“Паланэз” зайграў на Лідчыне

Панядзелак, Снежань 2, 2019 0

Слонімскія літаратары Сяргей Чыгрын, Мікола Канановіч, Святлана Адамовіч і Надзея Салейка наведалі Лідчыну. Іх запрасілі на сустрэчу з чытачамі ў Беліцкую сярэднюю школу і ў літаратурна-музычны салон «Над Лідзейкай» Лідскага замка.

У школе ў Беліцы слонімскія літаратары прачыталі свае творы, правялі конкурс сярод вучняў 6-7 класаў, прысвечаны беларускай літаратуры. Пераможцы конкурсу атрымалі ад гасцей падарункі. А паэтка, спявачка і мастачка Надзея Салейка праспявала таксама вядомыя песні ў перакладзе на беларускую мову.

дзецікканановічксветакнадзеяк

Пасля сустрэчы ў Беліцы слонімцы наведалі Ліду, дзе выступілі ў канферэнц-зале Лідскага замка. Сустрэча адбылася пад агульнай назвай «Паланэз над Шчарай». Пра сустрэчу супрацоўнік музея Валянціна Таўлая Алесь Хітрун сказаў наступнае:

— Трэба зазначыць, што ў Слоніме 1 верасня бягучага года прайшло чарговае рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства і друку. А, дзякуючы гісторыі беларускай літаратуры, вядома, што Слонім мае літаратурныя сувязі з Лідчынай: Валянцін Таўлай пакінуў важкі след у беларускім горадзе над Шчарай.

Менавіта Алесь Хітрун і распачаў гэту сустрэчу ў Лідскім замку. Згодна з канцэпцыяй правядзення дадзеных сустрэч, для лідзян — прыхільнікаў прыгожага беларускага пісьменства — былі зачытаны добрыя вершы з вуснаў Сяргея Чыгрына, Міколы Канановіча, Святланы Адамовіч. Аздабленнем праграмы на гэты раз стала і музычнае выкананне, якое было агучана Надзеяй Салейка.

хітрункдвоек

А паралельна ішла нязмушаная прэзентацыя першага нумара слонімскага літаратурна-мастацкага альманаха “Паланэз”.

Сустрэча ўсім прысутным вельмі спадабалася. Нагадаем яшчэ, што госці па традыцыі адказалі на пытанні гледачоў-слухачоў, пакінулі дарчыя запісы-аўтографы ў кнізе водгукаў і паабяцалі яшчэ не раз прыехаць у беларускі прынёманскі горад Ліду.

Візіт слонімскіх літаратараў на Лідчыну праходзіў пры падтрымцы Лідскага гістарычна-мастацкага музея і Лідскай арганізацыі ТБМ.

Аксана Шпак,

Беларускае Радыё Рацыя,

Ліда. Фота аўтара.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *