25 сакавіка — 102-я ўгодкі БНР

Аўторак, Сакавік 31, 2020 0

Віншаванне з нагоды Дня Волі

Паважаныя сябры!

ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» віншуе вас з Днём Волі! Сёлета мы адзначаем ўжо 102-я ўгодкі гэтай слаўнай даты нашай найноўшай гісторыі. Гэты дзень для многіх пакаленняў беларусаў з’яўляецца Днём нацыянальнай годнасці і рашучасці. Сёння мы яшчэ больш выразна ўсведамляем, якую справу зрабілі нашы папярэднікі, калі ў неверагодна складаных умовах здолелі аб’яднацца і абвесціць пра новую краіну — Беларускую Народную Рэспубліку. Дзякуючы іх рашучасці, выключнай мужнасці і непахіснай веры ў свой народ,  мы жывём у сваёй незалежнай дзяржаве.

Няхай жа гэты дзень стане для ўсіх нас, грамадзян Беларусі, днём удзячнай памяці пра слаўных папярэднікаў, святам яднання на грунце павагі і пашаны да нашай гісторыі, да нашай культуры і роднай беларускай мовы!

Разам святкуем — разам справімся з любымі нягодамі!

Сакратарыят ТБМ.

 

Рыгор Барадулін

25 сакавіка…

Дваццаць пятага сакавіка —

Годны дзень

Беларускай дзяржавы.

Веснаплынных вятроў талака

Пыл з кароны атрэсла іржавы.

Шматавалі нас досыць арлы

І з адной, і з дзвюмя галавамі.

Мы не з нейкай бязроднай імглы,

Нас вякі як сваіх

Гадавалі.

Мы — ратаі святла,

Крывічы,

Верхачы неўміруючай Пагоні.

Маладзік сакалом на плячы,

Гартны меч у цвярдое далоні.

Лучыць нашыя мары рака

Бел-чырвона-белага сцяга.

Дваццаць пятага сакавіка —

Наша свята,

Пароль

І прысяга!

Алесь Змагар

25 Сакавік

Радзіўся Ты ў Менску Беларускім‚

Пажарам Край дыміўся ў вагні.

Наўкол чужынцы на палетках вузкіх

Тапталі скарбы нашых родных ніў.

 

Народ стагнаў‚ угору ўздымаў рукі‚

Лавіў святла недасяжны прамень.

Быў цяжкі час. Сярод нясцерпнай мукі

З’явіўся Ты‚ прыгожы‚ светлы Дзень.

 

Цудоўнай зоркай ўзняўшыся высока‚

Народу шлях да волі асвяціў‚

І зашасцелі казкаю асокі‚

Мінулай славай лес загаманіў.

 

І Край ажыў. Народ паймкнуўся к свету‚

У вачах крынічыць радасці струмень.

І нашых продкаў слаўны запаветы

Ўваскрослі ў гэты незабытны дзень.

 

Вялікі Дзень! Нічым Цябе не сцерці!

Стагоддзям нат Цябе не перажыць!

Вякі мінуць‚ а Ты ў народным сэрцы

У песнях‚ былях будзеш жыць!

 Kirchheim — Аўстрыя,

25 Сакавіка 1946 г.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *