«Аўтар за кадрам»: сустрэча з фотамастаком Уладзімірам Янцэвічам

Аўторак, Снежань 10, 2019 0

У кастрычніку 2019 года ў Доме В. Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея па вуліцы Замкавая, 7 адкрылася фотавыстаўка «Жыццё ў кадры», прысвечаная фотамастаку  Яўгену Сяргеевічу Пятакіну, былому супрацоўніку «Лідскай газеты».

20 лістапада яе наведалі вучні 7 «Б» класа СШ №11 г. Ліды, якія акунуліся ў сапраўдны свет фотамастацтва. Іх увагу прыцягнулі не толькі фотаздымкі мінулых гадоў, але і імправізаваная фоталабараторыя, дзе прадстаўлены сапраўдныя рэчы, з дапамогай якіх у мінулым фотамастакі маглі вырабляць фотаздымкі. Сёння, канешне, зрабіць фатаграфію значна лягчэй, і маладыя людзі ў большасці нават не задаюцца пытаннем: а як гэта было раней?

хітрунк

Сапраўдным падарункам для школьнікаў стала сустрэча пад назвай «Аўтар за кадрам» з лідскім фотамастаком і паэтам Уладзімірам Сяргеевічам Янцэвічам.

Лідскі фотамастак у выставачным пакоі арганізаваў для юных наведвальнікаў музея прагляд слайдаў на тэму малой радзімы, дякуючы якім вучні змаглі дазнацца пра гісторыю ўзнікнення фотаздымкаў, якія, між іншым, былі зроблены на тэрыторыі Ліды і за яе межамі. Пад ціхую лірычную мелодыю і аўтарскае чытанне вершаў, якія былі ўласна напісаны лідскім паэтам, вучні акунуліся ў свет прыроды і здзейснілі падарожжа па ўсіх порах года, якія і былі прадстаўлены на слайдах фотамастака.  Усё гэта нагадала дзецям казку «Дванаццаць месяцаў»: снежныя гурбы, іскрысты іней, хуткі ручай, пралескі, прыгожыя птушкі і кветкі, рознакаляровая лісце дрэў….

З задавальненнем Уладзімір Сяргеевіч адказаў і на пытаннні вучняў. Таксама ўсе дазналіся і аб тым, што госць сустрэчы — аўтар фотапаштовак і фотакарцін, з якімі знаёмы многія лідчане.

дзецік

Хочацца падзякаваць Уладзіміру Сяргеевічу Янцэвічу і куратару мерапрыемства Алесю Часлававічу Хітруну за цікавую і пазнавальную сустрэчу пад таямнічай назвай «Аўтар за кадрам». Гэтыя кадры мы, вучні сярэдняй школы № 11, раім убачыць усім жыхарам і гасцям нашага горада. Фотавыстава «Жыццё ў кадры» і сустрэча пад назвай «Аўтар за кадрам» чакаюць вас!»

Наталля Анашкевіч,

настаўніца СШ № 11 г. Ліды.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *