Літаратурны салон “Над Лідзейкай” пачаў дзейнасць у Лідскім замку

Аўторак, Лістапад 5, 2019 0

15 кастрычніка адбылася першая сустрэча ў літаратурна-музычным салоне “Над Лідзейкай”. Сустрэча прайшла ў канферэнц-зале Лідскага замка. Праграму “Беларускім шляхам” прадстаўлялі паэт Станіслаў Суднік і бард Сяржук Чарняк.

Адкрыццё літаратурна-музычнага салона “Над Лідзейкай” спланавана Лідскім гістарычна-мастацкім музеем яшчэ вясной 2019 года, але там — то лета, то спроба іншых форм дзейнасці кшталту “Вершы з балкона”, то свята горада, і вось дайшла чарга да салона. Меркавалася, што ён будзе ў Доміку Таўлая, але вялікая зала доміка аказалася распісанай пад планавыя выставы, а адкладваць не хацелася, таму дырэктар музея прапанавала канферэнц-залу Лідскага замка, якая зусім побач і якая вечарамі бывае вольнай.

як

Праграма “Беларускім шляхам” паэта Станіслава Судніка і барда Сяржука Чарняка сталася пашыранай версіяй выступлення ў Менску ў канцы верасня. Актыўны ўдзел у лідскай праграме ўзяў актор Алег Лазоўскі.

Праграма ў некаторай ступені была настроена на хвалю вельмі някруглай даты — 31 года прыходу абодвух аўтараў у беларускі нацыянальны рух. У 1988 годзе ў Прыазёрску ў Казахстане пачала дзейнічаць беларуская арганізацыя, і ў тым жа 1988 годзе ў Лідзе пачала дзейнасць беларуская суполка “Рунь”. Акрамя С. Чарняка на імпрэзе быў яшчэ адзін рунёвец — Леанід Лаўрэш, ды і Лявон Анацка з той жа эпохі.

Дзея, пачатая вершамі і песнямі 80-х і 90-х гадоў, плаўна рухалася бліжэй да нашага часу і закончылася песняй “Бацькава хата”, напісанай месяц назад.

чарнякк

У выніку, што атрымалася, тое атрымалася, многія вершы і песні ішлі толькі на слых. Яны нідзе не запісаны, нідзе не апублікованы, прагучалі і або запомніліся, або забыліся.

залак

Салон у 2019 годзе адпрацуе ў тэставым рэжыме, а ў 2020 годзе Ліда — культурная сталіца Беларусі. Відочна, салон змесціцца ў Домік Таўлая, стабілізуецца форма сустрэч, перыядычнасць, кантэнт, бо надзвычай важна, каб у літаратурным музеі літаратурная Лідчына не ціха выцвітала на сценах і пылілася ў папках, а гучала ва ўвесь голас, гучала па-беларуску і для беларусаў. Беларускі голас мусіць быць чуцён, ён мусіць быць прыгожым і прыцягальным.

Яраслаў Грынкевіч.

Уласны досвед удзелу ў перапісе

Аўторак, Лістапад 5, 2019 0

Перапіс па Інтэрнэце — справа выдатная, нікуды не трэба ісці, нікога не трэба пускаць у хату. Запоўніў, як захацеў, запісаў, што захацеў. Ніхто не навяжа табе рускую мову, бо “мы ўсім пішам рускую”, ніхто не пачне схіляць напісаць дзве мовы і г.д. Але жывыя стасункі з перапісчыкамі таксама нечага вартыя, бо перапіс па Інтэрнэце закончыўся, перапісалася недзе каля 2 мільёнаў, а астатнія 7 мільёнаў з лішнім павінны перапісаць перапісчыкі.

Ва ўсіх гарадах адкрыты стацыянарныя перапісныя ўчасткі. У Лідзе іх чатыры.

Перапісны ўчастак № 2 г. Ліды. Загадчык участка — Вольга Козіч. Гадоў 20 з нечым.

На пытанне, ці ёсць анкета на беларускай мове (канешне, электронная), адказвае:

— Калі ласка, — пераходзіць на літаратурную беларускую мову і вядзе па-беларуску ўсю гутарку ад пачатку да канца без адзінай памылачкі.

Лёгка і нязмушана разбіраецца з усімі кустамі ажыны, агрэсту, глогу, шыпшыны, парэчак і інш. Ведае трускалкі, хаця ў анкеце, як падалося, стаяць “клубніцы” і г.д.

Ну і чаго мы маем хацець ад гэтай улады ў пытанні перапісу, калі яго праводзяць такія высокаадукаваныя спецыялісты, як Вольга Козіч? Не скажу за ўсю Беларусь і нават за ўсю Ліду, але за ўчастак № 2 можна быць спакойным. Тут будзе ўсё аб’ектыўна.

І хочацца парадавацца за тую ж Ліду, бо калі ёсць такія маладыя спецыялісты з такім бездакорным валоданнем мовай, то не ўсё ў нас прапала, што б там ні налічылі ў цэлым па астатняй Беларусі.

Станіслаў Суднік.

ЗАПІШЫСЯ БЕЛАРУСАМ!

Серада, Верасень 4, 2019 0

У Беларусі з 4 па 30 кастрычніка пройдзе перапіс насельніцтва.  Адным з пытанняў анкеты будзе пытанне пра нацыянальнасць.

Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі» заклікае тых, каму неабыякавы лёс нашай краіны, запісвацца беларусамі.

Нацыянальнасць — не пытанне крыві, нацыянальнасць — твая самаідэнтыфікацыя. Можна не мець продкаў-беларусаў, можна быць мусульманінам, можна быць цемнаскурым, і адчуваць сябе беларусам. Калі ты ім пачуваешся, ты маеш права запісаць сябе ім.

Пра гэта зняты відэаролік, які можна знайсці на многіх сайтах, у тым ліку і на сайце nslowa.by. Вось што кажуць героі роліка.

Вікторыя Анохава-Жураўлёва, шматдзетная маці:

— Я выхоўваю 13 дзяцей і для мяне вельмі важна, каб мае дзеці ведалі, дзе іх карані, якую яны маюць спадчыну. Я раблю многа, каб яны разумелі, што яны — беларусы. Асабліва важна гэта ва ўмовах, калі суседняя дзяржава вельмі актыўна спрабуе пераканаць нас, што мы не з’яўляемся асобным народам.

Марына Шукюрава (Руся), спява-чка:

— Я нарадзілася ў Беларусі, але ў мяне зусім няма беларускіх каранёў. Тым не менш я лічу сябе дзіцем менавіта гэтай культурнай калыскі, вывучаю беларускую мо-ву, беларускія песні. Менавіта таму я, намагаючыся адчуць сябе існую, вывучаю беларускую мову і карыстаюся дзвюма мовамі ў жыцці.

Андрусь Такінданг, мастак, музыкант:

— Калі вы усведамляеце сябе беларусамі, калі вы  хочаце даць шанец беларускай мове, то давайце яго: запісвайцеся беларусамі, кажыце, што вы размаўляеце па-беларуску. І, натуральна, размаўляйце па-беларуску!

Ібрагім Цынкевіч, вернік:

— Я мусульманін. З часоў Вялікага Княства Літоўскага іслам жыў поруч з іншымі канфесіямі. І сёння я шчаслівы быць беларусам і свабодна вызнаваць сваю рэлігію. Запісвайся ў беларусы!

Яўген Філенка, праграміст.

— Я нарадзіўся ў Расіі. Але кім я ёсць, калі мае дачка і жонка — беларускі, калі неба і мова любімая — беларускія. Кім я ёсць, калі ўсё, што я люблю — гэта Беларусь?

Адам Глобус, пісьменнік, мастак.

— Я — беларус. Я — не паляк, хоць большасць маёй сям’і ходзіць у касцёлы, я — не ўкраінец, хоць люблю сказаць: «Язык да Кіева давядзе», я — не рускі, хоць бацькі пахрысцілі мяне ў праваслаўнае царкве. Я — беларус. Так думаю, так лічу, і так кажу: я — беларус!

Дар’я Альперн-Каткоўкая, юры-стка, блогерка.

— Я нарадзілася ў Менску, жыла ў некалькіх краінах Еўропы: на Балканах. А цяпер я жыву ў Ізраілі. Я заўсёды памятаю хто я і адкуль. І таму, канешне, я запішуся беларускай.

Ларыса Сапач, настаўніца.

— Я працую ў школе з моладдзю. І імкнуся, каб яны былі беларусамі. Мы з імі спяваем, танчым, чытаем, выступаем па-беларуску. І я хачу бачыць сваіх вучняў беларусамі. Як і вас. Запісвайцеся беларусамі!

«Усе ў Царкве з вялічэзнай павагай адносяцца да сп. Лявона».

Панядзелак, Жнівень 19, 2019 0

Катэдральны Сабор Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку шчыра ўдзячны лідзяніну Лявону Анацку

Ад 1944 г. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ) знаходзіцца на эміграцыі. 26 жніўня 1950 года Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква заснавала ўБрукліне прыход імя Святога Кірылы Тураўскага. Будынак Катэдральнага Сабора Святога Кірылы Тураўскага пачаў будавацца 5 чэрвеня 1950 года (закладзены вуглавы камень у фундамент будынка) ў стылі неаготыкі. Кіруе Саборам яго Міласць Найпачаснейшы СВЯТАСЛАЎ (Логін), Архіяпіскап БАПЦ. У цяперашні час у Саборы кожную нядзелю праводзяцца службы. І таксама пад дахам беларускай царквы ладзяцца сустрэчы з беларусамі.

Стараста Катэдральнага Сабора сп. Аляксандр Хомчанка распавёў пра беларускага звышмарафонца з г. Ліды сп. Лявона Анацку, які завітаў у Нью-Ёрк, каб паспрабаваць свае сілы ў марафоне імя Sri Chinmoy працягам у 10 сутак. Акрамя асабістага захаплення бегам сп. Лявон займае пасаду старшыні Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

— Такога самаахвярнага, сумленнага, працавітага і пры гэтым неверагодна сціплага чалавека, як сп. Лявон раней бачыць не даводзілася. Трэба вельмі добра пашу-каць і абсалютна ўпэўнены, што магчыма і не знойдзеце. Пасля тога, як сп. Лявон прабег 10-ці дзённы марафон у Нью Ёрку, мы запрасілі яго ў беларускую царкву і арганізавалі сустрэчу ў грамадскай зале Сабора. Было вельмі цікава сустрэцца з такім неардынарным чалавекам. Сустрэча прайшла цудоўна: цікавыя пытанні і цікавыя адказы, падчас трошкі жартоўныя.

клумбак

Пасля прыемнай сустрэчы, даведаўшыся, што сп. Лявон збіраецца яшчэ нейкі час быць у Амерыцы, прапанавалі яму да ад’езду спыніцца ў нашай царкве, хаця доб-рых, прыстасаваных умоваў для пражывання ў царкве няма, але гэтая акалічнасць яго не збянтэжыла. Мы, час ад часу, аказваем дапамогу беларусам, якія па пэўных прычынах часова не маюць магчымасці арандаваць жыллё. Галоўная ўмова часовага пражывання — дапамога царкве. І тут пачалося: сп. Лявон усё прапалоў і перакапаў вакол царквы, зрабіў прыгожыя кветнікі, замовіў у сястрынства прыгожыя кветкі белага і чырвона колераў (пад колер нацыянальнага сцяга), адрамантаваў, пафарбаваў лесвіцы на другі паверх будынка, адрамантаваў і пафарбаваў адлівы фундамента звонку па перыметры царквы і шмат чаго яшчэ… Мы не паспявалі прывозіць фарбу і матэрыялы… Хачу азначыць, што сп. Лявон прымаў і самы актыўны ўдзел у працы ля помніка Беларускім Змагарам, рэстаўрацыі і ўпарадкаванні тэрыторыі у Саўт Рывары ў суседнім штаце Нью-Джэрсі. Пры жудаснай спякоце (тэмпература падымалася да +37ОС) сп. Лявон, з сякераю ў руках, амаль што без перапынку, як заўзяты марафонец, павысякаў усе кусты і параснік па перыметры помніка… І гэта пры тым, што сакера ў сп. Лявона была тупая, а калі б вострая?

сякерак

Недалёка ад канадскай мяжы, на поўначы штата Нью-Ёрк, недалёка ад Ніягарскага вадаспаду Лявон Анацка прыняў удзел у маратоне Mighty Mosquito ў 100 міль (160 км).

Мы планавалі разам са сп. Лявонам, што атрымаецца прыняць удзел у 52-дзённым на 3100 міль (амаль 5000 км) марафоне ў гэтым годзе, але спіс удзельнікаў быў сфармаваны яшчэ ўзімку. За кожным удзельнікам быў замацаваны суддзя, які фіксаваў час. Сп. Лявон нават 4 кругі прабег з удзельнікамі, але арганізатары папрасілі, каб ён сышоў з дыстанцыі, таму, што не было каму рэгістраваць яго час.

помнікк

Са свайго боку яны паабяцалі ўключыць яго ў спіс марафонцаў на наступны год. Асноўны крытэр удзелу ў супермарафоне — прабегчы 10-ці дзённы марафон з вынікам не менш, чым 100 км/дзень. Ён гэта выканаў: прабег.

Улічваючы тое, што не атрымалася ўзяць удзел у супермарафоне, дзеля нейкай маральнай кампенсацыі, ён папрасіў знайсці нейкі марафон у штаце Нью-Ёрк. Мы яму дапамаглі гэта зрабіць. Аказалася, што гэта не вельмі блізка. Але, улічваючы ягоную апантанасць і вялікае жаданне бегчы, і ў знак удзячнасці за вялікую дапамогу ў царкве, прапанавалі яго «падкінуць» да месца правядзення марафону Mighty Mosquito і зладзіць вандроўку да Ніягарскага вадаспаду.

Паўтаруся. Такога сціплага, самаахвярнага, сумленнага чала-века раней бачыць не даводзілася. Усе ў царкве з вялічэзнай павагай адносяцца да сп. Лявона. Калі яму ўдасца атрымаць візу і прыехаць на наступны год, з вялікім задава-льненнем сустрэнем і, чым зможам — дапаможам.

А. Лазоўскі.

Фота  Аляксанара Хомчанкі.

Збор твораў Міхала Шымялевіча

Чацвер, Чэрвень 6, 2019 0

Міхал Шымялевіч. Збор твораў.

Укладальнік Леанід Лаўрэш.

Рэдактар Станіслаў Суднік.

Выдавецтва “ЮрСаПрынт”, Гародня.

Фармат 90х80/16. Ум. друк. арк. 23,8.

326 ст. Наклад 110 экз.   

22 траўня на сходзе лідскіх літаратараў у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы была прадстаўлена першая кніга з серыі “Лідскі кнігазбор”, заснаванай Лідскай гарадской арганізацыяй ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” і Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта “Збор твораў” найвыбітнейшага лідскага гісторыка Міхала Шымялевіча, выдадзены ў гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт”.

 

Старадаўняя спадчына Лідскага краю чакае вас!

Аўторак, Студзень 22, 2019 0

Лідскі край — наша малая радзіма! А што мы ведаем пра яе? Якая прырода навокал нас? Якую спадчыну пакінулі нам продкі? Чым мы павінны ганарыцца і што абавязаны захаваць для будучых пакаленняў? На ўсе гэтыя пытанні вырашылі знайсці адказы навучэнцы 6-7 класаў СШ №11 г. Ліды, якія накіраваліся ў падарожжа па родным краі.

За дзень юныя краязнаўцы наведалі дзесяць населеных пунктаў, якія вядуць сваю гісторыю не адну сотню гадоў. У маршрут паездкі ўвайшлі такія вёскі, як Дакудава — Мінойты — Ганчары — Беліца — Збляны — Голдава — Леснікі — Бабры — Тарнова — Белагруда. Калі правесці лінію на карце, то можна заўважыць, што атрымліваецца пярсцёнак. І на самой справе, «залаты пярсцёнак» Лідскага краю, таму што ў кожным населеным пункце ёсць помнікі гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны.

 

Першым населеным пунктам маршруту стала вёска Дакудава. Пазнаёміцца з гісторыяй вёскі школьнікам дапамаглі мясцовыя жыхары, якія сустракалі дзяцей. Святлана Аляксееўна Агарка, у мінулым настаўнік гісторыі, паказала і расказала, на першы погляд, пра непрыкметны аб’ект, які знаходзіцца пры ўездзе ў вёску з трасы Менск-Гародня. Але сапраўдныя знаўцы гістарычнай спадчыны разумеюць, наколькі значным для нас, лідзян, з’яўляецца гэтае месца, таму што яно ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца адным з пунктаў геадэзічнай Дугі Струве.

Каля царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы школьнікаў сустрэла Ірына Уладзіміраўна Маркевіч, прыхаджанка храма, а ў мінулым таксама настаўнік Дакудаўскай школы. Яна пазнаёміла з гісторыяй праваслаўнага храма і шанаванымі абразамі, якія аберагаюць вёску і яе жыхароў. Таксама навучэнцы пачулі пра дзейнасць партызанскага атрада «Іскра», калі наведвалі месца пахавання ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Асаблі-вым гонарам мясцовых жыхароў з’яўляецца рэспубліканскі біялагічны заказнік «Дакудаўскі». Кожны лідзянін ведае, што ў балотах заказніка растуць журавіны. Адправіцца па іх у школьнікаў часу не было, але палюбавацца прыродай змог кожны, пакуль аўтобус накіроўваўся да другога населена-га пункта, вёскі Мінойты.

 

У 90-я гады ХХ стагоддзя стараннямі святара айца Іаана Мяндзіла у Мінойтах быў пабудаваны храм, асвечаны ў гонар Святога Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Аб гісторыі царквы і пра жыццё святара хлопцы пачулі менавіта ля сцен храма, дзе і пахаваны айцец Іаан.

 3к

Не змаглі не заехаць школьнікі ў вёску Ганчары. Сёння ў гэтым населеным пункце знаходзіцца самы старажытны праваслаўны храм Лідскага раёна — Свята-Пакроўская царква. Пры ўваходзе ў царкву размешчана мемарыяльная дошка Мікалаю Усціновічу. Святар служыў у храме ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не аднойчы ён дапамагаў партызанам. Але пасля вайны яго арыштавалі за «антысавецкую» дзейнасць. Ля ўваходу на тэрыторыю храма збудаваны паклонны крыж у памяць аб протаіерэі Іаане Мяндзіле, які служыў у гэтым храме больш за 30 гадоў.

Чацвёртым населеным пунктам стаў аграгарадок Беліца. Пра яго гісторыю юныя краязнаўцы пачулі падчас экскурсіі ў гістарычна-этнаграфічным музеі «Спадчына» Беліцкай школы. Таксама школьнікі ўбачылі такія гістарычна-культурныя аб’екты, як праваслаўная царква Узвіжання Святога Крыжа, каталіцкая капліца з пахаваннямі ХIХ стагоддзя, мураваны касцёл Святога пакутніка Юрыя, брацкая магіла 20 чырвонаармейцаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памятны знак ля дарогі Ліда-Слонім расстраляным беліцкім яўрэям.

Пятым населеным пунктам маршруту стала вёска Збляны. Галоўны помнік архітэктуры і духоўнасці вёскі — гэта Свята-Пакроўская царква. Падчас наведвання храма навучэнцы не толькі пазнаёміліся з Свята-Пакроўскай царквой, але і паўдзельнічалі ў духоўнай гутарцы з настаяцелем храма айцом Георгіем.

Голдава, наступны населены пункт, заўсёды быў цэнтрам духоўнасці нашага раёна. Яшчэ ў ХVII стагоддзі тут праводзіліся кірмашы. У той час на сродкі мясцовага памешчыка была пабудавана царква. Сучасная царква была пастаўлена ў 1793-95 г.г. на сродкі Фелікса Важынскага і асвечана ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Да 1834 года царква была ўніяцкай. Яшчэ вядома, што на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца царква, раней быў мужчынскі манастыр. Сучасны храм пабудаваны з дрэва і з’яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства, які ахоўваецца дзяржавай, як і ўсе храмы, якія мы наведалі ў гэты дзень. Сёння тут працягваюць весці летапіс пра жыццё прыходу і беражліва захоўваюць абраз Голдаўскай Божай Маці. У цэнтры вёскі мы наведалі помнік загінулым аднавяскоўцам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

Вёска Леснікі — сёмы населены пункт маршруту. Многія лідзяне ведаюць, што гэтая вёска з’яўляецца сястрой беларускай вёскі Хатынь. Пачуць гісторыю тых трагічных падзей школьнікі змаглі з вуснаў навучэнкі 6 «Б» класа СШ №11 Дар’і Булавус, якая ў мінулым годзе працавала над даследаваннем «Вёска Леснікі Лідскага раёна — старэйшая сястра Хатыні…» у рамках рэспубліканскага конкурсу «Дарогамі памяці».

 5

Далей у нашым маршруце была вёска Бабры. Пазнаёміцца з невялікім населеным пунктам, дзе сёння пражывае 11 чалавек, хацеў кожны краязнаўца нашай паездкі. Чаму? Тлумачэнне вельмі простае. Па-першае, сёння ў вёсцы захавалася і дзейнічае праваслаўная царква, пабудаваная яшчэ ў 1810 годзе. За час свайго існавання сцены царквы ўбачылі шмат пераменаў і вакол сябе, і ўнутры. Як змог захавацца драўляны храм, для ўсіх застаецца загадкай. А вось мясцовыя жыхары распавялі, што на будаўніцтва царквы выбіралася хвоя вельмі патрабавальна: дрэвы прывозілі з другога берага Нёмана, бо лічылі, што там лес мацней. Секлі дрэвы зімой, ды і то тыя, з якіх не збіралі смалы. І, вядома, захаваць будынак храма да нашых дзён дапамагала вера, з якой продкі будавалі яе. Па-другое, побач расце двухсотгадовы дуб-волат, аднагодак храма. Убачыць такога волата ў нашых краях вялікая рэдкасць. Па-трэцяе, на царкоўнай тэрыторыі ўжо шмат гадоў захоўваецца камень-следавік. Як сцвярджае мясцовая легенда, след належыць Божай Маці.

 

Далей дарога прывяла нас у вёску Тарнова, візітнай карткай якой з’яўляецца дом-сядзіба графа Маўраса, пабу-даваная ў 80-я гады 19 стагоддзя. Сёння гэта жылы дом, дзе жывуць людзі. З гісторыяй вёскі нас пазнаёміў ў гістарычна-краязнаўчым музеі «Спадчына» Тарноўскай школы настаўнік гісторыі Аляксандр Іосіфавіч Раўко. У вёсцы ўстаноўлены два помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры пад’ездзе да р. Дзітва нашу ўвагу прыцягнуў яшчэ адзін помнік, усталяваны, як аказалася, на месцы гібелі чалавека, чыё імя носіць яшчэ адна з вуліц нашага горада — камандзіра 86 кавалерыйскага палка А.Ф. Труханава.

 8к

Дзясятым населеным пунктам падарожжа па нашай малой радзіме стала вёска Белагруда. Што здзівіла дзяцей на гэты раз, дык гэта знак «Селішча перыяду сярэдневечча». Амаль усе вандроўцы апынуліся ўпершыню на такім месцы. Але вядомы гэты населены пункт сваім архітэктурным помнікам — касцёлам Святога Міхаіла, пабудаваным ў 1908 годзе на месцы драўлянага храма 1609 года ў рамана-гатычным стылі. Не заўважыць яго вежы на ўзвышшы ля ракі Дзітва проста немагчыма. Тут беражліва захоўваецца мясцовашанаваны абраз Белагрудскай Божай Маці, які змешчаны ў алтары храма. Абраз налічвае 300-гадовую гісторыю. Існуе легенда, быццам бы абраз прыплыў на гэтае месца па рацэ, а праз некаторы час людзі пабудавалі на беразе драўляны касцёл.

 

Падчас экскурсіі юныя краязнаўцы СШ №11 г. Ліды змаглі ўбачыць і наведаць шэраг гістарычна-культурных помнікаў і прыродных аб’ектаў. Вучні паспрабавалі адказаць на пытанне, з чаго ж пачынаецца любоў да Радзімы? Вядома, з любові да сваёй малой радзімы! Любіце, шануйце, захоўвайце тое, што дасталася вам у спадчыну! А навучэнцы СШ №11 г. Ліды запрашаюць і вас прайсціся па іх маршруце! Старадаўняя спадчына Лідскага краю чакае вас!

Наталля АНАШКЕВІЧ,

настаўніца СШ №11г. Ліды.

 

 

Калекцыянерка з Ліды сабрала больш за тры тысячы ёлачных цацак

Аўторак, Студзень 8, 2019 0

У калекцыі Марыны Яцко — савецкія ракеты, героі казкі “Руслан і Людміла”, цацка з партрэтамі Леніна і Сталіна і ўнікальная гірлянда, якая працуе з 60-х гадоў.

Разглядаць савецкія цацкі — гэта як заглыбіцца ў мінулае, асабліва для тых, хто памятае шкляныя шары і алюміневыя агуркі на ёлцы і яшчэ, як сам з’ядаў па начах павешаныя цукеркі, акуратна загортваючы потым пусты фанцік.

Марына Яцко жыве ў Лідзе і працуе на самай звычайнай працы — страхавым агентам. А вось хобі ў яе не самае звычайнае: яна калекцыянуе цацкі часоў Савецкага Саюза. Захапілася пяць гадоў назад, калі вырашыла ўпрыгожыць ёлку нечым арыгінальным:

— Убачыла ў інтэрнэце аб’яву пра продаж шкляных ружовых шароў. Хацела купіць адзін, а вярнулася дахаты з цэлай скрынкай, — распавядае лідзянка.

Марына села вывучаць, што яшчэ цікавенькага прадаюць на барахолках… і адкрыла для сябе новы свет. Многія цацкі даводзілася шукаць не на форумах, а ў вёсках. Адзін з рэдкіх набораў упрыгожванняў для ёлкі аддала бабуля мужа:

— У 1958 годзе яна купіла гэты набор, і потым не завешвала вокны — усе хадзілі і глядзелі на яе ёлку, — усміхаецца Марына.

Каб зразумець, чаму калекцыянеры вядуць паляванне за кожным асобнікам цацак з СССР, паспрабуйце ўспомніць, як вы пазбавіліся ад іх у дзяцінстве. Далікатныя ўпрыгожванні патрабуюць асцярожнага догляду: на многіх размалёўка змываецца нават вадой. Захоўваць іх трэба без трымальнікаў-вусікаў: яны шкодзяць шкло знутры.

Марына распавядае, што некаторыя цацкі з часам парэпаліся ці страцілі фарбу:

— Але рука не паднімаецца падфарбаваць ці заляпіць, баюся, зраблю горш, — кажа яна.

Цяпер яе калекцыя налічвае больш за тры тысячы цацак. Захоўваюцца гэтыя скарбы ў адмысловых цяжкіх скрынях тых жа часоў, асцярожна рассартаваныя па тэмах: садавіна і гародніна, жывёлы, казкі…

 

Дапамагаюць у нялёгкай справе дзве энцыклапедыі цацак — у іх апісаны ўсе калекцыі, які выходзілі,  і прыкладныя цэны на іх. Дастаць такую кнігу таксама нялёгка: кожную выпускалі ўсяго тысячай асобнікаў.

Хвілін праз дваццаць гутаркі пачынаю заўважаць у самых нечаканых месцах пары вачэй. Аказваецца, Дзяды Ма-розы так трывала мімікравалі пад светлы пакой, што іх проста амаль нерэальна знайсці. Коль-кі іх у кватэры, складана сказаць нават самой гаспадыні:

— Дзядуляў у мяне шмат, а вось са Снягуркамі заўсёды праблема. Унучку Дзеду Марозу прыдумалі толькі ў 1930-х, каб дзеці яго не баяліся, і выпускалі невялікімі партыямі, таму цяпер яны каштуюць нямала — па 200-300 рублёў і даражэй. У мяне ёсць адна Снягурка 1938 года. А гэты Дзед Мароз з рогам багацця — мой любімы! — калекцыянерка аб-дымае любімую цацку, як дзіця.

wx1080-3-550x366wx1080-16-550x366

Зацвердзіць дызайн цацкі ў часы СССР было вельмі складана:

— Каб цацка выйшла ў свет, на фабрыцы збіраўся кансіліум, які абмяркоўваў эскізы мастака. Кожная цацка павінна была несці ідэалагічную нагрузку, патрыятычна выхоўваць дзяцей. Мода таксама ўплывала на дызайн: Сталіну падабаўся фільм «Цырк» — выйшла цыркавая серыя, прыйшоў да ўлады Хрушчоў — з’явіліся катахі кукурузы. Пасля палёту ў космас выйшла серыя са спадарожнікамі і касманаўтамі… Выходзіла і абаронная серыя з танкаў, самалётаў і нават паравозаў з надпісам «Сталін”, — распавядае Марына.

цацкікwx1080-10-550x366

Самая дарагая цацка ў яе калекцыі — як раз блазан Вя-ткін з цыркавой серыі, у камплекце з якім ідзе сабачка Манюня. У адрозненне ад блазна, цэны на якога стартуюць ад 250 рублёў, Манюні выпусцілі куды больш, таму і каштуе сабачка ў 10 разоў танней.

Марына дастае скрынкі з асцярожна спакаванымі наборамі цацак і з бляскам у вачах распавядае пра кожную: вось Руслан і Людміла, вось Машанька і мачаха з «Марозка», а вось — адвакат Гарох і сабака Трымай-Хапай з «Чыпаліна»…

А вось самі ёлкі былі наогул забаронены да 1937 года, пакуль улада не распавяла народу, што гэта свята шчаслівага дзяцінства, пра якое клапоціцца асабіста таварыш Сталін. Так ёлкі і апынуліся ў хатах. А мініялінкі з маленькімі цацкамі пачалі выпускаць у 1960-я гады, калі многія жылі ў маленькіх камунальных кватэрах.

«Камсамольская праўда»,

lida.info.

 

Навіны Германіі. Новы Год у Германіі

Аўторак, Студзень 2, 2018 0

Новы год (ням. Neujahr) — адно з каляндарных свят Германіі, адзначаецца ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня кожнага года. Пярэдадзень Новага года ў Германіі завуць Сільвестрам (ням. Silvester, радзей Sylvester) у гонар хрысціянскага святога, які сканаў 31 снежня 335 года.

 

Віншаванні

 

У Германіі віншуюць з наступленнем Новага года яшчэ да яго надыходу, жадаючы іншым «добрага слізгацення» (ням. Guten Rutsch) у святочныя дні. Слова Rutsch («слізгаценне») паходзіць ад Рош Ха-Шана («частка года», «пачатак года»), такім чынам жадаюць прыемнага пачатку года. Пасля наступу новага года, віншаванне змяняецца на Frohes Neues! («Шчаслівага Новага года!»).

Паколькі галоўным зімовым святам у Германіі з’яўляюцца Каляды, якія адзначаюцца 25 снежня, асноўныя віншаванні і падарункі прыпадаюць на Каляды. На Новы год прынята дарыць невялікія дробязі (ці абменьвацца імі), якія павінны прынесці шчасце ў новым годзе: невялікія фігуркі свінні, чатырохлістай канюшыны, камінара, пфеніга.

Навіны Германіі. Германія: праз Адвэнт — да Каляд

Серада, Снежань 27, 2017 0

Адвэнт — гэты час чакання Нараджэння Хрыстова. Пачынаецца ён за чатыры тыдні да Каляд, у залежнасці ад календара, у нядзельны дзень з 27 лістапада да 3 снежня.

У 2017 годзе першая «адвэнтская» нядзеля прыпала на 3-е снежня.

 

Адвэнт: падрабязнасці

 

Advent ад лацінскага «аdventus», што азначае «прыбыццё». Гэта значыць — чаканне нараджэння Ісуса Хрыста. Лічыцца, што перадкалядны час упершыню набыў свой адмысловы статус яшчэ ў чацвёртым стагоддзі, калі ў 380 годзе на Сарагоскім саборы былі ўстаноўлены правілы наведвання набажэнстваў — з 17 снежня да свята Богаяўлення.

У 524 годзе рада каталіцкага духавенства ўстанавіла тэрмін Вялікага Посту ў чатыры тыдні.

У нямецкіх храмах падчас Адвэнту ранняй раніцай служыцца Святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Знакам імшы з’яўляецца запаленая свечка, якая асвятляе шлях ідучых у царкву да ўзыходу сонца. І каб свечка не загасла, яе змяшчаюць у адмысловы ліхтарык з празрыстымі акенцамі.

Адвэнт падзяляецца на два каляндарныя этапы. З першай нядзелі да 16 снежня, — ён прысвечаны разважанням пра будучае Другое прышэсце Ісуса Хрыста. З 17 да 24 снежня — гэтыя дні з’яўляюцца непасрэднай падрыхтоўкай да імпрэзы Нараджэння Хрыстова і прысвечаны ўспаміну пра першае прышэсце Ісуса Хрыста ў свет.

На перыяд Адвэнту прыпадае шэраг свят — св. Барбары, св. Мікалая і іншых.

Усе нядзелі Адвэнту прыраўнаваны па сваёй значнасці да вялікіх свят. І калі на нядзелю Адвэнту выпадае якое-небудзь іншае свята, яно пераносіцца на панядзелак.

 

Як гэта адбываецца ў Германіі

 

У гэты перадкалядны перыяд Германія змяняецца не толькі ў гарадах, але нават і ў самых маленькіх сёлах. Усюды на вуліцах ставяць высокія хвойныя дрэвы, упрыгожаныя гірляндамі. У крамах, гандлёвых цэнтрах — «прыбраныя» штучныя ёлкі. На падаконніках у дамах, калі сцямнее, размяшчаюць дугі з запаленымі свечкамі. Падсвечнікі ўпрыгожваюць арнаментамі ці малюначкамі на калядную тэматыку.

Цэнтральныя вуліцы сёлаў і гарадоў таксама ўпрыгожваюцца дугамі са светлавымі гірляндамі, ліхтарыкамі, цацкамі.

У гандлёвых цэнтрах, якія працуюць з такой нагоды дапазна, грае вясёлая калядная музыка…

Яркае асвятленне дамоў і вуліц, пах хвоі, ажыўлены гандаль у вячэрні час (кірмашы, шапікі з глінтвейнам, ласункамі і падарункамі) — усё гэта стварае адмысловую, святочную атмасферу.

 

Адвэнт у нямецкіх сем’ях

 

Адвэнт — час усеагульнага «палявання» немцаў на калядныя і перадкалядныя падарункі для сяброў і блізкіх.

Прычым, слодычы, ёлачныя ўпрыгожванні, калядныя календары прынята дарыць на працягу ўсіх чатырох тыдняў Адвэнту. А вось падарункі «больш важкія» кладуць пад устаноўленую дома ёлку і дораць менавіта на Каляды, ці прывозяць з сабой, калі едуць сустракаць Каляды да бацькоў або да ўжо дарослых дзяцей.

Традыцыі дарыць калядныя календары — больш 100 гадоў. Календары ўяўляюць сабою 24 пранумараваныя дні-«вочкі». Па сутнасці, яны з’яўляюцца скрынкамі з цукерка-мі: у кожным пранумараваным вочку знаходзіцца цукерак ці маленькая шакаладка — шакаладная фігурка.

10к9к

Перад Калядамі ў нямецкіх сем’ях рыхтуюць «plаtzchen» — печыва (ці — салодкія кексы), і ў кожнай гаспадыні — свой, «каронны» рэцэпт яго падрыхтоўкі, свае «формы» для яго.

«Плятцхэн» — могуць быць з ваніллю, карыцай ці міндалём; яны пасыпаны зверху шакаладной ці арэхавай крошкай, макам ці цукровай пудрай. У выніку працы нямецкіх гаспадынь і дзяцей, якія дапамагаюць ім, выпечка атрымліваецца не толькі вельмі смачнай, але і разнастайнай па форме: у выглядзе зорачак, анёлачкаў, сэрцайкаў, званкоў, кветак, ялінак, вослікаў, конікаў, падковак…

Акрамя «плятцхэн», у нямецкіх сем’ях у гэтыя святы пякуць пернікі з начынкаю і без яе, садавінавы хлеб, фар-шыраваныя арэхамі пірагі… Усё гэта мае месца быць падчас Адвэнту — да вялікай радасці дзяцей і дарослых.

11к

Калі за сталом падчас вячэры збіраецца ўся сям’я, ля каміна ці на падваконніку запальваюцца святочныя свечкі.

Калядны вянок — таксама тыповае для нямецкіх хат упрыгожванне ў перадкалядны час. Ён зроблены з яловых галінак, мае чатыры ўплеценыя ў яго свечкі; яго замацоўваюць дзе-небудзь у пакоі вертыкальна ці ставяць на стол.

У першую з чатырох нядзель Адвэнту на ім запальваецца першая свечка, на наступным тыдні — другая і так — да чацвёртай свечкі.

Немцы любяць упрыгожваць да Каляд сваё жыллё. На вокны, на балконы вешаюцца калядныя зоркі, ставяцца свечкі, фігуркі жывёл… І ўсё гэта зіхаціць, свеціцца!

Многія сем’і 24 снежня ідуць у царкву — паслухаць калядную службу, калядныя песні, паглядзець тэатралізаваны выступ дзяцей.

Ну а калядным вечарам уся сям’я збіраецца разам за агульным сталом: дзеці і бацькі ў гэты дзень заўсёды разам.

А потым пачынаецца «ўзаемнае» ўручэнне падарункаў — кнігі, парфума, карціны, дарагая адзежа… і — ізноў слодычы. Як жа без іх, іх жа ў Германіі так любяць!

“Бабруйскі кур’ер”

Навіны Германіі. 80 гадоў з дня нараджэння Карла Гутшміта

Панядзелак, Кастрычнік 2, 2017 0

Карл Гутшміт (ням.: Karl Gutschmidt; 12 верасня 1937, в. Фербелін, Германія — 1 сакавіка 2012) — нямецкі славіст.

Карл Гутшміт нарадзіўся ў горадзе Фербелін. Пасля заканчэння ў 1960 г. Берлінскага ўніверсітэта імя братоў Гумбальтаў ён з 1967 г. доўгі час выкладаў там беларускую філалогію. Тады ж у часопісе «Zeitschrift fur Slavistik» з’явілася і яго першая беларусазнаўчая праца — рэцэнзія на «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы». У гэтым папулярным славістычным выданні Карлам Гутшмітам было апублікавана больш за два дзясяткі рэцэнзій і асобных аглядаў навуковых прац беларускіх лінгвістаў, сярод якіх бібліяграфічны паказальнік «Беларускае мовазнаўства», першыя штогоднікі «Беларуская лінгвістыка», асобныя нумары «Весніка БДУ», акадэмічнае выданне «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 2) І.І. Крамко, А.К. Юрэвіч і А.І. Яновіч, «Дыялектны слоўнік» П.У.  Сцяцко, «Беларуская фра-зеалогія» Ф.М. Янкоўскага і інш. Як ніхто іншы ў заходняй Еўропе, Карл Гутшміт імкнуўся шырэй і паўней прадставіць для лінгвістычнай грамадскасці набыткі беларускіх моваведаў. Менавіта дзякуючы яго публікацыям па лексікаграфіі, фразеалогіі, дыялекталогіі, стылістыцы, анамастыцы, гісторыі беларускай мовы і мовазнаўства ў еўрапейскай славістыцы сталі вядомы імёны А.І. Жураўскага, М.А. Жыдовіч, Я.М. Рамановіч, А.Я. Супруна, Л.М. Шакуна, М.Г. Булахава, П.П. Шубы і інш.