Навіны Германіі. Маладыя ў Германіі запусцілі паветраны шарык з паштоўкай, а ён прызямліўся ў Ружанах

Аўторак, Снежань 24, 2019 0

Ёсць у немцаў такая вясельная традыцыя, як запусканне ў не-ба паветраных шарыкаў, надзіманых геліем, у гонар маладых. Да іх прымацоўваюць паштоўкі, на якія просяць адгукнуцца людзей, што знойдуць вясельнае пасланне. Цяпер пра гэтую традыцыю ведае і сям’я Жыеўскіх з Ружан, якая ста-ла выпадковым адрасатам такога нямецкага прывітання, піша газета “Раённыя будні”.

лістк

Іна Андрэеўна вярталася з работы, калі раптам у двары пад акном іх прыватнага дома заўважыла нейкае «смецце». Гаспадыня падняла паперку і пацягнула за прымацаваны да яе «хвост», калі раптам з вазона з петуніямі паказаўся шарык. Выгараўшая за час няблізкага палёту паштоўка ўражання не зрабіла. Жанчына прызнаецца, што ўжо несла «смецце» да сметніцы, калі звярнула ўвагу, што паштоўка не айчынная, а надпісы на ёй на замежнай мове.

— Сфатаграфавала паштоўку, адправіла фота дачцэ, — расказвае Іна Жыеўская. — Яна і пераклала тэкст, растлумачыўшы, што гэтая паштоўка — прывітанне ад Лізы і Енса, пары з Германіі, якія 10 жніўня гэтага года гулялі вяселле. Яны прасілі яго атрымальніка напісаць на згаданы зваротны адрас, хто і дзе знайшоў пасланне. Шчыра кажучы, адразу падумала, што гэта нейкі розыгрыш. Але дачка сказала, што ў Германіі сапраўды ёсць традыцыя запускаць на вяселлі паветраныя шарыкі. Ну, і муж пераканаў: раз людзі просяць, трэба адказаць.

З дапамогай інтэрнэт-перакладчыка Іна і Валерый Жыеўскія напісалі ліст і адправілі яго поштай. Указалі і адрас сваёй электроннай пошты, на які неўзабаве і прыйшоў адказ ад маладой сям’і. Як высветлілася, пара жыве пад Мюнхенам. Маладыя былі вельмі здзіўлены, што шарык з пасланнем адляцеў настолькі далёка ад іх дома… Адным словам, паміж беларусамі і немцамі завязалася перапіска.

— Няхай прызямліўся б гэты шарык у іншым месцы! Дык не! — гаворыць спадарыня Іна.

Справа ў тым, што Жыеўскія аб’ездзілі амаль усю Германію: Валерый з сынам і сёння рэгулярна бываюць там у рабочых камандзіроўках, шмат гадоў кіроўцам-«дальнабойшчыкам» была і Іна Андрэеўна. Дзякуючы рабоце, яны знайшлі ў гэтай краіне нямала знаёмых, з якімі падтрымліваюць цёплыя, сяброўскія адносіны. Цяпер, верагодна, набылі яшчэ адных: чакаюць магчымасці сустрэцца з сям’ёй, ад якой атрымалі вось такое незвычайнае прывітанне.

 

NN.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *