Сцежкамі малой радзімы

Нядзеля, Лістапад 10, 2019 0

Як некалі ў Савецкім Саюзе чацвер быў рыбным днём, так сёлета на Лідчыне аўторак запрэтэндаваў на тое, каб стаць днём літаратурым. Раней усе літаратурныя імпрэзы адбываліся, як правіла, у сераду, але зараз па серадах кожны тыдзень праходзяць курсы “Мова нанова”, раз на месяц у сераду адбываюцца паседжанні літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, таму трэба было змясціцца на чацвер ці аўторак. Выбралі аўторак.

У аўторак, 22 кастрычніка, Лідчыну наведалі адзін з найлепшых паэтаў Беларусі Міхась Скобла і знакамітая спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава.

Традыцыяй Лідчыны ёсць выступленні ў сельскіх школах Лідскага раёна. На гэты раз госці наведалі школу в. Дворышча. Тут да іх далучыўся тутэйшы краязнавец 78-гадовы Віктар Іванавіч Кудла.

У актавай зале сабралася ўся школа, таму і тэматыка выступаў, якія ўмоўна ўкладваліся ў праграму “Сцежкі малой радзімы”, была адпаведнай: пра тое, як грыбы на вайну збіраліся, пра нашыя рэкі і інш. Гучалі песні “Трэба дома бываць часцей”, “Мой родны кут”  і г.д.

танякіміхаські

Віктар Кудла зрабіў невялікі экскурс у мінулае Дворышча, нагадаў, што ў наступным годзе населенаму пункту будзе 500 гадоў і што гэтую дату ніяк нельга прапусціць, а яшчэ пра непачаты край краязнаўчых росшукаў, якія  могуць правесці ў тым ліку і вучні школы.

дворкікудлакі

А тое, што ў Дворышчы гісторыя не замерла ў мёртвых руінах, відно адразу ад павароту. Тут літаральна сёлета прыведзены ў парадак месца былой капліцы і старыя могілкі. А стары вадзяны млын стаў сапраўдным музеем. Менавіта тут сёлета разгорнута першая ў Беларусі экспазіцыя, прысвечаная паўстанню 1863 года на Лідчыне.

 

Другая сустрэча адбылася ў Лідскім політэхнічным ліцэі. Гэта таксама стала ўжо добрай традыцыяй штогод наведваць гэты ліцэй з літаратурнымі імпрэзамі. Будучыя будаўнікі, аўтаслесары не мусяць быць адарванымі ад беларускай культуры і літаратуры. Навучэнцы ліцэя актыўна ўдзельнічаюць у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, тут здымаюцца ролікі па беларускіх творах. Адпаведна і тэматыка выступаў тут была больш “дарослай”. Але тое, што дома трэба бываць часцей, гучала і тут і было асабліва блізкім аднаму навучэнцу — нядаўняму выпускніку той самай Дварышчанскай школы.

скоблакіліцэйкі

У імпрэзах бралі ўдзел намеснік старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Сяргей Трафімчык і старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

Яраслаў Грынкевіч.  

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *