Памёр Алесь Стадуб

Панядзелак, Чэрвень 29, 2020 0

8 чэрвеня пасля доўгай хваробы пайшоў у Нябесную Беларусь сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Алесь Стадуб.

Стадуб Алесь (Аляксандр Дзям’янавіч) нарадзіўся 24.04. 1938 г. у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобл. Скончыў 10 класаў у Нясвіжы. Пасля службы ў войску закончыў Усесаюзны інстытут імя Крупскай (музыка, клас гармоніі). Узначальваў маладзёжны хор у Яраслаўлі. Там закончыў філфак педінстытута. Выкладаў у школе, працаваў у мясцовых газетах. У 1972 г. пераехаў у Ліду, дзе быў намеснікам старшыні таварыства «Веды». Друкаваўся ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Аўтар звыш 10 кніг: “Твае вочы”, “Вузел (трыялеты)”, “Споведзь натхненнем”, “Летапіс пачуццяў”, “Калінавыя гроны”, “Шэпты крыл”,“Сюжэт на фоне адвячорку”, “Водгук ісціны”, “Скрыжалі”, “Мільянерка” і інш. Сябар СБП з 2007 года.

Пахаваны ў Лідзе.

Алесь Стадуб

 

ЮШАВІЧЫ

 

Раслі ў бяссмерце Юшавічы,

Але ўсё ж век свой аджылі.

Раслі тут Коласы, да Вінчы,

Свае гісторыі былі.

 

Няма ў паміне сельсавета

І школы, крылаў ветракоў.

Няўмольны час закрэсліў гэта

І крумкачоў-бальшавікоў.

 

Спакусы ў сад чужы вадзілі,

Спакусны сад, хоць і не рай.

А дзе ж сяброў цяпер магілы?

Яны даўней лілі праз край.

 

Дамашнія малых не лічаць,

А што лічыць, калі адно.

Бацькі мяне нястомна клічуць:

“Прыедзь. Наведваў нас даўно”.

 

НЕМАГЧЫМА

 

Падлетак шукаў ідэал:

Краіну? Паехаць? Біць лынды?

Пытанняў нахлынуўся вал,

І ён да мужчыны з-пад Ліды:

 

— Парайце вы мне, чалавек!

І той адказаў:

— Эй, хлапчына,

Без нас Беларусь пражыве,

Ды нам без яе немагчыма!

ДУБ

 

Ля акна я студжу кіпень-чай,

Хай астыне мой чай нетаропкі,

Паглядаю на дуб неўзначай,

Жалуды ля ствала, нібы кропкі.

 

У юнацтве яго вецер гнуў,

Ды і бура заўжды нахіляла,

Ён маланкі прыцэл абмінуў,

Калі тая ад хмары страляла.

 

На дварэ ўсё дажджыць

і дажджыць,

Лістапад гоніць мокрыя хмары,

Гэты дуб можа нас перажыць:

Мае вершы і вашыя мары.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *