Фальклорна-абрадавая праграма «Піліпаўскія вечары» запрашаюць у госці ўсіх!

Аўторак, Снежань 24, 2019 0

У апошні восеньскі дзень, 30 лістапада, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адбылася фальклорна-абрадавая праграма «Піліпаўскія вечары». Пабыць у атмасферы Піліпаўскіх вечароў і даведацца, як калісьці дзяўчаты і хлопцы мясцовых вёсак праводзілі час, атрымалі магчымасць навучэнцы 7 «Б» класа СШ № 11 г. Ліды.

З першых хвілін вечара школьнікі акунуліся ў свет жыцця вясковай моладзі. Як мы даведаліся, дзяўчаты 15-17-гадовага ўзросту збіраліся ў адной з жыхарак вёскі. Кожная несла калаўрот ці нешта іншае для таго, каб правесці вечар весела і з карысцю. Сустракала гасцей гаспадыня, якая вельмі любіла спяваць. Пакуль сяброўкі працавалі, гаспадыня дома, дзе праходзіла сустрэча, рыхтавала вячэру. Абавязковым элементам Піліпаўскіх вячорак быў прыход хлопцаў. Групе хлопцаў запрашэнне не патрабавалася. Яны за вечар абыходзілі ўсе хаты, дзе былі вячоркі. Падчас працы хлопцы падсаджвалася да дзяўчат, жартавалі. Дзіўна, але, нягледзячы на пост, у доме ўладкоўваліся танцы. Музыкаў спецыяльна не наймалі. Пайграць для танцаў мог хтосьці з прысутных хлопцаў. У нядзелю і святы дазваляліся гульні ў фанты, колцы, явар, рэпу. Калі дзяўчына хлопцу падабалася, то ён імкнуўся правесці яе дадому, прапанаваўшы паднесці калаўрот.

танцык

Нашы бабулі ўмелі праводзіць час за працай. Менавіта таму праграма атрымалася насычанай: ўключала вясёлыя апавяданні пра жыццё ў вёсцы, востры гумар, гульні, гісторыі і нават танцы, што, вядома, не магло пакінуць абыякавымі ўдзельнікаў свята. Школьнікі з задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях і танцах.

Актуальныя абрады і сёння. Звычаі Піліпаўскіх вечароў, дзя-куючы работнікам Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, сталі ўнікальнай асновай для сцэнічных пастановак, а таксама анімацыйных праграм, у чым мы асабіста пераканаліся. Гэта дае магчымасць маладым людзям паспрабаваць свае сілы ў характэрных для перыяду посту занятках, паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях, танцах, пакаштаваць посныя стравы беларускай кухні.

зверхук

На жаль, вячоркі як форма правядзення часу перасталі існаваць, але, дзякуючы неабыякавым людзям, сёння яны адраджаюцца, і хоць толькі на фальклорных святах, але заўсёды праходзяць на ўра!

Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ№11 г.Ліды.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *