Пілігрымка нясвіжскага ТБМ у Сейлавічы

Аўторак, Кастрычнік 8, 2019 0

29 верасня сябры ТБМ, і не толькі, у асноўным з Нясвіжскага раёна (Нясвіж, Карцэвічы, Гарадзея, Навасёлкі), а і з Менска (старшыня ТБМ Алена Анісім) наведалі вёску Сейлавічы Нясвіжскага раёна, дзе ўзялі ўдзел у прэзентацыі кніжкі Станіслава Судніка “Пілігрымка дадому”. “Пілігрымка…” выйшла год назад, паспяхова разышлася, прайшла прэзентацыя ў Лідзе, а вось нясвіжскія ўлады неяк пра тое не парупіліся. Таму грамадскасць вырашыла зрабіць гэта сама і так, як гэта бывала ў Вялікім Княстве.

пілігрымкак

Уся дзея адбывалася ў сейлавіцкім касцёле, на радзіме аўтара. Спачатку ксёндз Пётр з Нясвіжа адслужыў імшу за здароўе аўтара  і павіншаваў яго з 65-годдзем. А пасля старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса распачала саму прэзентацыю, якая перамяжалася з віншаваннямі.

ксёндзклюдзіккалтарнаташаканісімкпрамовак

“Пілігрымка дадому” — кніжка пра гэтую вёску, гэты касцёл, гэтую каплічку, гэтую цудадзейную фігурку Езуса Хрыстуса, якая не пакідае Сейлавічы з часоў уніі, перажыла ўсе войны і ўсе ўлады і стаіць сабе ў каплічцы, пра гэтых людзей. На прэзентацыі прысутнічалі і фактычна  галоўная гераіня кніжкі Гелена Міхайлаўна Кувалдзін, і Ян Мысліцкі — сын згаданага ў кніжцы самадзейнага мастака Юзафа Мысліцкага, і кіраўнік Польскага дома з Нясвіжа Часлава Суднік, і саслужывец С. Судніка ў Казахстане Мікола Усовіч, і, галоўнае, тутэйшыя парафіяне з Сейлавіч, Затур’і і інш., для якіх гэтая кніжачка і пісалася.

касцёлкапліцафігуркак

Многія з гасцей былі ў Сейлавічах упершыню і адкрылі для сябе цэлы новы свет. Сейлавічы стаяць каля дрыговіцкіх курганоў 11-13 стагоддзя, за тры кіламетры вёска Кунаса носіць імя ўнука ці праўнука легендарнага Палямона, а алтарык Езуса Хрыстуса ў каплічцы аздоблены яцвяжскім арнаментам…

І навошта тыя ідэолагі з іхнімі дазволамі, бібліятэкамі і клубамі. Пішыце добрыя і справядлівыя кнігі, прэзентуйце іх у цэрквах і касцёлах, перад сваімі людзьмі, пішыце так, каб увесь касцёл на словы ксендза: “Молімся за такога і такога паэта”, — адказваў: “Выслухай нас, Пане”. І тады і літаратура будзе лепшай, і лепшым будзе народ.

Няхай будзе так.

Выслухай нас, Пане!

Яраслаў Грынкевіч.

Фота Валерыя Дранчука і Марыны Секержыцкай.   

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *