У Беліцкім Доме культуры правялі раённы конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваёй кухні»

Серада, Люты 26, 2020 0

Вось  ужо ў шосты раз у мінулую нядзелю — 16 лютага — аграгарадок Беліца Лідскага раёна прымаў раённы конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваёй кухні». На гэты раз установы культуры Лідскага раёна прэзентавалі стравы з дароў прыроды. Тэма вельмі актуальная ў наш час, бо дары прыроды спрадвеку служаць на карысць здароўю чалавецтва і ўсё больш людзей імкнецца весці здаровы лад жыцця і надае вялікую ўвагу свайму харчаванню. Работнікі ўстаноў рыхтавалі стравы па рэцэптах продкаў, таму атрымаліся сапраўдныя экалагічныя шэдэўры, і ўвачавідкі, што нашы продкі мелі рацыю.

сталоўкакі

Карп па-царску і карп па-беліцку, галкі рыбныя і грыбныя па-тарноўску, пірагі рыбныя, камы грыбныя і рыбныя, юшка па-пескаўску, блінны пірог з сушанай садавіной, яблыкі печаныя з мёдам і яблыкі мочаныя, збіцень і розныя напоі з ягад. Усё проста немагчыма пералічыць.

Фактычна асноўнымі элементамі дзікай прыроды, якія былі задзейнічаны кухарамі, сталі грыбы, ягады, арэхі, рыба (лешч, карасі). Спрэчка, ці лічыць карпа, выгадаванага ў сажалцы, і яблыкі, выгадаваныя ў садзе, дарамі прыроды, развязкі не мела. Кожны застаўся пры сваім.

ганчарыкіпершамайсккімажэйкавакібердаўкакіжурыкі

Удала ўпісаліся ў свята традыцыйнай кухні і міфалагічныя беларускія персанажы, якія рыхтавалі касцюміраванае дэфіле. Кожная клубная ўстанова паказвала свайго персанажа, які быў ім бліжэй: русалак паказвала прынёманская Беліца, а паўночнае Дворышча паказвала Зюзю. Паказвалі і Хатніка, і Вадзеніка, і Жыценя, і Цёцю, і Лёлю, і Ладу, і Оха, і Белуна ці Белабога. А вось Перуна не было, хай спіць сабе недзе да вясны, не яго пара.

міфыкі

Пескаўцы прадставілі сваю мясцовую істоту — Пачастунка, які жыве ў каморы з прыпасамі і спрыяе іх папаўненню, калі гаспадар шчодры і гасцінны. А калі гаспадар сквапны, то Пачастунак не дбае, каб прыпасы папаўняліся, а наадварот насылае на іх то плесень, то гніль, то цвіль. За гэтага Пачастунка журы вывела Пескаўцы на трэцяе месца.

У журы ўваходзілі спецыялісты з Гародні і Ліды. Узначальваў журы ўжо не першы раз старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, рэдактар “Нашага слова” і “Лідскага летапісца” Станіслаў Суднік, які падчас узнагароджання сказаў, што Лідчына стаіць на парозе стварэння Музея беларускай міфалогіі, але калі і як гэта рэалізуецца, ведае, мабыць, толькі яго будучы  Хатнік, які пакуль на людзі не паказваецца.

залакі

У выніку пераможцамі раённага конкурсу «Спазнай смак сваёй кухні» сталі Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр — I месца, Першамайскі Дом культуры — II  месца, Пескаўскі і Ваверскі Дамы культуры падзялілі III месца. Астатнія клубныя ўстановы таксама атрымалі дыпломы і падарункі.

Трэба адзначыць вялікі ўклад і клопат, якія праявіла пры арганізацыі свята метадыст Цэнтра народнай творчасці Ганна Некраш, бо падобныя конкурсы фінансуюцца вельмі слаба, а часцей — ніяк. Патрэбны велізарны досвед і аўтарытэт, каб арганізаваць нешта падобнае.

усекі

Традыцыйна і бліскуча вяла ўсю імпрэзу Тамара Зенюкевіч.

Вялікі дзякуй усім, хто спрычыніўся да гэтай цудоўнай, выключна беларускай дзеі.

Яраслаў Грынкевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *