Уласны досвед удзелу ў перапісе

Аўторак, Лістапад 5, 2019 0

Перапіс па Інтэрнэце — справа выдатная, нікуды не трэба ісці, нікога не трэба пускаць у хату. Запоўніў, як захацеў, запісаў, што захацеў. Ніхто не навяжа табе рускую мову, бо “мы ўсім пішам рускую”, ніхто не пачне схіляць напісаць дзве мовы і г.д. Але жывыя стасункі з перапісчыкамі таксама нечага вартыя, бо перапіс па Інтэрнэце закончыўся, перапісалася недзе каля 2 мільёнаў, а астатнія 7 мільёнаў з лішнім павінны перапісаць перапісчыкі.

Ва ўсіх гарадах адкрыты стацыянарныя перапісныя ўчасткі. У Лідзе іх чатыры.

Перапісны ўчастак № 2 г. Ліды. Загадчык участка — Вольга Козіч. Гадоў 20 з нечым.

На пытанне, ці ёсць анкета на беларускай мове (канешне, электронная), адказвае:

— Калі ласка, — пераходзіць на літаратурную беларускую мову і вядзе па-беларуску ўсю гутарку ад пачатку да канца без адзінай памылачкі.

Лёгка і нязмушана разбіраецца з усімі кустамі ажыны, агрэсту, глогу, шыпшыны, парэчак і інш. Ведае трускалкі, хаця ў анкеце, як падалося, стаяць “клубніцы” і г.д.

Ну і чаго мы маем хацець ад гэтай улады ў пытанні перапісу, калі яго праводзяць такія высокаадукаваныя спецыялісты, як Вольга Козіч? Не скажу за ўсю Беларусь і нават за ўсю Ліду, але за ўчастак № 2 можна быць спакойным. Тут будзе ўсё аб’ектыўна.

І хочацца парадавацца за тую ж Ліду, бо калі ёсць такія маладыя спецыялісты з такім бездакорным валоданнем мовай, то не ўсё ў нас прапала, што б там ні налічылі ў цэлым па астатняй Беларусі.

Станіслаў Суднік.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *