РАЗВІЦЦЁ ЭТНАТУРЫЗМУ — АСНОВА ЗАХАВАННЯ КУЛЬТУРЫ

Серада, Снежань 25, 2019 0

Даследуючы пласт культурнай спадчыны свайго народа, сучаснае грамадства не заўсёды вывучае ўздзеянне на чалавека сілы этнічнай спадчыны, якая ўтрымлівае трады-цыйныя рэгулятары паводзін людзей, што асабліва важна ў мірным суіснаванні прыгранічных рэгіёнаў. Таму такая з’ява як рэгіянальная этнічная культура ў яе прыродным акружэнні можа стаць невычэрпнай культуралагічнай крыніцай.

 

Праект «Умацаванне самабытнасці сельскіх раёнаў шляхам развіцця традыцыйных рамёстваў і турызму» ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія -Літва — Беларусь Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-2020 гг. пад кароткай назвай «Вёска — крыніца культуры» накіраваны на раскрыццё турыстычнага патэнцыялу сельскіх прыгранічных тэрыторый без меж праз вывучэнне спадчыны, які аб’ядноўвае літоўскі і беларускі народы.

Адным з важных этапаў гэтага праекта з’яўляюцца экспедыцыйныя мерапрыемствы і палявыя этнаграфічныя даследаванні, якія праведзены ў жніўні-верасні 2019 года на тэрыторыі Лідскага і Воранаўскага раёнаў Гарадзенскай вобласці (былы Лідскі павет) Беларусі, у Вільнюскім рэгіёне, Шальчынінкайскім раёне, г. Тра-кай, в. Рыкантай Тракайскага раёна Літвы. Удзельнікі праекта праводзілі сумесныя палявыя даследаванні па вывучэнні сацыяльных з’яў на пры-гранічных тэрыторыях метадам назірання за дзейнасцю людзей у рэальных жыццёвых умовах і сродкам асабістай гутаркі з беларусамі і літоўцамі.

Пошукавыя даследаванні мелі апісальны характар з выкарыстаннем аўдыё-візуальнага раду з мэтай фарміравання базы дадзеных, якая стане асновай агульнадаступнай інфармацыі ў інфакіёску для любога карыстальніка турыстычным прадуктам.

Група спецыялістаў і экспертаў падчас сумеснай працы на мясцовасцях прымяняла маршрутныя «лінейныя» выезды ў прыгранічны Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласці, па тэрыторыі Тарноўскага сельскага савета Лідскага раёна, кругавы маршрут па вёсках Ваверскага сельскага савета, куставыя кароткачасовыя выезды ў навакольныя вёскі з вяртаннем на «базы» літоўскіх партнёраў у шматфункцыянальны ўніверсальны цэнтр в. Рыкантай Тракайскага раёна і ў адміністрацыю рэгіянальнага парку Нярыс для рэалізацыі мэт праекта Беларусі і Літвы.

Група спецыялістаў, у складзе якой давялося мне працаваць, займалася комплексным даследаваннем народнага побыту, будовы і ўпрыгожвання традыцыйнай сялянскай і панскай хаты, будовы гаспадарчага двара,вывучала некаторыя віды рамёстваў у тэарэтычным і практычным плане. Праязджаючы па загадзя складзеных маршрутах праз малыя і вялікія вёскі, што раскінуліся па абодва бакі мяжы, удзельнікі экспедыцыі вырашалі наступныя задачы:

— выявіць мастацкія адметнасці і лакальныя своеасаблівасці тканых узораў;

— прасачыць агульную карціну семантычнай дынамікі выявы хаты (сядзібы) ў беларускай і літоўскай побытавай традыцыі;

— вызначыць рэальныя магчымасці і метады працягу традыцый у практыках народных рамёстваў (ткацтва і дрэваапрацоўка) абедзвюх краін;

— намеціць асноўныя шляхі і накірункі развіцця рэгіянальнага турызму без меж.

Аб’ектам даследавання, у адпаведнасці з мэтамі і задачамі праекта «Вёска — крыніца культуры», з’яўляліся вырабы народнага ткацтва і іх аўтары, традыцыйнае рамяство разьбы па дрэве ў мінулыя часы Беларусі і Літвы, а таксама творчасць сучасных майстроў. З захаваных узораў ткацтва, што былі знойдзены спецыялістамі, найбольш раннія адносяцца да пачатку 20-х гадоў XX ст. Асноўная колькасць артэфактаў датуецца сярэдзінай XX ст.

Вядомыя фальклорныя і гістарычныя крыніцы дазваляюць звярнуцца і да больш ранніх перыядаў узнікнення дадзеных відаў народнага мастацтва для выяўлення заканамер-насцяў іх развіцця і існавання ў прыгранічных рэгіёнах. Пытанні тэхналогіі, семантыкі арнаменту, матываў дэкору дэталёвага даследавання закранулі толькі ў той ступені, у якой гэта неабходна для рашэння асноўных задач практычнай часткі дадзенага праекта: складанне метадычнага дапаможніка і стварэнне традыцыйнага строя Лідскага рэгіёна.

Этнаграфічныя экспедыцыі на прыгранічных тэрыторыях Беларусі і Літвы выяўляюць адзіныя (па абодва бакі мяжы паміж краінамі) этнічныя аспекты з нацыянальнымі рысамі, асаблівасцямі і навізной.

Канчатковай мэтай праекта з’яўляецца пошук новых спосабаў трансляцыі традыцыйнай культуры для самай шматлікай катэгорыі актыўных турыстаў: уязнога і ўнутранага турыстычных патокаў. Маршруты паломніцкага, настальгічнага,  этнічнага і транзітнага пазнавальнага турызму будуць пракладзены па прыгранічных раёнах Беларусі і Літвы.

Зборны партрэт турыста на такім маршруце ўяўляецца наступным чынам: эканамічна актыўныя людзі ва ўзросце 24 — 45 гадоў (магчыма, з дзецьмі), ва ўзросце 45 — 65 гадоў (без дзяцей або з унукамі).

 

Мяркую, што асаблівую ўвагу варта звярнуць на катэгорыю турыстаў, якая мае на мэце працяг рознабаковага развіцця дадзенага праекта. Гэта катэгорыя навуковага турызму — вельмі папулярнага і прыбытковага ў краінах Еўропы і абсалютна не запатрабаванага, у прыватнасці, у Беларусі. Дадзены від турызму можна класіфікаваць як від, які ажыццяўляецца з пэўнымі мэтамі:

— з мэтай прафесійных даследаванняў, якія будуць цікавымі для навукі. Напрыклад, для вывучэння гістарычнай і культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага ці іншых перыядаў. Падобныя даследаванні ўяўляюць сабою тыя ж экспедыцыі, палявыя практыкі, але ўжо з выкарыстаннем напрацаваных падчас рэалізацыі праекта матэрыялаў. Пры правядзенні розных канферэнцый , семінараў і г.д. Навукова-пазнавальны турызм можна сумясціць з дзелавым турызмам, што прынясе пэўны прыбытак.

— з практычнымі і навучаль-нымі мэтамі для студэнтаў. Напры-клад, этнаграфічныя, гістарычныя практыкі;

— для шырокага кола людзей з мэтай знаёмства з ужо вядомымі навуковымі даследаваннямі, унікальнасцю і гісторыка-культурнай спадчынай. Напрыклад, вандраванне з мэтай ін-тэрв’юявання ў этнавёсках Літвы.

У аснове гэтага віду турызму ляжыць багатая экскурсійная праграма, шматварыянтнасць якой у стане прапанаваць дадзены праект. Навукова-пазнавальныя мэты могуць спалучацца з мэтай адпачынку ўдзельнікаў. Напрыклад, маляўнічая тэрыторыя парку Нярыс і парку Дзевянішкясілі, незвычайныя рады ядлоўцаў на беларускім баку р. Нёман у межах в. Дакудава Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, біялагічны заказнік Дакудава.

Для развіцця навукова-пазнавальнага турызму мае вялікае значэнне «куставы» прынцып планавання маршрутаў, які прадугледжвае стварэнне паблізу галоўнага аб’екта (май-стэрняў па ткацтве ў вёсцы Ганчары Гарадзенскай вобласці ці майстэрняў па апрацоўцы драўніны ў в. Рыкантай у Літве) турысцкай цікавасці да дадатковых аб’ектаў наведвання. Гэта экспазіцыі цэнтра народнай творчасці ў г. Ліда і Нацыянальнага культурнага цэнтра Літвы ў г. Вільнюсе.

Упрыгожаць і напоўняць маршрут мясцовым каларытам дадатко-выя аб’екты для наведвання, якія па-вінны функцыянальна адпавядаць асноўнаму аб’екту турысцкай цікава-сці, быць даступнымі для турыстаў і ў той жа час не парушаць характар гістарычнага асяроддзя.

Прыведзеныя вышэй прыклады аб’ектаў г. Ліды і в. Рыкінтай з’яўляюцца выдатнай ілюстрацыяй беражлівага і прафесійнага стаўлення да этнакультуры. У гістарычных гарадах Ліда і Вільнюс магчыма фарміраванне культурна-турысцкіх зон, якія ўключаюць аб’екты турысцкай цікавасці, прадпрыемствы абслугоўвання, што прадстаўляюць поўны комплекс паслуг як турыстам (пражыванне, сілкаванне, забаўкі, даведкава-інфармацыйнае абслугоўванне і г. д.), так і мясцовым жыхарам.

Мяркую, што ў рамках раз-віцця дадзенага праекта варта звярнуць увагу на тое, што жыхары адной краіны, як правіла, выяўляюць цікавасць да сістэмы адукацыі іншай краіны. Таму ўстановы адукацыі Гарадзенскай вобласці і рэгіёнаў Літвы таксама могуць стаць істотнымі прывабнымі элементамі культуры ў выніку рэалізацыі дадзенага праекта. Напрыклад, сярэдняя школа з вывучэннем літоўскай мовы ў в. Пеляса Воранаўскага раёна (некалі Лідскага павета).

 

Не менш важны іншы вопыт еўрапейскіх краін (напрыклад, Польшчы), які ў Гарадзенскай вобласці зусім не выкарыстоўваецца: сумежныя арганізацыі (або арганізацыі-ўдзельнікі дадзенага праекта) могуць аказваць розныя паслугі навуковым таварыствам і аб’яднанням. Правядзенне разавых сустрэч, семінараў, мерапрыемстваў, якія забяспечваюць атрыманне навуковай інфармацыі, наведванне аб’ектаў этнакультуры па маршрутах, распрацаваных падчас рэалізацыі дадзенага праекта.

Дапускаю, што будуць карыстацца попытам, перш за ўсё, спецыялізаваныя паездкі ў далёкія вёскі, якія арганізоўваліся б, напрыклад, для «шукальнікаў прыгод», тых, для каго некранутая прырода — прадмет бясконцай цікавасці; знаўцаў узораў народнай мастацкай творчасці і фальклору. Прырода нашых краін-суседзяў прыгожая і замілавальная. Пушчы змяняюцца бязмежнымі палямі, а люстэркі азёр — бліскучымі стужкамі рэк. Продкі нашы спрадвеку любілі і шанавалі сваю прыроду, таму да нашых часоў дайшла вялікая колькасць абрадаў і традыцый. Практычна ва ўсіх рытуалах прырода паўстае перад намі, як жывая істота.

Напрыклад, вялікае ўражанне зрабіла на мяне наведванне вёсак Лідскага раёна Мігуны, Серафімы, Бабры, якія захавалі сваю першародную цэласнасць.

На тэрыторыі Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці, мяркую, «разыначак» некранутай прыроды і прыгод (у добрым сэнсе гэтага слова) пакуль яшчэ звышдастаткова. Узяць, да прыкладу, пошук тэрыторыі згубленага Дубровенскага палаца Вайдылы ці візіты да легендарных камянёў-шаўцоў, камянёў-краўцоў, камянёў-следавікоў, паездкі да спадчынных ткачых вёскі Збляны, на маралавую ферму ў аддаленай вёсцы Леснікі. Усё гэта патэнцыяльныя аб’екты ў Лідскім раён Гардзенскай вобласці. Падобныя рэсурсы могуць і павінны быць задзейнічаны ў інавацыйных турысцкіх дадатковых маршрутах на аснове праекта «Вёска — крыніца культуры».

Паўтаруся, лічачы, што адмысловую ўвагу варта надаць навуковаму турызму. Паняцце гэта адносна новае. Навізна заключаецца ў тым, што менавіта сёння, на нашых вачах, гэты від турызму можа перастаць быць экзотыкай і стаць прадметам разумнага рынкавага авароту паміж дзвюма краінамі-суседзямі ў рамках бязвізавага знаходжання.

 

У цэлым, Лідскі раён Гарадзенскай вобласці валодае ўнікальнымі рэсурсамі для навуковага турызму:

— развітай сістэмай навуковых даследаванняў у самых шырокіх абласцях, сканцэнтраваннем якіх з’яўляецца Беларуская акадэмія навук (БАН); знаходжанне на тэрыторыі рэалізацыі праекта дзяржаўнай установы «Лідскі гісторыка-мастацкі музей» з яго фондамі і базай напрацаванага краязнаўчага матэрыялу.

— маляўнічымі прыроднымі ландшафтамі ;

— адпаведнай колькасцю паэтнаграфічнаму цікавых вялікіх і малых вёсак гістарычнай тэрыторыі Лідскага павета;

— наяўнасцю выдатных помнікаў свецкай і царкоўнай архітэктуры XV-XIX стагоддзяў;

— дзейнасцю каларытных нацыянальных суполак. Да прыкладу, літоўская суполка «Рута» ў г. Лідзе Гарадзенскай вобласці і Таварыства польскай культуры на Лідчыне.

Этнічныя рэсурсы рэгіянальнага значэння практычна засвоены, але мала вядомыя турыстычнаму бізнесу. Яны і могуць рэальна стаць відам дзейнасці ўстаноў, удзельнікаў дадзенага праекта.

Для іх уключэння ў маршруты праекта давядзецца прыкласці яшчэ нямала намаганняў. Патрабуюцца і інвестыцыі, і прадуманы план стварэння канкурэнтаздольных турысцкіх (этнаграфічных) прадуктаў.

Навуковы турызм у прыгранічным рэгіёне можна разглядаць адразу ў двух асноўных кірунках турыстычнай дзейнасці: азнаямленчы і дапаможны. Апошні дасць магчымасць аматарам актыўнага ладу жыцця прымаць удзел у навуковых і спадарожных працах у якасці валанцёраў па «гуманным добраўпарадкаванні» вёсак, якія стануць наведваць турысты. Тым самым, магчыма ўмацаванне пачуцця прыналежнасці да захавання нацыянальнай спадчыны і беражлівага стаўлення да экалогіі пэўных тэрыторый сваёй краіны і краіны-суседкі. Прыгранічным рэгіёнам, якія захавалі традыцыйныя спосабы вядзення гаспадаркі, навукова-пазнавальны турызм паспрыяе захаванню і адраджэнню сапраўдных карэнных нацыянальных традыцый.

 

Сувенірная прадукцыя, народныя рамёствы мясцовых жыхароў могуць быць прыцягнуты да ўдзелу ў фэстах, народных святах. Важна, што гэта павялічыць інфармаванасць грамадскасці і ўсведамленне нацыянальнай значнасці кожнага чалавека прыгранічнага рэгіёна.У экспедыцыі мы ўбачылі рэальны прыклад яднання нацыянальнай ідэі і рэальнага супрацоўніцтва муніцыпальнага кіравання, спецыялістаў і мясцовага насельніцтва ў вёсцы Грабіёлай рэгіянальнага парку Нярыс у Літве.

Аналізуючы ўбачанае ў экспедыцыях, мяркую, што дадзенаму віду турызму для жыццядзейнасці неабходны не толькі сродкі праектаў трансмежнага супрацоўніцтва, але і дзяржаўных праграм турыстычнага развіцця і стварэнне стройнай, жыццяздольнай рэгіянальнай сістэмы турызму.

Разнастайныя этнакультурныя традыцыі суседніх народаў з’яўляюцца для сучаснага грамадства скарбніцай духоўных каштоўнасцей кожнай нацыі. Народная культура — гэта сплаў мовы і традыцый. Гісторыя мінулых стагоддзяў аб’ядноўвае Беларусь і Літву, культура новага часу робіць цалкам зразумелымі высокія духоўныя каштоўнасці і традыцыі нашых народаў; але, пры гэтым, кожная нацыя захоўвае сваю ўнікальнасць. Прамежкавыя вынікі працы праекта «Вёска — крыніца культуры» гэта пераканаўча даказваюць.

 

Фінансаванне Еўрапейскага Саюза па праекце складае 270 788,70 еўра (630016,99 беларускіх рублёў).

Гэтая публікацыя была падрыхтавана пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Яе змест з’яўляецца выключнай адказнасцю вядучага бенефіцыяра праекта — аддзела культуры Лідскага райвыканкама і не з’яўляецца адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза.

Эксперт праекта

Нікіфарава Т.М.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *