На могілкі Росы ў Вільні прывезлі зямлю з магілаў паўстанцаў на Лідчыне

Серада, Снежань 18, 2019 0

Грамадскія актывісты з Лідчыны, як і збіраліся, прывезлі ў Вільню на перапахаване Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў таксама і зямлю з магілаў паўстанцаў на Лідчыне. Яшчэ загадзя яны аб’ехалі ў сваім рэгіёне ўсе вядомыя месцы баёў і пахаванняў паўстанцаў 1863 года і ўзялі там па жмені зямлі, каб дазахаваць яе пасля ў Вільні, побач з іншымі ўдзельнікамі і кіраўнікамі паўстання. Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак адзначыў:

цехановічкфалькоўскікшчытнікікстрэліцак

— Гэта сімвалічны жэст. Ён надзвычай важны. Важна не толькі прынесці частку зямлі тых герояў, дзе яны зараз спяць, да правадыра паўстання. Важна адчуць сувязь паміж тымі героямі і намі цяперашнімі, нашай беларускай нацыяй. Падзеі 22 лістапада паказалі, што сувязь існуе, сувязь моцная, і беларуская нацыя мацнее.

1к

Таксама вядома, што такі ж самы жэст зрабілі і актывісты з Гарадзеншчыны, Вілейшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі.

Андрэй Панямонаў,  Беларускае Радыё Рацыя.

«Аўтар за кадрам»: сустрэча з фотамастаком Уладзімірам Янцэвічам

Аўторак, Снежань 10, 2019 0

У кастрычніку 2019 года ў Доме В. Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея па вуліцы Замкавая, 7 адкрылася фотавыстаўка «Жыццё ў кадры», прысвечаная фотамастаку  Яўгену Сяргеевічу Пятакіну, былому супрацоўніку «Лідскай газеты».

20 лістапада яе наведалі вучні 7 «Б» класа СШ №11 г. Ліды, якія акунуліся ў сапраўдны свет фотамастацтва. Іх увагу прыцягнулі не толькі фотаздымкі мінулых гадоў, але і імправізаваная фоталабараторыя, дзе прадстаўлены сапраўдныя рэчы, з дапамогай якіх у мінулым фотамастакі маглі вырабляць фотаздымкі. Сёння, канешне, зрабіць фатаграфію значна лягчэй, і маладыя людзі ў большасці нават не задаюцца пытаннем: а як гэта было раней?

хітрунк

Сапраўдным падарункам для школьнікаў стала сустрэча пад назвай «Аўтар за кадрам» з лідскім фотамастаком і паэтам Уладзімірам Сяргеевічам Янцэвічам.

Лідскі фотамастак у выставачным пакоі арганізаваў для юных наведвальнікаў музея прагляд слайдаў на тэму малой радзімы, дякуючы якім вучні змаглі дазнацца пра гісторыю ўзнікнення фотаздымкаў, якія, між іншым, былі зроблены на тэрыторыі Ліды і за яе межамі. Пад ціхую лірычную мелодыю і аўтарскае чытанне вершаў, якія былі ўласна напісаны лідскім паэтам, вучні акунуліся ў свет прыроды і здзейснілі падарожжа па ўсіх порах года, якія і былі прадстаўлены на слайдах фотамастака.  Усё гэта нагадала дзецям казку «Дванаццаць месяцаў»: снежныя гурбы, іскрысты іней, хуткі ручай, пралескі, прыгожыя птушкі і кветкі, рознакаляровая лісце дрэў….

З задавальненнем Уладзімір Сяргеевіч адказаў і на пытаннні вучняў. Таксама ўсе дазналіся і аб тым, што госць сустрэчы — аўтар фотапаштовак і фотакарцін, з якімі знаёмы многія лідчане.

дзецік

Хочацца падзякаваць Уладзіміру Сяргеевічу Янцэвічу і куратару мерапрыемства Алесю Часлававічу Хітруну за цікавую і пазнавальную сустрэчу пад таямнічай назвай «Аўтар за кадрам». Гэтыя кадры мы, вучні сярэдняй школы № 11, раім убачыць усім жыхарам і гасцям нашага горада. Фотавыстава «Жыццё ў кадры» і сустрэча пад назвай «Аўтар за кадрам» чакаюць вас!»

Наталля Анашкевіч,

настаўніца СШ № 11 г. Ліды.

Каб не забыліся пра Чараўкі

Панядзелак, Снежань 2, 2019 0

Недалёка ад г. Ліды ў амаль зніклай вёсачцы Чараўкі адраджаецца жыццё высілкамі вядомага трэнера па боксу Аляксандра Іва-навіча Памахі.

Год таму назад, падчас беларускага свята Дзяды, Аляксандр Іванавіч прыбраў і прывёў у належны стан вясковыя могілкі, дзе разам з іншымі вяскоўцамі пахаваны і ягоныя бацькі.

У гэтым годзе таксама ў святочную пару Дзядоў, спадар Аляксандр усталяваў прыгожы каменны знак, які выканаў мастак Максім Рунец, пра тое, што тут ёсць жыццё, што тут жылі і будуць жыць людзі, покуль існуе памяць, павага, любоў і пашана да таго месца дзе бацькоўскі кут — родны кут. І хочацца верыць, што як ляжаць тут праз стагоддзі гэтаму каменю, так праз стагоддзі стаяць і вёсцы Чараўкі, што яна ніколі да канца не абязлюдзее, што выжыве.

Алег Лазоўскі.

“Паланэз” зайграў на Лідчыне

Панядзелак, Снежань 2, 2019 0

Слонімскія літаратары Сяргей Чыгрын, Мікола Канановіч, Святлана Адамовіч і Надзея Салейка наведалі Лідчыну. Іх запрасілі на сустрэчу з чытачамі ў Беліцкую сярэднюю школу і ў літаратурна-музычны салон «Над Лідзейкай» Лідскага замка.

У школе ў Беліцы слонімскія літаратары прачыталі свае творы, правялі конкурс сярод вучняў 6-7 класаў, прысвечаны беларускай літаратуры. Пераможцы конкурсу атрымалі ад гасцей падарункі. А паэтка, спявачка і мастачка Надзея Салейка праспявала таксама вядомыя песні ў перакладзе на беларускую мову.

дзецікканановічксветакнадзеяк

Пасля сустрэчы ў Беліцы слонімцы наведалі Ліду, дзе выступілі ў канферэнц-зале Лідскага замка. Сустрэча адбылася пад агульнай назвай «Паланэз над Шчарай». Пра сустрэчу супрацоўнік музея Валянціна Таўлая Алесь Хітрун сказаў наступнае:

— Трэба зазначыць, што ў Слоніме 1 верасня бягучага года прайшло чарговае рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства і друку. А, дзякуючы гісторыі беларускай літаратуры, вядома, што Слонім мае літаратурныя сувязі з Лідчынай: Валянцін Таўлай пакінуў важкі след у беларускім горадзе над Шчарай.

Менавіта Алесь Хітрун і распачаў гэту сустрэчу ў Лідскім замку. Згодна з канцэпцыяй правядзення дадзеных сустрэч, для лідзян — прыхільнікаў прыгожага беларускага пісьменства — былі зачытаны добрыя вершы з вуснаў Сяргея Чыгрына, Міколы Канановіча, Святланы Адамовіч. Аздабленнем праграмы на гэты раз стала і музычнае выкананне, якое было агучана Надзеяй Салейка.

хітрункдвоек

А паралельна ішла нязмушаная прэзентацыя першага нумара слонімскага літаратурна-мастацкага альманаха “Паланэз”.

Сустрэча ўсім прысутным вельмі спадабалася. Нагадаем яшчэ, што госці па традыцыі адказалі на пытанні гледачоў-слухачоў, пакінулі дарчыя запісы-аўтографы ў кнізе водгукаў і паабяцалі яшчэ не раз прыехаць у беларускі прынёманскі горад Ліду.

Візіт слонімскіх літаратараў на Лідчыну праходзіў пры падтрымцы Лідскага гістарычна-мастацкага музея і Лідскай арганізацыі ТБМ.

Аксана Шпак,

Беларускае Радыё Рацыя,

Ліда. Фота аўтара.

Рэгіянальнае фальклорна-экалагічнае свята «Алена-Льняніца» адбылося ў Ганчарскім Доме культуры

Серада, Лістапад 13, 2019 0

Пытанні экалогіі і пытанні захавання адвечнай культуры стаяць побач. Нягледзячы на тое, што прыродныя рэсурсы ў Беларусі, асабліва, што тычыцца тэхнічных раслін, былі моцна абмежаваныя, беларусы вельмі эфектыўна іх выкарыстоўвалі і забяспечвалі ўсе свае патрэбы. Беларусы выкарыстоўвалі дзве асноўныя расліны для атрымання валакна: лён і каноплі. Тое, што валакно можна атры-моўваць з крапівы, паспяхова забыліся. Раслінны алей у Беларусі таксама быў у асноўным ільняны. Сланечнікавы алей у Заходнюю Беларусь прыйшоў разам з калгасамі, і да яго вельмі доўга і неахвотна прывыкалі.

Лён апрацоўвалі ўручную яшчэ ў 60-я гады. Сям-там ткалі яшчэ і ў 70-я. Вяроўкі вілі і ў 80-я, ды і цяпер, каб было з чаго, то шмат хто ўмее. Таму традыцыя апрацоўкі лёну, хоць і сягае ў стагоддзі, але яшчэ абсалютна жывая. А зараз, калі чалавецтва стала перад праблемай пластыку, беларусам не трэба хадзіць далёка. Льняная торбачка паспяхова заменіць той самы апальны пластыкавы пакет.

з косамі

27 кастрычніка ўдзельніц з Карэліцкага, Воранаўскага, Іўеўскага, Лідскага раёнаў сабраў пад дахам Ганчарскага Дома культуры рэгіянальны фальклорна-экалагічны  конкурс «Алена-Льняніца». Канкурсанткі спаборнічалі ў 6 відах: «Давайце пазнаёмімся «(візітоўка), «Дзяўчына без касы не мае красы» (пляценне касы з ільну), «Льняная асалода» (прыгатаванне страў з ільну, хатняе заданне), «Лён — кашуля ў полі» (касцюм з ільну, хатняе заданне), «Церці лён — ляціць кастрыца» (трэнне ільну), «Свет захапленняў» (уласнае хобі, хатняе заданне).

труцьквымаек

У выніку карону «Алена-Льняніца» атрымала Дзіяна Валацко з г. Бярозаўкі. Наталля Жук з Карэліцкага раёна атрымала тытул «Алена-прыязнасць», Антаніна Мілько з г.п. Воранава атрымала тытул «Алена-дбайнасць», Юзэфа Старасціна з Іўеўскага р-на — тытул «Алена-спрытнасць», а Алена Рудзінская з аграгарадка Ганчары Лідскага раёна атрымала тытул «Алена-гаспадынька».

Настрой на свяце ствараў тытулаваны ўзорны танцавальны калектыў «Крышталікі» і фальклорны дзіцячы гурт «Крынічка» Бярозаўскага Дома культуры.

крышталікік

Безумоўна, на наступны год трэба прыцягваць і мужчын, скажам, конкурс на віццё вяроўкі на час можа вельмі ўпрыгожыць усё свята. І крытэры выпрацаваць зусім не цяжка, абы ахвота была.

Тэма змагання за экалогію праз каультуру блізкая многім структурам. Так конкурс «Алена-Льняніца» падтрымалі і Лідскі аддзел культуры, і Карэліцкі льнозавод, і газета “Наша слова” і іншыя.

Наш кар.

Сцежкамі малой радзімы

Нядзеля, Лістапад 10, 2019 0

Як некалі ў Савецкім Саюзе чацвер быў рыбным днём, так сёлета на Лідчыне аўторак запрэтэндаваў на тое, каб стаць днём літаратурым. Раней усе літаратурныя імпрэзы адбываліся, як правіла, у сераду, але зараз па серадах кожны тыдзень праходзяць курсы “Мова нанова”, раз на месяц у сераду адбываюцца паседжанні літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, таму трэба было змясціцца на чацвер ці аўторак. Выбралі аўторак.

У аўторак, 22 кастрычніка, Лідчыну наведалі адзін з найлепшых паэтаў Беларусі Міхась Скобла і знакамітая спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава.

Традыцыяй Лідчыны ёсць выступленні ў сельскіх школах Лідскага раёна. На гэты раз госці наведалі школу в. Дворышча. Тут да іх далучыўся тутэйшы краязнавец 78-гадовы Віктар Іванавіч Кудла.

У актавай зале сабралася ўся школа, таму і тэматыка выступаў, якія ўмоўна ўкладваліся ў праграму “Сцежкі малой радзімы”, была адпаведнай: пра тое, як грыбы на вайну збіраліся, пра нашыя рэкі і інш. Гучалі песні “Трэба дома бываць часцей”, “Мой родны кут”  і г.д.

танякіміхаські

Віктар Кудла зрабіў невялікі экскурс у мінулае Дворышча, нагадаў, што ў наступным годзе населенаму пункту будзе 500 гадоў і што гэтую дату ніяк нельга прапусціць, а яшчэ пра непачаты край краязнаўчых росшукаў, якія  могуць правесці ў тым ліку і вучні школы.

дворкікудлакі

А тое, што ў Дворышчы гісторыя не замерла ў мёртвых руінах, відно адразу ад павароту. Тут літаральна сёлета прыведзены ў парадак месца былой капліцы і старыя могілкі. А стары вадзяны млын стаў сапраўдным музеем. Менавіта тут сёлета разгорнута першая ў Беларусі экспазіцыя, прысвечаная паўстанню 1863 года на Лідчыне.

 

Другая сустрэча адбылася ў Лідскім політэхнічным ліцэі. Гэта таксама стала ўжо добрай традыцыяй штогод наведваць гэты ліцэй з літаратурнымі імпрэзамі. Будучыя будаўнікі, аўтаслесары не мусяць быць адарванымі ад беларускай культуры і літаратуры. Навучэнцы ліцэя актыўна ўдзельнічаюць у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, тут здымаюцца ролікі па беларускіх творах. Адпаведна і тэматыка выступаў тут была больш “дарослай”. Але тое, што дома трэба бываць часцей, гучала і тут і было асабліва блізкім аднаму навучэнцу — нядаўняму выпускніку той самай Дварышчанскай школы.

скоблакіліцэйкі

У імпрэзах бралі ўдзел намеснік старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Сяргей Трафімчык і старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

Яраслаў Грынкевіч.  

Пілігрымка нясвіжскага ТБМ у Сейлавічы

Аўторак, Кастрычнік 8, 2019 0

29 верасня сябры ТБМ, і не толькі, у асноўным з Нясвіжскага раёна (Нясвіж, Карцэвічы, Гарадзея, Навасёлкі), а і з Менска (старшыня ТБМ Алена Анісім) наведалі вёску Сейлавічы Нясвіжскага раёна, дзе ўзялі ўдзел у прэзентацыі кніжкі Станіслава Судніка “Пілігрымка дадому”. “Пілігрымка…” выйшла год назад, паспяхова разышлася, прайшла прэзентацыя ў Лідзе, а вось нясвіжскія ўлады неяк пра тое не парупіліся. Таму грамадскасць вырашыла зрабіць гэта сама і так, як гэта бывала ў Вялікім Княстве.

пілігрымкак

Уся дзея адбывалася ў сейлавіцкім касцёле, на радзіме аўтара. Спачатку ксёндз Пётр з Нясвіжа адслужыў імшу за здароўе аўтара  і павіншаваў яго з 65-годдзем. А пасля старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса распачала саму прэзентацыю, якая перамяжалася з віншаваннямі.

ксёндзклюдзіккалтарнаташаканісімкпрамовак

“Пілігрымка дадому” — кніжка пра гэтую вёску, гэты касцёл, гэтую каплічку, гэтую цудадзейную фігурку Езуса Хрыстуса, якая не пакідае Сейлавічы з часоў уніі, перажыла ўсе войны і ўсе ўлады і стаіць сабе ў каплічцы, пра гэтых людзей. На прэзентацыі прысутнічалі і фактычна  галоўная гераіня кніжкі Гелена Міхайлаўна Кувалдзін, і Ян Мысліцкі — сын згаданага ў кніжцы самадзейнага мастака Юзафа Мысліцкага, і кіраўнік Польскага дома з Нясвіжа Часлава Суднік, і саслужывец С. Судніка ў Казахстане Мікола Усовіч, і, галоўнае, тутэйшыя парафіяне з Сейлавіч, Затур’і і інш., для якіх гэтая кніжачка і пісалася.

касцёлкапліцафігуркак

Многія з гасцей былі ў Сейлавічах упершыню і адкрылі для сябе цэлы новы свет. Сейлавічы стаяць каля дрыговіцкіх курганоў 11-13 стагоддзя, за тры кіламетры вёска Кунаса носіць імя ўнука ці праўнука легендарнага Палямона, а алтарык Езуса Хрыстуса ў каплічцы аздоблены яцвяжскім арнаментам…

І навошта тыя ідэолагі з іхнімі дазволамі, бібліятэкамі і клубамі. Пішыце добрыя і справядлівыя кнігі, прэзентуйце іх у цэрквах і касцёлах, перад сваімі людзьмі, пішыце так, каб увесь касцёл на словы ксендза: “Молімся за такога і такога паэта”, — адказваў: “Выслухай нас, Пане”. І тады і літаратура будзе лепшай, і лепшым будзе народ.

Няхай будзе так.

Выслухай нас, Пане!

Яраслаў Грынкевіч.

Фота Валерыя Дранчука і Марыны Секержыцкай.   

Літаратурная сустрэча на Румянцава, 13 да 30-годдзя ТБМ

Аўторак, Кастрычнік 8, 2019 0

У аўторак, 24 верасня, у сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 прайшла творчая сустрэча з актыўным грамадскім дзеячом Ліды і сябрам ТБМ, пісьменнікам, рэдактарам газеты ТБМ «Наша слова» Станіславам Суднікам з нагоды 30-годдзя ТБМ, у якім сп. Станіслаў з моманту заснавання, а ўжо на 2-м з’ездзе ТБМ быў абраны ў Раду ТБМ, у якой і да гэтага часу.

На сустрэчу сабраліся ў асноўным сябры і прыхільнікі “Нашага слова”, якія больш ведалі С. Судніка, як рэдактара, а цяпер пазнаёміліся з Суднікам-паэтам.

залак

Сп. Станіслаў распавядаў цікавыя гісторыі з жыцця і вайсковай службы, прычым усё гэта суправаджалася жывым бардаўскім выкананне песень на яго словы  і чытаннем вершаў, а таксама гавэнды “Плач шляхцянкі”.

Песні гучалі ў выкананні вядомамага па ўсёй Беларусі барда Сяржука Чарняка, а таксама ў запісе ў выкананні гурта “Гудскі гармонік”.

чарнякк

Былі паказаны некалькі відэаролікаў, знятых па кнігах і вершах Станіслава Судніка ў навучальных установах горада Ліды.

Прагучала ўсяго 10 песень, але найбольш кранула прысутных апошняя — “Бацькава хата”:

Я многа па свеце бадзяўся,

І цвёрда ішоў, і  хістаўся,

Бываў на гары і на дне,

Ды помніў зацята,

Што бацькава хата

Чакае без стомы мяне.

 

Я поўз праз густую завею,

Я траціў на поспех надзею,

Блукаў па бясконцай вайне,

Ды верыў заўзята,

Што мама і тата

Сустрэнуць з дарогі мяне…

 

Нажаль, на сёння поўны тэкст песні апубліка-ваць нельга.

У сустрэчы бралі ўдзел старшыня ТБМ Алена Анісім і Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Менскі час дарагі, паказаць усю праграму не ўдалося, таму яна будзе паўторана ў Лідзе, а, магчыма і яшчэ недзе.

Яраслаў Грынкевіч.

Шлях Ліды да помніка Гедыміну

Пятніца, Верасень 20, 2019 0

Ідэя паставіць у Лідзе помнік заснавальніку горада вялікаму князю Гедыміну ўзнікла адразу пасля паспяховай пастаноўкі помніка Францішку Скарыну ў 1993 годзе. Горад паверыў, што гэта можна зрабіць.

Першым адгукнуўся на ідэю лідскі скульптар Вадзім Вераб’ёў. Яго дыпломная праца “Заснавальнік горада Ліды вялікі князь Гедымін” была створана ў 2001 годзе і захоўваецца ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

gedymin

У 2004 годзе адбыўся “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці і ўлады. Грамадскасць прадстаўлялі старшыня лідскіх арганізацый ТБМ і БНФ Станіслаў Суднік і старшыня Таварыства польскай культуры Аляксандр Колышка. Уладу прадстаўляла адміністрацыя новага старшыні Лідскага райвыканкама Андрэя Паўлавіча Худыка. Менавіта тут была ўпершыню высунута ідэя пастаноўкі коннага помніка. Гэта быў смелы замах, бо ніводнага коннага помніка ў Беларусі яшчэ не было. Дзеля рэалізацыі ідэі вырашылі падключаць шырокую Беларусь. Да справы далучыўся менскі клуб “Спадчына” і перш за ўсё яго кіраўнік с.п. Анатоль Белы. Па замове А. Белага ўжо ў тым жа 2004 годзе карціну “Вялікі князь Гедзімін ля сцен Лідскага замка” стварыў Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў.

шчамялёўк

У 2005 годзе па ініцыятыве А. Белага сувенірную скульптуру “Вялікі князь Гедымін” стварыў менскі скульптар Аляксандр Лышчык. Макет скульптуры быў прадстаўлены старшыні Лідскага райвыканкама А. П. Худыку. Андрэй Паўлавіч скульптуру адобрыў і замовіў бронзавы варыянт. Выканкам за немалыя грошы выкупіў тую бронзавую фігуру. Яе ўжо можна было шырока паказваць, калі гаворка на розных узроўнях заходзіла пра помнік. Бронзавы Гедымін перамяшчаўся то ў музей, то ў выканкам.

лышчык

Была надзея паставіць помнік малой кроўю, без рэспубліканскага конкурсу, але справа латва не пайшла, а горад перакінуўся на аднаўленне замка. У 2005 годзе прайшоў першы рыцарскі турнір, ажыла вежа Вітаўта, а ў 2010 годзе была адноўлена вежа Гедыміна, унутраныя работы працягваліся тут аж да 7 верасня 2019 года, а, магчыма, і яшчэ не скончаны, хоць у вежы нарэшце адкрылася выстава.

Недзе ў 2012 годзе горад ізноў вярнуўся да ідэі коннага помніка. Неўзабаве было прынята рашэнне выканкама аб устаноўцы помніка.

У 2013 годзе лідскі мастак і скульптар Рычард Груша стварыў яшчэ адзін макет будучага помніка і завёз нават вялізны мармуровы блок. Але справа ізноў заціхла, і блок парэзалі на надмагільныя помнікі.

гедзімін

І вось надышла пара для чарговай спробы. На гэты раз пайшлі па вялікім коле з рэспубліканскім конкурсам, усімі дазволамі і ўзгадненнямі. Павольнае і планамернае пасоўванне справы аказалася больш паспяховым.

У кастрычніку 2017 года Лідскі райвыканкам (старшыня М.К. Карповіч) абвясціў конкурс на найлепшы эскіз скульптуры «Заснавальнік Лідскага замка князь Гедымін». Удзельнічалі 28 работ. У лютым 2018-га пасля падліку галасоў перамог эскіз скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава.

Вольга Нячай — мастачка, скульптарка, дызайнерка, магістарка мастацтвазнаўства. Працуе ў галіне манументальнай скульптуры, анімалістыкі, дробнай пластыкі, дэкаратыўнага мастацтва, жывапісу і дызайну. У сваёй творчасці апявае прыгажосць коней. Нарадзілася ў Менску ў 1985 годзе.

Сяргей Аганаў — мастак, скульптар. Працуе ў жанры традыцыйнай скульптуры з выкарыстаннем керамікі, бронзы, каменю, дрэва. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1974 годзе. Сярод яго самых вядомых работ — скульптура «Войт» у Менску, прысвечаная атрыманню горадам Магдэбургскага права, скульптура княгіні Анастасіі Слуцкай у Слуцку, помнік Давыду Гарадзенскаму ў Гародні.

У ліпені 2018-га эскіз помніка князю Гедыміну прайшоў усе этапы ўзгадненняў: і ў Адміністрацыі прэзідэнта, і на пасяджэнні Рэспубліканскай мастацка-манументальнай рады.

У верасні 2018-га Сяргей Аганаў і Вольга Нячай пачалі выраб дэталёвай рабочай мадэлі помніка ў маштабе 1:4. На аснове гэтай мадэлі скульптурны камбінат адліваў бронзавы помнік.

гедымінк

Пастамент для помніка распрацаваў знакамiты беларускi архiтэктар Сяргей Багласаў, а кансультантам па гістарычнай дакладнасці і адпаведнасці ўсіх элементаў помніка стаў Мікалай Плавінскі.

Помнік усталёўвалі на грошы лідскага прадпрыемства «Белтэкс оптык», пра што сведчыць таблічка на тыльным баку пастамента.

шэсцекIMG_4583гед2кгед1кдронк

Помнік Гедыміну ў Лідзе — вынік удалага спалучэння грамадскай ініцыятывы, адміністрацыйнага патэнцыялу, прыватнага капіталу і ўсеагульнай падтрымкі жыхароў горада. Усё разам гэта называецца “мясцовым патрыятызмам”, а можна і без слова “мясцовы” — проста “патрыятызмам”.

Яраслаў Грынкевіч.

Бог! Гонар! Айчына!

Панядзелак, Жнівень 12, 2019 0

Гэтым слоганам вітала праваслаўнае паселішча «Шляхам Ефрасінні Полацкай» усіх ахвочых адпачыць — дзяцей і іх бацькоў — з розных мястэчак Лідчыны. Духоўнікам паселішча запрасілі айца Аляксея Глінскага з прыходу Хрыста Збаўцы.

Берагі слыннага Нёмана, магутныя векавыя дубы-веліканы сустрэлі дарослых і дзяцей ва ўсёй сваёй прыгажосці.

Адкрыццё паселішча адбылося 24 ліпеня святочным канцэртам. На канцэрце гучала наша народная песня «Купалінка» ў выкананні музычнага кіраўніка Аляксандры Рубан. Дзеці падрыхтавалі танцавальныя, песенныя, гумарыстычныя нумары — і свята адпачынку распачалося!

Кожны дзень быў напоўнены новымі прыгодамі і таямніцамі. Выхавацелі Валянціна Грышкевіч, Алена Салаўёва, Наталля Тананушка, Маскалёвы Таццяна і Ігар зладзілі разам з дзецьмі і дарослымі сапраўдную археалагічную экспедыцыю. Раскопкі вяліся зранку, а ўдзень і ўвечары адбываліся гульні, імпрэзы і спаборніцтвы. Асабліва запомнілася ўсім «Вечарына для ног», якая адбылася пасля раскопкі «адбітка нагі старажытнага чалавека». Давялося нават асвоіць жывапіс нагамі ў адным з конкурсаў! Дарэчы, перамагла каманда дарослых!

1

За бяспекай і фізічным здароўем дзяцей сачыў кіраўнік фізічнага выхавання спадар Раман Маляўскі. Кожны сонечны дзень арганізоўвалася зарадка з бегам па лясных сцяжынах Панямоння, купанні ў Нёмане.

А якія ж смачныя бела-рускія стравы гатавала палявая кухня начале з шэф-поварам матушкай Вольгай. Ёй дапамагалі спадарыня Лідзія Смокат, Валянціна Улас. Цяжкую працу на кухні выконвалі спадары Сяргей Трафімчык і Сяргей Сідарэнка.

Духоўнік айцец Аляксей запрасіў дзяцей і дарослых паселішча ў нядзелю ў пешы паход да вёскі Дзям’янаўцы на нядзельную службу ў царкву прападобнага Сергія. На службу завіталі і мясцовыя жыхары, якія з захапленнем слухалі спевы ў выкананні матушкі Вольгі, а таксама Кацярыны Рубан, Валянціны Грышкевіч.

Дзень за днём паселішча наведвалі госці. Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава ладзіла сапраўдныя народныя танцы і спявала з дзецьмі песні на роднай мове. Бард, паэт Віктар Шалкевіч завітаў таксама з песнямі пад гітару. Вядовец бясплатных курсаў «Мова нанова ў Лідзе» спадар Алег Лазоўскі і спадарыня Марыя Ганчар правялі занятак па тэме «Сваякі», ладзілі народныя  рухомыя гульні з падарункамі для самых актыўных удзельнікаў. Лідскі бард Сяргей Чарняк разам з акцёрамі прывёз на паселішча батлейку з сядзібы «Гасціна» са спектаклем «Чарнакніжнік», які з захапленнем сустрэлі апладысментамі і дзеці, і дарослыя.  Завітаў да дзяцей у паселішча і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Асабліва хацелася б адзначыць, што дзеці размаўлялі з уладыкам і задавалі яму пытанні толькі па-беларуску!!!

Асабліва запомніцца ўсім «жыхарам» праваслаўнага паселішча той дзень, калі ў госці завіталі рыцары з Лідскага клуба «Дайнава». Дзеці пачулі гісторыі рыцарскіх эпох, змаглі ўбачыць і нават прымераць даспехі, патрымаць у руках рыцарскую зброю. І скончыўся той дзень інсцэнізацыяй  аднаго са значных гістарычных момантаў гісторыі Беларусі — «Грунвальдскай бітвы». Дзеці падзяліліся на дзве каманды: «Крыжакі» і «Ліцвіны», спаборнічалі ў моцы, спрыце і хуткасці.  Цяжка было суддзям вырашыць, хто ж найлепей прызнаецца ў каханні даме свайго сэрца: «Вітаўт» ці «Ульрых фон Юнгінген», у якіх пераапрануліся галоўнакамандуючыя варожых бакоў. Але гісторыю немагчыма перапісаць! Канешне, атрымалі перамогу «Ліцвіны». Асабліва задаволенымі ад такіх спабортніцтваў засталіся хлопчыкі!

3танецк

У дзень закрыцця ў госці да жыхароў паселішча завітаў спадар Зміцер Бартосік са сваёй сям’ёй. Заспявалі этнічныя песні пад жывую музыку ля вогнішча, вакол якога гучала ўвесь вечар дзіцячая беларуская гутарка! А дзеці і дарослыя атрымалі ў падарунак майкі з эмблемай праваслаўнага паселішча.

Упэўнена, у наступным годзе і дзеці, і дарослыя будуць чакаць новай сустрэчы на беразе Нёмана. Ізноў загучыць родная мова на абшарах Панямоння з вуснаў маленькіх беларусаў, ізноў разляціцца ў  паветры гучна і з любоўю духоўны гімн беларусаў «Магутны Божа»…

Наталля Тананушка.