Усё сучаснае мастацтва Лідскага раёна — у адной экспазіцыі

Аўторак, Сакавік 22, 2016 0

У рамках дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2011-2015 гады ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрылася пастаянная экспазіцыя «Сучаснае мастацтва краю».

Ці ёсць муза для сучаснага мастацтва? Ці актуальна такое паняцце, як натхненне? Мастак чакае яго ці вынаходзіць сам? У новым экспазіцыйным праекце музея ва ўсёй сваёй шматаблічнасці паўстала муза дзясятка розных аўтараў. Тут яна загадвае і падпарадкоўваецца, дыктуе і падказвае, тут яна сама вядзе дзённік — дзённік сучаснага мастацтва Лідскага раёна.

таняк

— Сюды ўвайшлі вельмі розныя па тэхніцы, погляду на свет і творчым почырку творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, — знаёміць з экспазіцыяй яе куратар, старэйшы навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Таццяна Нікіфарава. — Такі сінтэз абумоўлены жаданнем пазнаёміць гледача з той творчай шматстатнасцю і патэнцыялам, якімі багаты наш рэгіён.

 

Не гледзячы на тое, што дамінанта — гэта аўтарскія працы, «Сучаснае мастацтва краю» знаёміць гледача ў тым ліку і з рознымі мастацкімі школамі: віцебскай, менскай, гарадзенскай. Прадстаўлены тут і адзін з галоўных брэндаў нашага рэгіёна — «нёманскае» шкло. Але галоўная «заслуга» экспазіцыі ўсё ж у пераемнасці пакаленняў: на адной пляцоўцы ўжываюцца і ўжо прызнаныя мэтры, і аўтары, якія толькі «ствараюць» сабе імёны. Каб дагадзіць і старэйшаму, і маладому пакаленню, мастацкае афармленне экспазіцыі літаральна балансуе на грані. Белая падлога, драпіраванне столі  струменямі тканіны, люстэрка на ўсю сцяну, шкляныя стэлажы, шмат святла і паветра — гэта не «цукровая» класіка, але і не адкрыты хай-тэк. Мастак-афармляльнік экспазіцыі Юлія Бурбліс характарызуе такое рашэнне як «драматургію канфлікту».

З наватарскага, таго, што адназначна прыйдзецца па душы моладзі і зацікавіць людзей старэйшых — шырокаэкранны сэнсарны інфакіёск.

экранк

— Ён утрымоўвае 872 старонкі, на якіх змешчана інфармацыя пра аўтараў, якія нарадзіліся ці цяпер жывуць у Лідскім раёне, іх працы, фатаграфіі, адсканаваныя артыку-лы, — распавядае распрацоўнік лакальнага сайта, супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Мікалай Іода, — Тут ёсць і 15-хвілінныя відэапраграмы «Адлюстраванне», над якімі працавалі журналісты мясцовага тэлебачання Марына Грыгор’ева і Аляксандр Плескачоў. Такая электронная энцыклапедыя, якая будзе папаўняцца новымі імёнамі, фактамі і працамі.

Да Дня роднай мовы

Субота, Люты 27, 2016 0

Да Міжнароднага дня роднай мовы Лідская гарадская арганізацыя ТБМ выпусціла камплект паштовак пад адзіным заклікам: “Не забывайма беларускія словы”. Агульны наклад — чатыры тысячы асобнікаў. Паштоўкі можна будзе знайсці на сядзібе ТБМ.

пашт1кпашт2кпашт3к

Наш кар.

Да ведама жыхароў Лідскага раёна, сяброў ТБМ, аматараў і прыхільнікаў беларускай мовы

Панядзелак, Люты 15, 2016 0

ІХ Агульнанацыянальная дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы на Лідчыне пройдзе:

19 лютага.

Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, вул. Ленінская, 10 — 11.00.

6-ты бібліятэчны філіял г. Ліды, вул. Фурманава, 17 — 15.00.

20 лютага.

Бібліятэка в. Мінойты — 10.30.

Бярозаўская гарадская бібліятэка — 13.00.

4-ты бібліятэчны філіял г. Ліды, б-р князя Гедзіміна, 5 — 14.00.

Бібліятэка в. Далекія — 16.00.

21 лютага.

3-ці бібліятэчны філіял г. Ліды, м-н Маладзёжны, вул. Фамічова, 6 — 10.30.

Аграсядзіба Пескі — 18.00.

Дзень і час дыктовак у іншых установах і населеных пунктах просім удакладняць на месцах.

24 лютага — літаратурныя сустрэчы з Э. Акуліным і Л. Дранько-Майсюком:

— у Лідскім каледжы, вул. Кірава, 20 — 13.45.

— у Літаратурным музеі (домік Таўлая) — 15.30.

Шаноўныя лідзяне, чакаем вас у госці да беларускай мовы па ўсёй Лідчыне.

Павел Севярынец наведаў Лідчыну

Серада, Люты 10, 2016 0

Прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня” адбылася 30 студзеня на Лідчыне. На літаратурную і не толькі сустрэчу сабралася звыш 20 чалавек з Ліды, Бярозаўкі, Беліцы, Шырокага і іншых мясцін паўднёвай часткі Лідскага раёна.

павелксядзібак

Павел распавёў, як і  дзе пісалася гэтая кніга, хто стаў яе героямі, пра людзей, якія адкрыта і таемна падтрымлівалі яго на крутых паваротах яго лёсу.

Прысутным цяжка было задаць пытанні па кнізе, бо ніхто яе яшчэ не чытаў, але па самых розных пытаннях жыцця і палітыкі пытанняў было шмат.

Як зазначыў сам Павел Севярынец, асабіста Лідская «глыбіня» яго ўразіла не менш:

— Насамрэч, Лідскі раён — гэта адна з нямногіх кропак на мапе Беларусі, дзе я яшчэ не быў з прэзентацыяй сваёй кнігі. Гэтае месца сапраўды глыбокае, сапраўды беларускае, і сюды абавязкова трэба было прыехаць. Тут вельмі цёплая атмасфера — нацыянальныя сцягі, беларуская мова, людзі, адкрытыя ўсім сэрцам. Гэта заўсёды ўражвае. Вялікі дзякуй гаспадарам і арганізатарам!

Дапоўніў выступ Паўла лірычнымі і патрыятычнымі песнямі вядомы лідскі бард Сяржук Чарняк.

пішакчрнякк

Сам Павел ацаніў прэзентацыю яго кнігі на Лідчыне, як адну з найлепшых. Пасля чаго ахвотныя змаглі атрымаць па асобніку сваёй апошняй кнігі з подпісам аўтара.

Лідзяне ж пажадалі Паўлу новых кніг, але каб пісаў ён іх у іншых, больш спрыяльных  умовах.

Яраслаў Грынкевіч

Газета “Наша слова” прэзентавала альманах “Беларус”

Панядзелак, Люты 1, 2016 0

20 студзеня за “авальным столікам” літаб’яднання “Суквецце” ў лідскім “Доміку Таўлая” прайшла прэзентацыя літаратурнага альманаха беларусаў замежжа “Беларус” за 2015 год. Прэзентацыі папярэднічала публікацыя пра альманах у газеце “Наша слова”.

Сярод прысутных на паседжанні акрамя звыклых лідскіх паэтаў і пісьменнікаў прысутнічаў і госць — Алесь Астраўцоў. Праўда, госць умоўны, бо ён трохі менскі, але і трохі лідскі. Тым не менш перакладчык аповесці Сяргея Пясецкага “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” на беларускую мову быў на паседжанні “Суквецця”, здаецца, упершыню.

васькоклазк

Удзельнікі імпрэзы выказалі пажаданне мець магчымасць пачытаць альманах, які па факту ў Лідзе знаходзіцца ў адзіным экземпляры. Рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік паведаміў, што робяцца захады для стварэння ў Цэнтральнай бібліятэцы “Аддзела рукапісаў, машынапісаў і рэдкіх выданняў”, дзе маглі б размясціцца і нумары “Беларуса”, а таксама міні-паэма “Лідскія паэты ў космасе” У. Васько і А. Бурак, якая прызначана для ўнутранага карыстання лідскіх паэтаў, і таму раздавалася на паседжанні ў машынапісным варыянце.

Яраслаў Грынкевіч.

Прэзентацыя Гарадзенскага краязнаўчага календара ў Лідзе

Панядзелак, Студзень 18, 2016 0

5 студзеня ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў круглы стол “Краязнаўчая дзейнасць газеты “Наша слова”.

Асновай імпрэзы стала прэзентацыя нядаўна выйшаўшага “Беларускага настольнага перакіднога календара на 2016 год на матэрыяле Гродзеншчыны”. Укладальнік календара — сябар рэдкалегіі газеты “Наша слова” прафесар Аляксей Пяткевіч. Рэдактар календара — рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік.

біблітэкак

Сёлетні каляндар — гэта сёмы выпуск, і ўсе выпускі рабіліся тым жа калектывам. Першыя календары да канца рабіліся ў Лідзе. Пазней у Лідзе пачаў рабіцца макет календара, а друк ужо робіцца ў Гародні.

Пры афармленні календара выкарыстоўваліся розныя элементы: партрэты знакамітых людзей, храмы Гарадзеншчыны, гербы населеных пунктаў і г.д. У сёлетнім календары скарыстаны беларускі арнамент (адпаведна 13 арнаментальных узораў).

НАША СЛОВА № 2 (1257), 13 студзеня 2016 г.

Панядзелак, Студзень 18, 2016 0

Дарагія сябры “Нашага слова”!

У гэтым квартале колькасць падпісчыкаў рэзка ўпала, пра што папярэджвалася на мінулым паседжанні Рады. На заклік Рады да рэгіянальных арганізацый папрацаваць на падпіску адрэагавалі Баранавічы, Докшыцы, Наваполацк, Орша, Салі-горск, Слонім, Асіповічы, Гарадзенскі раён. Назіраецца рост падпіскі на 1-2 асобнікі ў некалькіх іншых раёнах. Павялічылася падпіска ў Менску, але ў цэлым праблема застаецца.

Выйшаў перакідны краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны на 2016 год

Панядзелак, Студзень 4, 2016 0

Прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” Аляксей Пяткевіч падрыхтаваў і выдаў «Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар» на 2016 год, прысвечаны Гарадзеншчыне. Рэдактар выдання —  рэдактар газеты «Наша слова» Станіслаў Суднік.

Падобны каляндар не выдаецца ні ў адной вобласці Беларусі. Гэта ўжо сёмы выпуск такога календара. У ім пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі. Ранейшыя календары мелі даволі вялікі поспех і выклікалі зацікаўленасць не толькі на Гарадзеншчыне, але і па ўсёй Беларусі. Выданне з’яўляецца пэўным крокам у развіцці гарадзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў з Гародні і рэгіёнаў на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары.

Адметнасцю сёлетняга выпуска ў тым, што тут упершыню ў Беларусі каляндар падае 13 лістапала як Дзень беларускай школы, чаго пакуль няма ні ў адным беларускім календары, але, спадзяёмся, будзе ва ўсіх, як гэта сталася з Міжнародным днём роднай мовы 21 лютага і паступова становіцца з Еўрапейскім днём моў 26 верасня.

Кожны выпуск Гарадзенскага календара афармляецца ў спецыфічным ключы. У сёмым для афармлення выкарыстаны 13 відаў беларускага нацыянальнага арнаменту, як даніна росту папулярнасці беларускіх вышыванак у 2015 годзе і спадзяванне, што гэтая папулярнасць не затухне.

Наш кар. 

Да 125-годдзя Аркадзя Смоліча

Панядзелак, Студзень 4, 2016 0

У 2016 годзе споўніцца 125 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Смоліча, віднага дзеяча беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, тэарэтака беларускай сацыял-дэмакратыі, намесніка дырэктара Інбелкульта, аўтара першага падручніка “Геаграфія Беларусі”.

ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” выдала насценны каляндар на 2016 год, прысвечаны А. Смолічу.

Наш кар.

Пяць прычын, чаму турысты з Захаду не паедуць у Беларусь

Серада, Снежань 30, 2015 0

Меркаванне беларускага прадпрымальніка, кіраўніка агенцыі адпачынку і забаваў Vilnius Relax Кірыла Атаманчыка аб тым, чаму заходнія турысты не паедуць у Беларусь і як можна выправіць існуючы стан рэчаў.

 

Заходнія турысты не паедуць у Беларусь, таму што…

 

Photo: http://www.beresta.by/wp-content/uploads/2014/05/IMG_0043.jpg

 

…Існуюць візавыя абмежаванні.

Шэнгенскае пагадненне і іншыя палёгкі пры перасячэнні мяжы паміж краінамі ЕС адвучылі заходніх турыстаў клапаціцца пра візавыя фармальнасці, губляць час на чэргі ў амбасадах і на мяжы. Наяўнасць візавага бар’еру паміж ЕС і Беларуссю істотна асаджае наведванне Беларусі заходнімі турыстамі. Якое можа быць выйсце? Спрашчэнне візавага рэжыму аж да звычайнага пашпартнага кантролю на мяжы.

 

Photo: http://pressphoto.by/wp-content/gallery/bpp-2012/h4_people-in-the-news_4.jpg

 

…У замежнікаў існуюць асцярогі адносна небяспекі ў Беларусі.

Шмат разоў, працуючы з заходнімі турыстамі ў Літве, мы сутыкаліся з тым, што на прапанову “наведаць Беларусь” турысты задавалі пытанне насустрач: а ці бяспечна там? І гэта ўлічваючы той факт, што Беларусь з’яўляецца адным з лідараў па колькасці супрацоўнікаў правааховы на душу насельніцтва. Як бачым, наяўнасць вялікай колькасці людзей у форме ніяк не ўплывае на адчуванне бяспекі. Якое можа быць выйсце? Ствараць пазітыўны імідж бяспекі ў краіне.

 

Photo: https://lh3.googleusercontent.com/-vOr4xAchBBw/VipIBMmoMVI/AAAAAAAAALw/Jo1SHIaVDoI/w2048-h1365/IMG_8020.jpg

 

…Слабы турыстычны сэрвіс.

А чаму ён павінен быць моцным, запытаеце вы, калі ў краіне няма звыклых да добрага сэрвісу заходніх турыстаў, а для расіян і ўкраінцаў “і так сыйдзе”? Таму што наяўнасць добрай турыстычнай інфраструктуры (гатэлі, кафэ, рэстараны, прапрацаваныя турыстычныя маршруты і г.д.), а таксама лоўкостаў, як авія, так і аўтобусных, з’яўляецца неад’емнай часткай добрага адпачынку. Што ж рабіць? Не баяцца канкурэнцыі, інвеставаць у развіццё. У Беларусі шмат таленавітых і ініцыятыўных людзей, якія самастойна могуць усё зрабіць, калі ўлада не будзе замінаць ім.

 

Photo: http://odb-office.eu/files/ebd123.jpg

 

…Do you speak English? – Што?

Пра Беларусь катастрафічна мала інфармацыі на ангельскай мове (ды і на любых іншых мовах). Калі і сустракаецца інфармацыя, то аб тым, што Беларусь – гэта “апошняя дыктатура Еўропы”, ці звязаная з выбітнымі асобамі, як, напрыклад, Алексіевіч ці Азаранка, альбо з футбольным клубам “БАТЭ”. Калі мы хочам зацікавіць заходніх турыстаў, то трэба быць больш актыўнымі ў прасоўванні сваёй краіны на розных мовах. Да таго ж інфармацыя ў горадзе, турыстычныя даведнікі і іншыя неабходныя для турыстаў даведкі павінны быць на ангельскай мове, а персанал як мінімум павінен валодаць базавым узроўнем ангельскай.

 

Photo: http://pressphoto.by/wp-content/gallery/glamur/peoplenews_1_liankevich.jpg

 

…Усё гэта падводзіць нас да хіба што асноўнай праблемы Беларусі, а менавіта да таго, што ў Беларусі няма выразнага пазітыўнага іміджу.

Заходнія турысты выдаткавалі б свой час і грошы на візы, змірыліся б з тым, што турыстычны сэрвіс тут “так сабе”, прачыталі б што-небудзь пра сітуацыю ў Беларусі і г.д., каб быць больш дасведчанымі, але дзеля чаго? Беларусь – краіна-загадка, ад якой незразумела чаго чакаць. Гэта “белая пляма” на мапе Еўропы. Дэструктыўная ізаляцыя краіны ад цывілізаванага свету прывяла да таго, што Беларусь затармазіла развіццё  ўязднога турызму, мяркую, на адно ці два дзесяцігоддзі. І бяда ў тым, што прасвету пакуль што не бачна. Тут нам можна шмат чаму павучыцца ў нашых еўрапейскіх суседзей, якія гэтаксама, як і мы, жылі ў “камуністычнай казцы”, але пасля развалу гэтай “казкі” змаглі прапанаваць турыстам з усяго свету сябе як адкрытую кнігу з прыгожымі малюнкамі, як змрочнымі, так і сапраўды цудоўнымі ды маляўнічымі. Беларусь жа толькі мае пераадолець гэты шлях. І чым раней мы гэта асэнсуем, тым лепш.

 

Photo: http://vk.com/photo5055563_366852037

 

Даведка:

Кірыл Атаманчык – прадпрымальнік і грамадскі дзеяч. Родам з горада Жлобін Гомельскай вобласці (Беларусь). Больш за 8 гадоў жыве ў Літве. Бакалаўр турызму і рэкрэацыі, магістр культурнай спадчыны Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Кіраўнік агенцыі адпачынку і забаваў Vilnius Relax.

 

Video Link: https://www.youtube.com/watch?v=ZhdFL-IJ1Po