Вітайце каралёў

Аўторак, Люты 4, 2020 0

У Лідскім раёне праводзяць старадаўні абрад, які мае ўсе перадумовы трапіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

6 студзеня, калі праваслаўныя вернікі перажываюць Куццю, католікі адзначаюць свята Тры каралі. І вось ужо чацвёрты год запар менавіта ў гэты дзень работнікі Ваверскага Дома культуры і мясцовыя жыхары ла-дзяць аднайменны старадаўні абрад калядавання «Тры каралі», які бытаваў тут больш за паўвека таму.

Вёска Мэйры знаходзіцца за чатыры кіламетры ад аграгарадка. У мінулым стагоддзі калядоўшчыкі дабіраліся туды, мабыць, пешшу альбо на кані, але мы едзем на камфартабельным аўтобусе. Аднак толькі да першай хаты, далей — выключна сваім ходам. І нягледзячы на тое, што ў спісе ўсяго чатыры дамы, знаходзяцца яны ў розных кутках вёскі. Таму «падарожжа» па Мэйрах ледзь укладваецца ў паўтары гадзіны. Ніхто не гоніць, але хочаш ці не, часу прытрымлівацца трэба: калядоўшчыкаў у прызначаны час яшчэ чакаюць непасрэдна ў Ваверцы.

хатакіу хацекі

І вось мы ідзём за дзіўнымі каралямі — Касперам, Бальтазарам і Мельхіёрам, якія пад гармонік упэўнена маршыруюць па каларытнай вясковай вуліцы. Мімаволі адчуваеш, што гэты абрад — не проста прыгожы тэатралізаваны перфоманс, але вяртанне да вытокаў (рытуал цалкам адноўлены па запісах і ўспамінах старажылаў Ваверкі, якія расказвалі, як менавіта 6 студзеня па вёсцы хадзілі каралі. Яны былі не тутэйшыя, а прыезджыя: з Ліды альбо нават з суседніх Літвы альбо Польшчы).

…»Сёння ў Бэтлеем, сёння ў Бэтлеем дзіўная навіна: Марыя Панна, Марыя Панна нарадзіла Сына!» — першай хатай, у якую з гэтай песняй зазірнулі калядоўшчыкі, належыла Антону і Ірыне Роўба, бацькам ксяндза Ваверскай каталіцкай парафіі Андрэя Роўбы.

дзецікіабразыкі

— Родам я з Радзівілаўцаў і добра памятаю, як у дзяцінстве па вёсцы хадзілі тры каралі, праўда, гэта было не кожны год, — распавёў журналісту «Лідскай газеты» Антон Пятровіч. — Разам з імі завітвалі і іншыя калядоўшчыкі, напрыклад, Святы Мікалай.  Яны былі не ад касцёла, бо ў тыя гады ксяндза ў парафіі не было. Але дзверы святыні ніколі не зачыняліся для вернікаў, людзі ўсё роўна прыходзілі да алтара, маліліся… Апошнія гадоў 30 пражываю разам з жонкаю ў Мэйрах, дык вось тут такой традыцыі не было, наколькі мне вядома. І як добра, што знайшліся энтузіясты, якія ўзяліся адрадзіць гэты абрад.

— Абрад хоць і старадаўні, але, што цікава, ладзіўся ён далёка не ва ўсіх вёсках сучаснага сельсавета, — патлумачыла загадчыца Ваверскага Дома культуры Рыта Вадэйка. — Пра гэта мы даведаліся пад час адной з экспедыцый у рамках этнапраекта «Абрады маёй краіны», які ў 2016 годзе рэалізоўваў Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Асо-бныя ваверцы згадвалі калядаванне менавіта на каталіцкае свята Тры каралі, а не на Божае Нараджэнне. Нас гэта зацікавіла і мы пачылі «капаць» глыбей. Дзякуй Богу, у нашай мясцовасці яшчэ жывуць людзі, якія ў дзяцінстве бачылі рытуал на свае вочы: Тарэза Ясюкайціс, Вальдэмар Аксіновіч і Мечыслаў Трусіла — менавіта па іх успамінах і адраджалася забытая гісторыя. Канешне, нам было цікава, ці ёсць розніца паміж калядкамі непасрэдна на Божае Нараджэнне і на Тры каралі. З гэтым пытаннем мы звярнуліся да нашага ксяндза, пробашча парафіі Перамянення Пана — Андрэя Роўбы. Той адказаў, што істотных адрозненняў няма, хіба што дзейныя асобы іншыя. У абодвух выпадках калядоўшчыкі ходзяць па дамах, віншуюць гаспадароў са святам, спяваюць касцельныя калядныя песні, паказваюць невялікі спектакль, пасля чаго атрымлівалі пачастункі.

Прынамсі, калі пайшла гутар-ка аб адраджэнні абраду, ваверскія культработнікі яшчэ раз звярнуліся да ксяндза, але ўжо з іншым пытаннем: «Ці патрэбна гэтая справа?» Той адказаў станоўча, дабавіўшы, што абраны шлях — правільны. Святар, а таксама сёстры законныя аказалі нават усялякае садзейнічанне. Напрыклад, прапанавалі міністрантаў, якія прыслужвалі ў касцёле і ведалі калядныя песні. . І першыя тры гады, з 2017 па 2019-ы, тыя спраўна прыбіраліся 6 студзеня ў трох каралёў і хадзілі па Ваверцы, віншуючы людзей. Аднак летам мінулага года хлопцы паступілі ў навучальныя ўстановы і з’ехалі з аграгарадка. Таму сёлета гэтая важная місія была ўскладзена ўжо на дарослых вернікаў касцёла, якія з радасцю пагадзіліся пабыць у ролі каралёў. Дарэчы, у гэтым годзе абрад калядавання на Тры каралі ўпершыню «выйшаў» за межы Ваверкі і крочыў па суседніх вёсках.

— Мы сапраўды хочам не проста пазнаёміць вяскоўцаў з гэтым рытуалам, але зацікавіць людзей пераняць і працягнуць гэтую традыцыю, каб яна жыла, аб’ядноўвала і была вядома далёка за межамі нашай мясцовасці», — у канцы сустрэчы дадала культарганізатар Ваверскага Дома культуры Ганна Табала.

… — У нас каралі хадзілі, ходзяць і будуць хадзіць, — натхнёна запэўнівалі ўсіх, хто пытаўся пра будучыню абраду, ваверскія старажылы.

А ўсе перадумовы да гэтага ёсць. Лідскія спецыялісты рыхтуюць пакет дакументаў для ўключэння ўнікальнага абраду ў пералік «жывога здабытку Беларусі» — у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Калі ўсё атрымаецца, ваверскае калядаванне на Тры каралі стане другім у Лідскім раёне (пасля традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва), якое мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Вікторыя Пазняк,

ЛГ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *