Літаратурны салон “Над Лідзейкай” пачаў дзейнасць у Лідскім замку

Аўторак, Лістапад 5, 2019 0

15 кастрычніка адбылася першая сустрэча ў літаратурна-музычным салоне “Над Лідзейкай”. Сустрэча прайшла ў канферэнц-зале Лідскага замка. Праграму “Беларускім шляхам” прадстаўлялі паэт Станіслаў Суднік і бард Сяржук Чарняк.

Адкрыццё літаратурна-музычнага салона “Над Лідзейкай” спланавана Лідскім гістарычна-мастацкім музеем яшчэ вясной 2019 года, але там — то лета, то спроба іншых форм дзейнасці кшталту “Вершы з балкона”, то свята горада, і вось дайшла чарга да салона. Меркавалася, што ён будзе ў Доміку Таўлая, але вялікая зала доміка аказалася распісанай пад планавыя выставы, а адкладваць не хацелася, таму дырэктар музея прапанавала канферэнц-залу Лідскага замка, якая зусім побач і якая вечарамі бывае вольнай.

як

Праграма “Беларускім шляхам” паэта Станіслава Судніка і барда Сяржука Чарняка сталася пашыранай версіяй выступлення ў Менску ў канцы верасня. Актыўны ўдзел у лідскай праграме ўзяў актор Алег Лазоўскі.

Праграма ў некаторай ступені была настроена на хвалю вельмі някруглай даты — 31 года прыходу абодвух аўтараў у беларускі нацыянальны рух. У 1988 годзе ў Прыазёрску ў Казахстане пачала дзейнічаць беларуская арганізацыя, і ў тым жа 1988 годзе ў Лідзе пачала дзейнасць беларуская суполка “Рунь”. Акрамя С. Чарняка на імпрэзе быў яшчэ адзін рунёвец — Леанід Лаўрэш, ды і Лявон Анацка з той жа эпохі.

Дзея, пачатая вершамі і песнямі 80-х і 90-х гадоў, плаўна рухалася бліжэй да нашага часу і закончылася песняй “Бацькава хата”, напісанай месяц назад.

чарнякк

У выніку, што атрымалася, тое атрымалася, многія вершы і песні ішлі толькі на слых. Яны нідзе не запісаны, нідзе не апублікованы, прагучалі і або запомніліся, або забыліся.

залак

Салон у 2019 годзе адпрацуе ў тэставым рэжыме, а ў 2020 годзе Ліда — культурная сталіца Беларусі. Відочна, салон змесціцца ў Домік Таўлая, стабілізуецца форма сустрэч, перыядычнасць, кантэнт, бо надзвычай важна, каб у літаратурным музеі літаратурная Лідчына не ціха выцвітала на сценах і пылілася ў папках, а гучала ва ўвесь голас, гучала па-беларуску і для беларусаў. Беларускі голас мусіць быць чуцён, ён мусіць быць прыгожым і прыцягальным.

Яраслаў Грынкевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *