіх паветраных удараў па курдскім цывільным насельніцтве.

Беларускае Радыё Рацыя.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *