Цікавая сустрэча з беларускім пісьменнікам

Аўторак, Сакавік 3, 2020 0

Беларускага пісьменніка і краязнаўца Леаніда Лаўрэша, даследчыка гісторыі нашай радзімы запрасіла да нас, студэнтаў-гісторыкаў першага курса Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, на сваю лекцыю па крыніцазнаўстве прафе-сар, доктар гістарычных навук С.В. Марозава. Крыніцазнаўства — новая для нас дысцыпліна. Гэта была адна з першых лекцый, на якіх Святлана Валянцінаўна знаёміла нас са значэннем гістарычных крыніц для даследавання мінуўшчыны і шляхамі іх пошуку: у бібліятэках, архівах, інтэрнэце. Леанід Лаўрэш быў прадстаўлены нам, студэнтам, як  краязнавец, які свае навуковыя і навукова-папулярныя працы будуе выключна на гістарычны крыніцах, чым яны і ўяўляюць вялікую цікавасць для гістарычнай навукі. А таксама як стваральнік і адміністратар гістарычнага сайта pawet.net, дзе ім назапашаны вялізныя рэсурсы крыніц і літаратуры аб гарадзенскай і беларускай даўніне.

Да нашай сустрэчы была падрыхтавана выстава кніг, аўтарам якіх з’яўляецца Леанід Лаўрэш. Больш за гадзіну ён цікава расказваў нам пра свае кнігі і адказваў на пытанні, якіх студэнты накідалі яму шмат.

Сустрэча з пісьменнікам пакінула прыемныя ўражанні. Вельмі  ўразіла тое, што ён, інжынер па адукацыі, займаецца не толькі любімай працай у сферы энергетыкі, але і з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Дзякуючы яму, я даведалася пра яго сайт, які змяшчае інфармацыю па гісторыі і культуры Беларусі. Гэтым сайтам я абавязкова буду карыстацца. Мне захацелася прачытаць кнігі Леаніда Лаўрэша, а найперш — кнігу «Маламажэйкаўская царква», у якой, дарэчы, пісьменнік-даследчык аднавіў імёны ўсіх настаяцеляў храма.

усекі

Я ўсвядоміла, што даследчая праца, якой ён займаецца, — гэта цяжкая праца, якая патрабуе шмат часу, а кнігі і наогул пішуцца гадамі. Я хацела б яшчэ калісьці сустрэцца з гэтым чалавекам, бо ён ведае шмат цікавага і новага для мяне. Гэтая сустрэча і мяне натхніла паспрабаваць напісаць штосьці незвычайнае.

Вольга Канановіч,

студэнтка І курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гарадзенскага дзяржаўнага

ўніверсітэта

імя Янкі Купалы.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *