Рэгіянальнае фальклорна-экалагічнае свята «Алена-Льняніца» адбылося ў Ганчарскім Доме культуры

Серада, Лістапад 13, 2019 0

Пытанні экалогіі і пытанні захавання адвечнай культуры стаяць побач. Нягледзячы на тое, што прыродныя рэсурсы ў Беларусі, асабліва, што тычыцца тэхнічных раслін, былі моцна абмежаваныя, беларусы вельмі эфектыўна іх выкарыстоўвалі і забяспечвалі ўсе свае патрэбы. Беларусы выкарыстоўвалі дзве асноўныя расліны для атрымання валакна: лён і каноплі. Тое, што валакно можна атры-моўваць з крапівы, паспяхова забыліся. Раслінны алей у Беларусі таксама быў у асноўным ільняны. Сланечнікавы алей у Заходнюю Беларусь прыйшоў разам з калгасамі, і да яго вельмі доўга і неахвотна прывыкалі.

Лён апрацоўвалі ўручную яшчэ ў 60-я гады. Сям-там ткалі яшчэ і ў 70-я. Вяроўкі вілі і ў 80-я, ды і цяпер, каб было з чаго, то шмат хто ўмее. Таму традыцыя апрацоўкі лёну, хоць і сягае ў стагоддзі, але яшчэ абсалютна жывая. А зараз, калі чалавецтва стала перад праблемай пластыку, беларусам не трэба хадзіць далёка. Льняная торбачка паспяхова заменіць той самы апальны пластыкавы пакет.

з косамі

27 кастрычніка ўдзельніц з Карэліцкага, Воранаўскага, Іўеўскага, Лідскага раёнаў сабраў пад дахам Ганчарскага Дома культуры рэгіянальны фальклорна-экалагічны  конкурс «Алена-Льняніца». Канкурсанткі спаборнічалі ў 6 відах: «Давайце пазнаёмімся «(візітоўка), «Дзяўчына без касы не мае красы» (пляценне касы з ільну), «Льняная асалода» (прыгатаванне страў з ільну, хатняе заданне), «Лён — кашуля ў полі» (касцюм з ільну, хатняе заданне), «Церці лён — ляціць кастрыца» (трэнне ільну), «Свет захапленняў» (уласнае хобі, хатняе заданне).

труцьквымаек

У выніку карону «Алена-Льняніца» атрымала Дзіяна Валацко з г. Бярозаўкі. Наталля Жук з Карэліцкага раёна атрымала тытул «Алена-прыязнасць», Антаніна Мілько з г.п. Воранава атрымала тытул «Алена-дбайнасць», Юзэфа Старасціна з Іўеўскага р-на — тытул «Алена-спрытнасць», а Алена Рудзінская з аграгарадка Ганчары Лідскага раёна атрымала тытул «Алена-гаспадынька».

Настрой на свяце ствараў тытулаваны ўзорны танцавальны калектыў «Крышталікі» і фальклорны дзіцячы гурт «Крынічка» Бярозаўскага Дома культуры.

крышталікік

Безумоўна, на наступны год трэба прыцягваць і мужчын, скажам, конкурс на віццё вяроўкі на час можа вельмі ўпрыгожыць усё свята. І крытэры выпрацаваць зусім не цяжка, абы ахвота была.

Тэма змагання за экалогію праз каультуру блізкая многім структурам. Так конкурс «Алена-Льняніца» падтрымалі і Лідскі аддзел культуры, і Карэліцкі льнозавод, і газета “Наша слова” і іншыя.

Наш кар.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *