Навіны Германіі. Беларускія ВНУ зацікаўленыя ў студэнтах з Германіі

Серада, Лістапад 13, 2019 0

Беларускія ВНУ зацікаўлены ў прыцягненні на навучанне і стажыроўкі грамадзян Германіі, заявіў міністр адукацыі на сустрэчы з паслом Германіі ў Беларусі Манфрэдам Хутарэрам 30 кастрычніка ў Менску. Пра гэта паведаміла прэс-служба міністэрства. Паводле слоў Карпенкі, установы адукацыі гатовыя праводзіць для нямецкіх грамадзян моўныя, навуковыя і навукова-тэхнічныя стажыроўкі па актуальных кірунках навукі і інавацыйнай дзейнасці, а таксама запрашаюць іх да ўдзелу ў міжнародных адукацыйных і навуковых мерапрыемствах. Паміж Беларуссю і Германіяй дзейнічаюць 110 прамых міжуніверсітэцкіх дамоў аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і навукі, адзначыла прэс-служба ведамства. З пачатку 2019 года заключана восем такіх дамоў. Міністэрства адукацыі разлічвае таксама на падтрыманне больш цесных кантактаў на ўзроўні ўстаноў адукацыі дзвюх краін для выканання сумесных праектаў у рамках праграм Erasmus+, Horizont 2020 і MOST; прыцягнення спецыялістаў вядучых нямецкіх універсітэтаў да чытання лекцый, правядзення навучальных семінараў, летніх школ (па кірунках) у беларускіх універсітэтах, сумесных навуковых даследаванняў. Таксама міністэрства «цэніць вопыт узаемадзеяння ў рамках праграмы Германскай службы акадэмічных абменаў DAAD«, адзначыў у гутарцы з паслом Карпенка. Манфрэд Хутарэр выказаў зацікаўленасць у захаванні дынамікі адносін, якія «прыводзяць да паглыблення ўзаемаразумення ў вырашэнні шматлікіх пытанняў». Абодва бакі адзначылі паспяховае правядзенне сумесных адукацыйных праектаў і мерапрыемстваў. Гэта, у прыватнасці, праект «Дыплом нямецкай мовы I і II ступені», які рэалізуецца з 2008 года пры ўдзеле школ Берасцейкай, Гарадзенскай, Менскай абласцей і Менска. У 2015 годзе да яго далучыліся школы Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Менску і Цэнтральнага ўпраўлення па справах школьнай адукацыі за мяжой беларускія школы рэалізуюць праект «Школы: партнёры будучыні». У дзіцячых садках сталіцы, Полацка і Наваполацка (Віцебская вобласць) праводзіцца праект «Ранняе навучанне замежнай мове». Наладжаны прадуктыўныя кантакты паміж установамі вышэйшай адукацыі і навуковымі арганізацыямі дзвюх краін, у тым ліку на рэгіянальным узроўні (з землямі Саксонія, Ніжняя Саксонія, Баварыя). Рэалізуецца шэраг грамадска значных гуманітарных праектаў, накіраваных у тым ліку на аказанне садзейнічання сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі і іншымі патрэбамі, адзначаецца ў рэлізе. У Мінадукацыі падкрэслілі, што Германія традыцыйна лідзіруе сярод краін, якія аказваюць Беларусі садзейнічанне ў пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Штогод адтуль паступае да 20% агульнага аб’ёму замежнай бязвыплатнай дапамогі. Паводле дадзеных дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, у 2018 годзе Германія прыняла на аздараўленне 2.316 беларускіх дзяцей, за мінулы перыяд 2019 года — 1.958.

БелаПАН.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *